Ген жыцця

Источник материала:  

Працяг. Пачатак у нумарах  за 29 верасня,  2, 3 і 4  кастрычніка.

4. Уладзімір Караткевіч і выратаванне Верхняга горада

* * *

У 1978 годзе я раптам атрымоўваю ліст ад адказнага сакратара Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры Яна Скрыгана, у якім паведамлялася, што Саўмін Рэспублікі ўвёў мяне ў склад гэтага Камітэта. Даволі нечакана для яшчэ маладога чалавека, які толькі набірае вядомасць і аўтарытэт…

Падчас першага ж абмеркавання атрымаўся пэўны канфлікт паміж даўнейшымі членамі Камітэта і «новаспечанымі». Мы ўбачылі, што ў Камітэце існуе нешта накшталт чаргі і ўжо ёсць цвёрдыя кандыдатуры, адкладзеныя ад папярэдняга прысуджэння прэміі. Мы, новыя, намерыліся парушыць гэтую традыцыю. Спрэчкі былі гарачыя, аргументаў хапала ва ўсіх. Пятрусь Броўка не вытрымаў і, устаўшы, заявіў: «Прыйшлі тут маладыя і нам ваду муцяць»…

На пленарных пасяджэннях хапала самых розных сутычак, спрэчак, падводных плыняў і супрацьстаяння. Самым запамінальным момантам была барацьба за Уладзіміра Караткевіча. Прысутнічаў на тым пасяджэнні Іван Антановіч (прадстаўнік ЦК), які са скуры вылузваўся, каб перакрыць дарогу У. Караткевічу і правесці кандыдатуру Барыса Сачанкі. Як памятаю, Н. Гілевіч, А. Анікейчык і я сядзелі не за агульным доўгім сталом у зале пасяджэнняў Саюза пісьменнікаў, а збоку, на крэслах. Мы горача падтрымлівалі У. Караткевіча. На прапанову перанесці разгляд кандыдатуры У. Караткевіча на наступнае пасяджэнне праз два гады, Н. Гілевіч адпарыраваў: «А раптам да гэтага часу У. Караткевіч не дажыве? Ён жа вельмі хворы». Тым не менш большасць членаў Камітэта, праявіўшы халуйства і нізкапаклонства перад прадстаўніком ЦК, прагаласавалі за Б. Сачанку.

А так урэшце і здарылася, што давялося кандыдатуру У. Караткевіча разглядваць праз два гады пасмяротна. Ніл Гілевіч тады кінуў папрок І.І. Антановічу: «Дык што, цяпер будзем толькі нябожчыкам даваць Дзяржаўныя прэміі?»

На гэты раз, сарамліва апусціўшы вочы, усе дружна прагаласавалі за У. Караткевіча, але яму цяпер было ўсё роўна. А як балюча ён перажываў у той год, калі яго адхілілі і выкраслілі! Невядома, але, можа, і гэта паўплывала на яго заўчасную смерць.

Раман «Чорны замак Альшанскі», за які ён у рэшце рэшт атрымаў прэмію, я ілюстраваў для часопіса «Неман», дзе ён друкаваўся. Раман зрабіў на мяне вялікае ўражанне, як і яго папярэднія творы, за кожны з якіх можна было смела даваць Дзяржаўную прэмію.

* * *

80-ыя гады былі, магчыма, пераломным перыядам у маім жыцці, перыядам самасцвярджэння як мастака, педагога і грамадзяніна. Азіраючыся назад, магу сказаць, што мае намаганні знайшлі станоўчы водгук у грамадстве. Мяне вылучаюць у розныя грамадзянскія фарміраванні, перавыбіраюць на новы пяцігадовы тэрмін загадчыкам кафедры графікі, на чарговым з’ездзе Саюза мастакоў абіраюць членам Праўлення і сакратаром СМ. Потым я стаў і старшынёй маладзёжнага аб’яднання пры СМ БССР, хаця і сам быў яшчэ далёка не стары…

У маладзёжнага аб’яднання было шмат паўсядзённых задач, як творчага, так і выхаваўчага, а таксама грамадскага характару. Лічу, што маладзёжнае аб’яднанне мастакоў адыграла важную, а магчыма, і рашаючую ролю ў захаванні Верхняга горада ў Мінску, і мне давялося быць у эпіцэнтры тых падзей.

Тагачасны галоўны архітэктар сталіцы Ю. Грыгор’еў падкінуў савецкім уладам ідэю аб зносе Верхняга горада цалкам, уключаючы і плошчу Свабоды, дзе павінны былі застацца з аднаго боку будынак кансерваторыі, а з другога — праваслаўны кафедральны сабор. На самой гары, дзе стаіць дом Ваньковічаў (вядома ж, і ён павінен згодна з тым планам быць знесены), Ю. Грыгор’еў планаваў узвесці па свайму праекту Палац Рэспублікі з падземным пераходам у будынак ЦК КПБ.


Актыўна выказваліся ў газетах пісьменнікі аб немэтазгоднасці і нават злачыннасці зносу Верхняга горада. Памятаю, добра выступіў у друку Максім Лужанін па гэтай праблеме. Мінск сапраўды шматкутны горад, ён быў амаль што цалкам разбураны ў вайну, а Нямігу да гэтага часу ўжо знеслі нашы «рупліўцы». Засталіся толькі Траецкае прадмесце ды Верхні горад. Напаўразбураныя будынкі, замест таго каб іх адрэстаўраваць, прапаноўвалі проста знесці. Саюз мастакоў сабраў пленум, каб даць адпаведны адпор Ю. Грыгор’еву, для чаго ён і быў запрошаны. Калі яму задалі пытанне, дзеля чаго ён імкнецца разбурыць Верхні горад, то атрымалі адмысловы адказ: «Каб раскрыць перспектыву». У зале пачуўся дружны рогат. Пераканаць Ю. Грыгор’ева з яго паплечнікамі не ўдалося.

Тым часам галоўны архітэктар наладзіў грамадскае абмеркаванне свайго праекта ў будынку Мінскпраекта і прызначыў час — 22 гадзіны. Зразумела, для чаго. Мы, я маю на ўвазе тых, хто быў неабыякавы да праблемы захавання спадчыны, выпадкова даведаліся пра такую падзею. Тэрмінова звязаліся з архітэктарамі, якія не падтрымлівалі Ю. Грыгор’ева, папрасілі, каб яны з прафесійнага боку разграмілі праект, а пра агульнаграма- дзянскую сутнасць гэтай задумы будуць гаварыць гісторыкі, пісьменнікі, мастакі…

22 гадзіны — у зале паўнюсенька незапрошаных гасцей, а запрошаным няма дзе сесці, можна толькі пастаяць у праходах, ды і то не ўсім. Тым не менш абмеркаванне пачалося, і ішло яно бурна. Праект Ю. Грыгор’ева быў рэзка раскрытыкаваны, ідэя зносу Верхняга горада цалкам зганьбавана. Помню прамову Уладзіміра Караткевіча, які гаварыў доўга, з болем у душы. Закончыў яе з’едлівымі словамі: «Калі вы ўжо ўсё разбурылі, што толькі магчыма і немагчыма, дык пакіньце нам хоць старыя споднікі». Сход закончыўся, здавалася б, поўным правалам ідэі і праекта Ю. Грыгор’ева і яго каманды, але дзе там. У верхніх эшалонах улады, ясная справа, было многа чыноўнікаў, якія падтрымлівалі ідэю зносу, што і давала магчымасць Ю. Грыгор’еву так нахабна сябе паводзіць.

Я склікаў сход маладзёжнага аб’яднання, да якога быў падрыхтаваны зварот у ЦК і Савет Міністраў. Зварот быў складзены пераканаўча і з гістарычнага, і з грамадзянскага боку. Абмеркаваўшы зварот, сход аднагалосна яго ўхваліў, а гэта 150 «штыкоў». Я ад імя сходу падпісаў зварот, і на наступны дзень ён быў накіраваны ў вышэйназваныя інстанцыі. Мы ўсе ведалі, што ЦК больш за ўсё баіцца калектыўных пісьмаў, а тут цэлае аб’яднанне! На наступны ж дзень пасля адпраўкі звароту мяне раніцай выклікалі да намесніка старшыні Саўміна Н.Л. Сняжковай. Вось гэта аператыўнасць! Прыйшоў, а там ужо сядзіць намеснік старшыні гарвыканкама Д. Жукоўскі і яшчэ нехта, не магу цяпер прыпомніць. Пасля кароткай размовы Ніна Лявонаўна загадала Д. Жукоўскаму стварыць пры гарвыканкаме камісію па разглядзе гэтага пытання.

Такая камісія была адразу створана, туды ўвайшлі архітэктары, мастакі, гісторыкі і прадстаўнікі чынавенства. Спрэчкі былі гарачыя, меркаванні розныя. Архітэктары адстойвалі свой пункт гледжання разам з Ю. Грыгор’евым, другі лагер быў супрацьлеглага меркавання. У цэнтры ўвагі былі дом Шменкеля, дзе планавалася пасля зносу паставіць новы будынак тэатра імя Я. Купалы, дом-сядзіба Ваньковічаў, дом масонаў, як гістарычна найбольш значныя збудаванні. Адзін з архітэктараў прапанаваў на новых будынках ставіць мемарыяльныя дошкі, на якіх і пазначаць, што тут раней стаяла. На што я заявіў: «Тады на гэтых дошках трэба ўказаць прозвішчы тых, па чыёй ініцыятыве будынак быў знесены, бо мы не хочам, каб нашы нашчадкі лічылі, што і мы маем дачыненне да гэтых зносаў». Я звярнуўся да А.Чантурыя: «Вось вы знеслі Нямігу, пралажылі там шашу, пабудавалі кафэшантанчыкі, а гэта ж быў цэлы пласт нашай гісторыі. Скажыце, а каб на гэтым месцы стаяў Парфенон, то таксама б знеслі?» «Так, знеслі б», — адказаў той. «Тады нам няма тут пра што весці гаворку», — адрэзаў я…

Барацьба працягвалася. Употай, нібы масонская ложа, у мяне дома збіраліся руплівыя барацьбіты за Верхні горад. Мы абмяркоўвалі характар нашых захадаў з мэтай адстаяць яго. Архітэктары і гісторыкі зрабілі план-рэканструкцыю Верхняга горада. Цудоўна ён выглядаў у колеры, у мяне ж захаваўся толькі чыста графічны варыянт, як і фатаграфія дома Ваньковічаў таго часу.

Узнікла думка сур’ёзна далучыць да гэтай праблемы У. Караткевіча і папрасіць яго, каб ён паспрабаваў сустрэцца з самім П.М. Машэравым. Толькі ён мог гэта зрабіць, астатніх жа, тады яшчэ «зялёных», ніхто да П.М. Машэрава не дапусціў бы.

Уладзімір Караткевіч зрабіў некалькі спроб дабрацца да Пятра Міронавіча, але памочнік знаходзіў безліч прычын, каб яго «адфутболіць». І кожны раз, калі ён ішоў у ЦК, мы неслі варту ў скверы каля тэатра імя Янкі Купалы, чакаючы вынікаў. Нарэшце У. Караткевіч, выпадкова сустрэўшы на вуліцы памочніка П.М. Машэрава, непадалёк ад таго самага тэатра, і быўшы на добрым падпітку, прыгразіў яму непрыемнымі наступствамі, калі ён заўтра або паслязаўтра не дапусціць яго да П. Машэрава.

І вось Уладзіміру Караткевічу была прызначана сустрэча на васямнаццаць гадзін. Мы, некалькі чалавек, сабраліся традыцыйна ў скверыку. Каля дзевятнадцаці гадзін У. Караткевіч з П.М. Машэравым некуды выехалі на машыне, і нам давялося іх чакаць аж да дваццаці трох гадзін, калі яны вярнуліся назад. Сустрэўшы У. Караткевіча, даведаліся падрабязнасці. Аказваецца, яны аб’ехалі ўвесь горад і наваколле. У. Караткевіч, які выдатна ведаў гісторыю Мінска і быў добрым расказчыкам, эмацыянальным і ўзрушаным, зацікавіў Пятра Міронавіча Машэрава, таксама чалавека эмацыянальнага, сваім аповедам, што і прывяло да станоўчых вынікаў. Пісьменніку ўдалося пераканаць П.М. Машэрава ў неабходнасці захаваць гістарычную спадчыну, і пытанне аб зносе было пахавана.

Успамінаючы той час павальных зносаў старых гістарычных будынкаў і цэлых кварталаў, жахаешся жудаснаму варварству, вартаму вандалаў, якія ў свой час разбурылі Рым.  Яскравым прыкладам гэтага варварства стала зруйнаванне ў 1962 годзе царквы ХІІ стагоддзя ў Віцебску, а такіх выпадкаў па Беларусі была процьма. Знесены цалкам або часткова шматлікія старадаўнія мястэчкі, амаль што няма старога Віцебска. Калі святкавалі 1000-годдзе гэтага горада, я, помню, сказаў, што, гледзячы на яго сёння, яму і пяцідзесяці гадоў нельга даць.

Потым, пабачыўшы адноўленую Варшаву, Вроцлаў у Польшчы, Мюнстэр у Германіі, іншыя разбураныя або напаўразбураныя вайной гарады Еўропы, заўсёды адчуваў крыўду ў душы за сваю краіну, за народ, які апынуўся ў палоне бяспамяцтва.

Тым не менш тое-сёе ўдавалася захаваць пад націскам грамадскай думкі. Прыклад таму — Верхні горад…

(Заканчэнне  будзе.)

←Спасибо рукам, что растят смену

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика