З Мінска ў Вільнюс - хутчэй і часцей
06.10.2012 11:18
—
Новости Общества
З Мінска ў Вільнюс - хутчэй і часцей
Даехаць на цягніку з беларускай сталіцы ў літоўскую і вярнуцца назад можна будзе хутчэй, чым зараз — у 2013 годзе запланавана скарачэнне часу руху цягніка паміж Мінскам і Вільнюсам на 30 хвілін. Гэтае пытанне абмеркавалі начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір МАРОЗАЎ і генеральны дырэктар АТ "Літоўская чыгунка" Стасіс ДАЙЛІДКА падчас сустрэчы, якая прайшла ў рамках правядзення VІ Беларускага транспартна-лагістычнага форуму.
Нагадаем, што Беларуская чыгунка сумесна з літоўскімі калегамі ажыццяўляе рэалізацыю праекта па павышэнні хуткасцяў у пасажырскіх чыгуначных зносінах паміж Мінскам і Вільнюсам. Падчас першага этапу летась час руху пасажырскіх цягнікоў паміж імі быў скарочаны з 4 да 3 гадзін. А ў ходзе рэалізацыі другога этапу праекта плануецца з 1 чэрвеня 2013 года скараціць час яшчэ на 30 хвілін — да 2,5 гадзіны. Прычым Беларуская чыгунка скароціць час на 23 хвіліны, а літоўская — на 7. Гэта стане магчымым за кошт уводу ў эксплуатацыю сучасных дызель-цягнікоў на парытэтных умовах, мадэрнізацыі чыгуначнай інфраструктуры, скарачэння часу на правядзенне памежнага і мытнага кантролю і змянення тэхналогіі іх правядзення. Падрабязнасці расказаў "Звяздзе" Валерый СТРАМУК, намеснік начальніка Беларускай чыгункі:
— Папярэдне праглядаецца такі варыянт: літоўскі бок у Вільнюсе арганізуе памежны і мытны агляд, які будзе па варыянце самалётнага. А мы прапрацоўваем з нашымі органамі агляд на ўчастку Гудагай-Маладзечна падчас руху цягніка. А ў далейшым Беларуская чыгунка разглядае і варыянт накшталт літоўскага — каб агляд праводзіць на станцыі Мінск-Пасажырскі.
Што тычыцца закупкі новага рухомага саставу, то зараз Беларуская чыгунка разглядае магчымасць выкарыстання дызель-цягнікоў вытворчасці ААТ "Белкамунмаш" сумесна з польскай кампаніяй АТ "РЕSА Bуdgоszсz SА" у трохсекцыйным выкананні. У перспектыве плануецца зрабіць і электрыфікацыю чыгункі на ўчастках Маладзечна — Гудагай — дзяржаўная мяжа — Кяна — Новая Вільня. Як адзначылі ў Беларускай чыгунцы, на сёння праект "Электрыфікацыя ўчастка Маладзечна — Гудагай — дзяржмяжа" падрыхтаваны і зараз праводзіцца яго дзяржаўная экспертыза.
— Калі будзе поўнасцю праведзена электрыфікацыя і зроблена інфраструктура, то час руху цягніка можам скараціць і да дзвюх гадзін, — перакананы Стасіс Дайлідка.
Па яго ацэнках, літоўскаму боку электрыфікацыя будзе каштаваць каля 20 млн еўра, а новыя цягнікі — яшчэ 30-40 млн еўра. Таксама, па яго словах, плануецца павялічыць і колькасць рэйсаў паміж Мінскам і Вільнюсам: калі сёння цягнік ідзе раніцай, а вяртаецца вечарам, то ў хуткім часе ён будзе ісці туды і адразу ж вяртацца назад. Генеральны дырэктар АТ "Літоўская чыгунка" адзначыў, што бачыць вялікі патэнцыял у далейшым развіцці і ўдасканаленні пасажырскага чыгуначнага руху паміж сталіцамі дзвюх дзяржаў:
— Аўтамабільным транспартам ехаць у гэтым кірунку больш складана: на мяжы ў пунктах пропуску чэргі, а калі пачне дзейнічаць бязвізавы рэжым на 50 км, то яны і яшчэ павялічацца. Таму чыгункай ехаць прасцей, у тым ліку і па мытных працэдурах: хутчэй і больш бяспечна.
Па інфармацыі Беларускай чыгункі, сёлета за 8 месяцаў паміж Вільнюсам і Мінскам было перавезена 180 тысяч пасажыраў, што на 52,2% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прычым цягнікамі №15/16 і № 37/38 перавезена 164,4 тысячы пасажыраў, з якіх 119,4 тысячы прыпадае на цягніковую пару №15/16 Мінск — Вільнюс, што сведчыць пра дамінаванне прамога беларускага пасажырапатоку.