Беларускія пратэстанты супраць Мазырскай калоніі
Калі начальнік Мазырскай калоніі Юрый Збароўскі цкаваннем пратэстанта Дзмітрыя Дашкевіча спрабаваў абурыць усю пратэстантскую грамадскасць краіны, то ён гэтага дабіўся.
Ад імя вернікаў Царквы Хрысціянаў Веры Евангельскай “Ян Прадвеснік” пастар Антоній Бокун звярнуўся да Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, Генеральнай Пракуратуры і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі з заклікам спыніць ціск на вязня Мазырскай калоніі, лідара малдзевай арганізацыі “Малады Фронт”, зарэгістраванай у Чэхіі.
“Зміцер Дашкевіч з’яўляецца веруючым хрысціянінам, членам Царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвеснік” з 2006 года. Выклікае неразуменне і трывогу, што прадстаўнікі адміністрацыі Мозырскай папраўчай калоніі № 20 дазваляюць сабе зняважліва выказвацца адносна хрысціянскай канфэсіі, якая прадстаўлена ў Беларусі амаль 1000 зарэгістраваных абшчын і аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах дзесяткі тысячаў вернікаў”, -- гаворыцца ў звароце.
Пастар царквы, да якой належыць Дашкевіч, ад імя ўсіх вернікаў патрабуе ўсебаковага расследвання фактаў неправавых дзеянняў адміністрацыі Мозырскай папраўчай калоніі № 20. “Патрабуем спыніць ціск, які аказваецца на Дзмітрыя Дашкевіча, выявіць і пакараць вінаватых у гэтым службовых асобаў, а таксама зрабіць захады дзеля недапушчэння паўтарэння падобных фактаў у будучыні”, -- гаворыцца ў звароце.
Можна не сумнявацца, што калі не ўсе тысяча пратэстантскіх абшчын зараз будуць патрабаваць расследвання інцыдэнта з дашкевічам, то значная іх колькасць. “Праваслаўны” Збароўскі, якога яго вера не навучыла паважаць людзей, нават калі яны асуджаныя, гэтага дабіваўся?
Нагадаем, што па звестках актывістаў, Дзмітрый Дашкевіч з-за канфлікту з начальнікам калоніі апынуўся ў карцжэра і абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць зняваг і цкавання, якое пачалося на падставе таго, што ён "не той веры".