Беларускі школьнік - пераможца міжнародных алімпіяд - абраў Санкт-Пецярбургскую ВНУ

Источник материала:  
03.10.2012 09:48 — Новости Общества

Беларускі школьнік - пераможца міжнародных алімпіяд - абраў Санкт-Пецярбургскую ВНУ

           


Беларускі школьнік - пераможца міжнародных алімпіяд - абраў Санкт-Пецярбургскую ВНУ
Трохразовы абсалютны пераможца міжнародных алімпіяд школьнікаў па інфарматыцы Генадзь Караткевіч вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю не ў Беларусі. Месцам для свайго далейшага навучання ён абраў Санкт-Пецярбургскі нацыянальны даследчы ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі. Але напаследак ён заваяваў для беларускай школы яшчэ адзін залаты медаль на ХХІV міжнароднай алімпіядзе школьнікаў, якая завяршылася 29 верасня ў Італіі.

Звычайна міжнародная алімпіяда школьнікаў па інфарматыцы праводзіцца летам, але сёлета тэрміны яе правядзення былі пасунуты на верасень. Таму многія яе ўдзельнікі ўжо фактычна сталі студэнтамі ВНУ, у тым ліку і беларус Генадзь Караткевіч.

Каманда Беларусі другі год выступала ў нязменным складзе і паказала лепшы для нашай краіны вынік за ўвесь час сваіх выступленняў на міжнародных алімпіядах школьнікаў па інфарматыцы — дадому хлопцы прывезлі два залатыя, адзін сярэбраны і адзін бронзавы медалі. Чатыры залатыя медалі здолелі заваяваць у Італіі толькі дзве зборныя — Расіі і Кітая, якія падзялілі першае месца ў неафіцыйным камандным заліку. Абсалютным чэмпіёнам алімпіяды стаў амерыканец Jоhnnу Hо, які рашыў усе шэсць задач і набраў за іх максімальную суму балаў. А Генадзь Караткевіч, які да гэтага ўтрымліваў званне абсалютнага пераможцы тры гады запар, набраў 588 балаў з 600 магчымых і заняў другі радок у асабістым першынстве, хоць па выніках другога тура ў яго, як і ў будучага абсалютнага пераможцы, была таксама максімальная сума балаў. Трэцяе месца заняў кітайскі школьнік Yuzhоu Gu. Тым не менш, свой удзел у міжнародных алімпіядах школьнікаў Генадзь завяршыў уладальнікам практычна ўсіх рэкордаў — і па колькасці абсалютных перамог (у яго іх тры), і па колькасці заваяваных залатых медалёў ( 6), і па агульнай колькасці медалёў (7). У 2006 годзе Гена заваяваў сярэбраны медаль.

Дарэчы, быць першым сярод лепшых гомельскі школьнік Генадзь Караткевіч прызвычаіўся з маленства. Прызёрам рэспубліканскай школьнай алімпіяды па інфарматыцы хлопчык стаў яшчэ ў пачатковай школе. А ва ўзросце 11 гадоў Гена стаў самым юным удзельнікам міжнароднай алімпіяды сярод школьнікаў па інфарматыцы і самым юным пераможцам гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў: з першай жа спробы ён здолеў заваяваць сярэбраную ўзнагароду. Трэба патлумачыць, што ўзроставы цэнз для ўдзельнікаў алімпіяды складае 20 гадоў і на алімпіяду прыязджаюць, як правіла, выключна старшакласнікі.

У гэтым годзе ў алімпіядзе ўдзельнічалі 313 школьнікаў з 80 краін свету. Кожная краіна мела права выставіць чатыры ўдзельнікі. Па выніках спаборніцтваў было прысуджана 26 залатых, 52 сярэбраныя і 77 бронзавых медалёў. З залатым медалём вярнуўся дамоў і беларус Адам Бардашэвіч — у яго актыве 372 балы. "Серабро" заваяваў Уладзіслаў Падцёлкін, а "бронзу" — Сяргей Кулік. Такім чынам, у неафіцыйным камандным заліку зборная Беларусі заняла вельмі высокі шосты радок.

Трэба дадаць, што ўсе ўдзельнікі беларускай зборнай прадстаўлялі Гомельскую вобласць. Але калі паспяховыя выступленні школьнікаў з Гомеля на міжнародных спаборніцтвах ужо паспелі стаць традыцыйнымі, то паспяховы ўдзел у алімпіядзе па інфарматыцы школьнікаў з Мазыра, безумоўна, з'яўляецца заслугай іх трэнера Аляксея Барунова.

Дарэчы, другі залаты медаліст сёлетняй алімпіяды — Адам Бардашэвіч з Мазыра — таксама стаў студэнтам Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі. Можна меркаваць, што выбар хлопцаў быў невыпадковы: менавіта Санкт-Пецярбург лічыцца неафіцыйнай сталіцай расійскага праграмавання, а Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі — лепшай ВНУ Расіі па падрыхтоўцы праграмістаў. Менавіта яго каманда з'яўляецца неаднаразовым абсалютным чэмпіёнам свету па праграмаванні сярод студэнтаў. У 2012 годзе яны таксама святкавалі перамогу ў Варшаве на АСM-ІСРС Wоrld Fіnаls. У каманды праграмістаў Белдзяржуніверсітэта на гэтым чэмпіянаце быў сярэбраны медаль, а ў каманды БДУІР — бронзавы...

Між іншым, Генадзь Караткевіч і да свайго ад'езду ў Расію зусім не абмяжоўваўся выступленнямі на "школьным узроўні" — ён вельмі паспяхова выступаў у адкрытых і студэнцкіх спаборніцтвах па праграмаванні. У прыватнасці, хлопец узначальвае як рэйтынг TорСоdеr (гэта спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць практычна ўсе лідары спартыўнага праграмавання ў свеце), так і аналагічны рэйтынг Соdеfоrсеs — расійскі праект, які па папулярнасці сярод спартыўных праграмістаў практычна не саступае TорСоdеr.

Таксама Генадзь стаў пераможцам рэгулярнага сезона ў VІІІ камандным Адкрытым кубку імя Панкрацьева па праграмаванні і заняў другое месца ў рэгулярным сезоне ІХ—ХІ кубкаў. Звычайна ў гэтых спаборніцтвах удзельнічаюць каманды па 3 чалавекі (у прыватнасці, пераможцы і прызёры студэнцкіх камандных чэмпіянатаў свету розных гадоў), а Гене Караткевічу ўдаецца на дыстанцыі, якая складаецца з некалькі турніраў, у адзіночку абыгрываць мацнейшыя каманды. Адным словам, ёсць надзея, што пра поспехі Гены Караткевіча мы яшчэ не раз пачуем.

←Под Новогрудком продолжается уникальная народная реконструкция.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика