Беларусь вывучаюць і ў Японіі, і ў Бельгіі
Злева - Бельгія, а справа - Японія
Больш за 300 навукоўцаў-беларусістаў з 14-і краін свету прыехалі на Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Літве 28-30 верасня. Мерапрыемства лічыцца галоўнай акадэмічнай падзеяй года і праводзіцца другі раз.– Прашу прабачэння за тое, што мы тут, у дзікай Жамойціі, не можам дасканала выказваць свае думкі на беларускай мове – дзяржаўнай мове Вялікага Княства Літоўскага, – з усмешкай адкрыў кангрэс доктар гісторыі з Універсітэта Вітаўта Вялікага Русціс Камунтавічус (Коўна). Беларуская частка аўдыторыі сустрэла гэтыя словы воплескамі.
Сёлета кангрэс прайшоў пад дэвізам “Паварот да Беларусі”.
– Гэта значыць, што Беларусь мусіць быць упісаная ў рэгіянальны кантэкст, – зазначыў адзін з галоўных арганізатараў, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч (Беларусь). – Толькі так яе можна параўнаць з іншымі краінамі, і перадусім з краінамі-суседзямі. Каб зразумець, чым мы падобныя да іх, а чым адрозніваемся.
Як паказала мерапрыемства, Беларуссю цікавяцца не толькі даследчыкі з нашай краіны і суседніх дзяржаў. Цікава было пачуць, як паляк і англічанін размаўляюць паміж сабой па-беларуску. На канферэнцыю завіталі навукоўцы з Бельгіі, Францыі, Фінляндыі і нават Японіі. Даследчык Макота Хаясака распрацаваў тэму дзейнасці Браніслава Тарашкевіча ў кантэксце Далёкага Усходу.
Увагу прыцягнулі знакамітыя ўдзельнікі: беларускі сацыёлаг Аляксей Ластоўскі, славіст з Вялікабрытаніі Арнольд МакМілін, рускі гісторык Аляксей Мілер.
У некаторых беларускіх СМІ скандальна прагучала навіна пра тое, што падчас аднаго з выступленняў ад абурэння аўдыторыю пакінуў маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. Пасля ж высветлілася, што даследчык проста... захацеў паесці, бо стаміўся пасля дарогі.
Кангрэс прайшоў у актыўных дыскусіях. Упершыню падымаліся тэмы гендэрнай палітыкі ў Беларусі, гістарычнай урбаністыкі, тэалогіі і беларускага кіно.
Гутаркі з удзельнікамі кангрэсу чытайце ў наступных нумарах “РГ”.
Аляксандра ПАРАХНЯ.