Ген жыцця

Источник материала:  

Працяг. Пачатак у нумарах за 29 верасня і 2 кастрычніка.

2. «У вёсцы наш род звалі Кастынамі – па дзеду...»

Дзяцінства і вайна

Маё маленства прыпала на ваенныя гады, і памяць захавала тое незвычайнае, дзіўнае для дзіцячага розуму, што пакідае за сабою вайна. Партызаны, нямецкія салдаты, зброя, пажарышчы — усё гэта выклікала больш цікавасць, чым страх. Многія эпізоды так рана ўрэзаліся ў памяць, што пасля вайны ўсё гэта мне тады-сяды здавалася сюррэалістычным сном або дзіцячымі фантазіямі.

Наша вёсачка знаходзілася ўдалечыні ад дарог вайны, як кажуць, ад тэатра ваенных дзеянняў. Мы не перажывалі тых жахаў, аб якіх я даведаўся пазней. Але ўсё ж край быў партызанскім. Адным словам — глухамань, якая стала добрым прытулкам партызанам — каму проста адседзецца, а каму адпачыць, адрамантаваць зброю пасля баёў. Але пра ўсё па парадку.

Першае, што запомнілася, — гэта нямецкі самалёт, які застаў нас з бацькам у чыстым полі, без кустоў і дрэў. Стаяла восень 1942 года, бо збажыны на полі ўжо не было. Мне і сёння незразумела, для чаго немцу так закарцела расстраляць адзінокага чалавека з малым хлапчуком, якія мірна крочаць па полі без стрэльбы або якой-небудзь іншай зброі. Самалёт кружыў над палеткам, бесперапынна страляючы. Бацька, схапіўшы мяне, кідаўся туды-сюды, пакуль за невялікім узгорачкам не натрапіў на нейкую яму ці канаву, у якой мы змаглі схавацца. Самалёт, пакружыўшыся, знік. Мы засталіся жывыя. Я ўпершыню ўбачыў цуд — вялікую жалезную птушку, якая ляціць у небе ды яшчэ і страляе. І ніколькі не было страшна, толькі тое незабыўнае ўражанне, якое адчуваюць у такіх выпадках усе дзеці, — здзіўленне і нават захапленне.

Трэба сказаць, што гэта, дзякуй Богу, быў першы і апошні выпадак, калі ў мой бок ці па мне стралялі…

Школьныя гады

У пасляваенны час адкрылася ў суседняй вёсцы Зані школа, і ў 1946 годзе я пайшоў у першы клас. Скончылася ваеннае дзяцінства, настала пара, калі трэба было пачынаць грызці навуку…

А пара дзяцінства, пара юнацтва ў нас, пасляваенных дзяцей, была пэўнай квінтэсенцыяй жыцця аднавяскоўцаў. Дзеці не бачылі не толькі цукерак, але і цукру. А калі перападала яйко, дык гэта было вялікай узнагародай, быццам бы табе павесілі добры ордэн або медаль. Дзяцінства наша сапраўды можна назваць не толькі галодным, але і басаногім, хаця для школы дзед Канстанцін (у вёсцы яго называлі Кастын) сплёў нам новыя лазовыя лапцікі, маці дала анучы. Так мы распачалі вучобу. Асаблівым шыкам на вёсцы лічылася хадзіць у вераўчаных лапцях. Потым бацька сплёў мне такія, чым я вельмі ганарыўся і выклікаў зайздрасць у сваіх паплечнікаў. Але дома больш за ўсё падабалася бегаць басанож, хоць не раз ногі праколвалі ржавым цвіком або разбітым шклом.

Пасляваенная школа сабрала дзяцей розных узростаў, розніца дасягала пяці-сямі гадоў, і гэта часта было прычынай многіх канфліктаў і непаразуменняў.

Буквар мне дастаўся ад партызан, і я так захапіўся ім, асабліва карцінкамі, што яшчэ да школы з дапамогай мамы практычна праштудзіраваў яго ўвесь. Таму ў школу я прыйшоў дастаткова падрыхтаваным, чаго не скажаш пра астатніх вучняў. Вучоба мне давалася лёгка, а галоўнае, вельмі падабалася і адразу ж захапіла ўсяго мяне, цалкам змяніла жыццё. Смела магу сцвярждаць, што ў школу я ішоў, як на свята.

* * *

На балотах у дзяцінстве даводзілася бавіць нямала часу, і, як правіла, у адзіноце. Увосень, калі пачыналі паспяваць брусніцы, а потым журавіны, неабходна было назбіраць гэтых ягад як мага больш, каб потым здаць іх у нарыхтоўчую кантору. За кілаграм журавін у той час плацілі 8 капеек, брусніц — 10 капеек. За цэлы дзень, праведзены на балоце, мне ўдавалася назбіраць амаль што поўны мех, вечарам бацька прыходзіў, каб забраць яго дадому. Як-ніяк, а на падручнікі і сшыткі я зарабляў сам.

Колькі тых ягад было сабрана за дзяцінства, адзін Бог ведае! Нездарма ж потым жонка здзіўлялася, як спрытна я ўмею ўпраўляцца з такой работай. Вядома ж, вялікі вопыт!

Улюбёнай парой было лета, калі цвілі кветкі, лугі здаваліся шматколерным абрусам, дзе лятала мноства матылькоў, пчол і чмялёў. Як і мама, я вельмі любіў кветкі, заўсёды іх збіраў і ставіў дома букеты, чаго не бачыў у іншых хатах, і здзіўляўся абыякавасці людзей да прыгажосці. Толькі пазней я зразумеў, што заўважаць прыгожае мяне з дзяцінства прывучыла мама. А калі разабрацца, то пра якую прыгажосць мог думаць просты селянін? У яго ў галаве было толькі адно: як бы выжыць, як пракарміць сваіх дзяцей, як дажыць да новага ўраджаю…

Збіраць грыбы мяне прыахвоціў бацька, які добра ведаў месцы і выдатна арыентаваўся ў лесе. Ён браў мяне з сабой змалку, і я хутка скеміў, дзе якія можна знайсці грыбы, пад якім дрэвам ці ў якіх кустах або гаях яны растуць, а таксама зразумеў — па чым можна арыентавацца ў лесе… З той пары збіранне грыбоў з’яўляецца для мяне найпрыемнейшым адпачынкам, і ў якіх лясах за сваё жыццё я ні быў, яшчэ ні разу не заблудзіўся.

* * *

Калі ў мяне пытаюцца, як я пачаў маляваць, я адказваю, што ў гады вайны, напэўна, у канцы 1943 ці пачатку 1944 года. Партызан падарыў мне аловак з зялёным грыфелем. Я наогул аловак тады ўбачыў упершыню. Мне паказалі, як ён піша і як трэба яго вастрыць — нажом зразаць дрэва зверху.

Паперы, вядома, не было, дый адкуль ёй быць. Але ў сянях стаяла шафа, зробленая бацькам яшчэ за польскім часам. Шафа драўляная, філінговая, як у нас гаварылі. Звонку яна была памаляваная чырванавата-карычневай фарбай, а ўнутры дзверцы чыстыя, светлага колеру габляванага дрэва. Мне падалося гэта прыдатным матэрыялам для малявання. І вось, калі дома ні бацькоў, ні дзеда з бабкай не было, я размаляваў гэтыя дзверцы шафы. І што б вы думалі, не проста нешта накрэмзаў, а па дзіцячых паняццях намаляваў голых мужыкоў з усімі прычындаламі, якіх бачыў у нашай лазні. Дзверцы зачыніў, але праз нейкі час маё «майстэрства» выявілася, і я атрымаў такую лупцоўку, што надоўга расхацелася займацца гэтай справай…

Калі я быў ужо ў шостым класе, бацька мне аднойчы, пасля прыезду з Мядзела, сказаў, што бачыў у мядзельскай чайной дзве вялікія карціны мясцовага мастака (хоць ён, шчыра кажучы, глядзеў на мой занятак скрозь пальцы). Было гэта якраз зімою, і я наважыўся пайсці ў наш райцэнтр, каб паглядзець тыя карціны. Ведаючы, што бацькі проста так не адпусцяць, я ў нядзелю ціхенька выйшаў з хаты, каб пайсці ў амшару, а далей праз Зані, Юдкі, Навасёлкі лесам патупаў у Мядзел. Дарогу ведаў, бо летам да гэтага хадзіў на піянерскі злёт. Дарога, як я ўжо казаў, трынаццаць кіламетраў. А тут усё завеяна, трэба мясіць снежную цаліну, бо ці надта часта зімою хто-небудзь ездзіў у той Мядзел. Тым не менш я дайшоў, знаходжу чайную, адчыняю дзверы і тут жа бачу карціну: на палатне намаляваны тры асілкі на конях. Толькі потым з таго самага «Огонька» я даведаўся, што гэта копія з карціны В. Васняцова «Тры волаты». Тая копія самадзейнага мастака (дарэчы, шмат пазней я з ім пазнаёміўся) здалася несусветным цудам, і я быў упэўнены, што мне такога ніколі не зрабіць. Побач вісеў нацюрморт з усялякай, дзіўнай для мяне садавіной і кветкамі. Нешта неверагоднае! Уся садавіна і кветкі здаваліся мне жывымі, так дэталёва яны былі выпісаны. А гэта была копія з нацюрморта І. Хруцкага. Я доўга не мог адарвацца ад карцін.

Дома быў пярэпалах. Знік Вася, а ўжо цёмна, і яго няма! Позна вечарам я ўвайшоў у хату, і на мяне адразу накінуліся: дзе гэта я швэндаўся і чаму не папярэдзіў? Я добрасумленна расказаў пра ўсё, маці заплакала, бацька прыгразіў, але чаканай лупцоўкі не было…

Вёска Качаны

Мая родная вёска Качаны ўпамінаецца ў архівах з канца XVIII стагоддзя. Налічвала яна тады 13 двароў, была ў складзе Мядзельскага староства Віленскага ваяводства Рэчы Паспалітай…

Што ж сабой уяўляла наша вёска, якой яна засталася ў маіх успамінах і якой з’яўляецца цяпер, праз многія дзясяткі гадоў? Я зрабіў графічную рэканструкцыю вёскі па сваёй памяці і з дапамогай нешматлікіх цяперашніх яе жыхароў узнавіў імёны і прозвішчы яе насельнікаў. Напэўна, я першы, хто гэта зрабіў, бо вёска вымірае і хочацца неяк занатаваць яе ў гісторыі. Гэта ж сапраўды родны кут, калыска, з якой я выйшаў на шырокі і цяжкі прастор жыцця. Цяпер гэта зусім не тая вёска, якая засталася ў памяці, ды і жыццё там як бы прыпынілася, каб у хуткім часе назаўсёды кануць у вечнасць.

Качаны былі размешчаны сярод лясоў і балот Заворначы. Калі навакольныя вёскі стаялі на праезджым шляху і хаты ставіліся ўздоўж яго па прамой лініі, то наша вёска толькі краем упіралася ў дарогу, што звязвала ўсю акругу. Яе вуліца нагадвае вужаку, які зігзагам паўзе пад корч.

Месца нізкае, зямля малаўрадлівая, суглінкі і гліна. Сенажаці ў макрэчу залівала, ды і палеткі ў ніжэйшых месцах таксама стаялі ў вадзе. Помніцца, як увосень даводзілася выцягваць з гразі бульбу, калі было вельмі дажджліва...

Вёска наша размясцілася далёка «ад вялікіх дарог». Жыццё ў ёй праходзіла ціха і мірна. Што робіцца на свеце, ніхто не ведаў, ды, думаю, гэта нікога і не цікавіла. Чалавек ціха нараджаўся, ціха жыў у паўсядзённай працы, гадаваў дзяцей і ціха паміраў. Кожны лічыў, што такім жыццё і павінна быць, бо яно ад Бога, ды ніхто нічога лепшага і не бачыў.

…Хаты былі практычна аднолькавыя — сені, варыўня і сама хата на дзве палавіны — з печчу ў адной палавіне і печкай у другой. Былі і маленькія, нягеглыя хаціны. З усёй вёскі выдзяляліся дзве хаты: Лявона Паршуты, атынкаваная і пафарбаваная ў белы колер, і хата майго бацькі, габляваная, крытая гонтай, з ганкам на драўляных калонах. Астатнія былі крытыя саломай. Дзедава хата стаяла акурат пасярэдзіне вёскі і будавалася яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Канешне ж, многа каля брукаванай вуліцы дрэў. Якія ж гэта былі дрэвы — бярозы, ясені, клёны і ліпы. Дуб быў толькі адзін на ўсю вёску — у дзедавым агародзе, яго садзіў, напэўна, яшчэ прадзед. Дарэчы, дзедаў агарод па перыметры быў абсаджаны таксама бярозамі, ліпамі, клёнамі і ясенямі.

Сады былі ў кожнай сядзібе, але што дзіўна, ва ўсіх раслі толькі антонаўкі, акрамя адной сядзібы з ранеткамі, куды мы часцяком лазілі па яблыкі. Праўда, у дзедавым садзе расло адно дрэва з салодкімі яблыкамі, а груша была толькі ў Тупіка, і мы, хлапчукі, лазілі да яго, як толькі грушы пачыналі спець. Тады Тупік стаў кожную ноч начаваць пад грушай, пакуль яны не паспеюць і ён іх не здыме. Многа ў вёсцы было сліў, але толькі чырвоных, вішні ж наогул не пладаносілі, і ні ў кога не было кустоў: ані парэчак, чырвоных ці чорных, ані агрэсту. Калі разабрацца, дык навошта яны і былі? У лесе безліч чарніц, журавін, малін, толькі не лянуйся, збірай. Але ж таксама іх многа не трэба, бо калі чарніцы сушылі, брусніцы мачылі, то што было рабіць з астатнім? Цукру ў людзей не было. Чай, настоены на зёлках, пілі не тое што ўпрыкуску, а ўпрыглядку — гэта калі кавалак цукру вешалі над сталом, і ўся сям’я піла чай, гледзячы на яго. Хай не ў роце, дык на душы было саладзей. Многія могуць падумаць, што гэта вобраз, але так было на самай справе.

Як ні дзіўна, але ў сялян не было звычкі трымаць сабак, здаецца, на ўсю вёску быў адзін ці два. Ні на дзедавым падворку, ні на нашым іх ніколі не было. Затое пеўняў у кожнай гаспадарцы мелася па два ці больш. Пад раніцу, у перадсвітальнай цішыні яны дружна кукарэкалі, даючы зразумець гаспадарам, што пара ўставаць і брацца зноў за працу. Многа было пеўняў задзірлівых, агрэсіўных. У нас быў такі певень, што мы, дзеці, яго дужа баяліся…

Вось так ціха, з году ў год працякала вясковае жыццё, без сварак і лаянкі, бо дзяліць не было чаго. Пазычалі адзін у аднаго ўсё, ад самагонкі да малака і хлеба. Вялася патрыярхальная натуральная гаспадарка. Нічога не куплялася, бо не было за што, ды і не было асабліва чаго купляць.

Увесь нягеглы інвентар рабілі мясцовыя рамеснікі, такія, як мой бацька.

… Для нашага наваколля было характэрна паўсюднае ўжыванне мянушак, хаця даюць мянушкі, здаецца, усюды. Але ў Качанах яны мелі асаблівую папулярнасць. Можа, з-за таго, што ў нашай вёсцы было многа аднолькавых прозвішчаў, найбольш распаўсюджанае — Шаранговіч, далей ішлі Паршуты, Берняковічы і Чарняўскія.

Паходжанне многіх мянушак часта было цяжка вызначыць і асэнсаваць. У вёсцы наш род звалі Кастынамі ад імя дзеда Канстанціна, ці Кастына папросту, адпаведна бабку — Кастыніха. Была ў нас і асноўная мянушка — Шмайлюкі, адкуль яна пайшла, мне невядома. Адзін з Шаранговічаў, Юрка, меў мянушку Багамол, і жонку яго звалі — Багамоліха. Юрка ў свой час служыў у царскай арміі, недзе ў Сібіры, і, вярнуўшыся ў Качаны, заўсёды ў гутарцы стараўся ўставіць рускае слова, канешне ж, на беларускі капыл. Атрымоўвалася нешта накшталт цяперашняй трасянкі. Вось і набыў мянушку Багамол. Жанчын, як правіла, называлі па імені або мянушцы мужа: Лявоніха, Петрусіха, Фэльчыха, Багамоліха, Бараніха і г.д.

Мянушкі ў жыцці нашай вёскі былі зусім натуральнай і бяскрыўднай з’явай. Некаторых мужыкоў пры іх жыцці я нават не ведаў ні па імені, ні па прозвішчы. Толькі пасля смерці Тупіка я даведаўся, што яго звалі Лявон Карабейнік, а Кузёмку — Лявон Паршута.

(Працяг будзе.)

←Витебск вздохнет свободнее

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика