Нямецкая гімназія выбірае стыпендыята

Источник материала:  

Трэнер шахматнай школы “Юны стратэг” Віктар Акотчык дае майстар-клас па гульні ў шахматы нямецкім і беларускім вучням.

Ад 14 верасня ў Маладзечна ўжо 15 раз прыязджаюць нямецкія вучні разам з настаўнікамі, каб абмяняцца досведам і выбраць вучня, які будзе год вучыцца ў нямецкай гімназіі.

Нямецкая група з Хайнбергскай гімназіі горада Гётынгена прыехала ў маладзечанскую школу №5.

Кіраўнік групы з нямецкага боку Элька Моэкен расказала “РГ”, што адбор вучняў праходзіць па выніках гутаркі. Беларускія вучні на нямецкай мове расказваюць пра сябе дзецям і настаўнікам. Запаўняюць анкету, адказваюць, чаму яны хочуць навучыцца ў Германіі.

У красавіку дзесяць беларускіх вучняў паедуць ў Германію і будуць спрабаваць вучыцца па сумеснай праграме разам з нямецкімі дзецьмі.  На працягу дзесяці  дзён настаўнікі Хайнбергскай гімназіі будуць глядзець, як вучні адчуваюць сябе, як размаўляюць на нямецкай мове.

У апошні дзень знаходжання ў Гётынгене нямецкая школьная адміністрацыя назаве імя беларускага стыпендыята.  А той з верасня да красавіка будзе вучыцца ў Германіі, а жыць – у адной з нямецкіх сем’яў.

Спонсары пералічаць гэтаму вучню 2000 еўра на дарогу, страхоўку і кішэнныя грошы.

Гасцяваць нямецкая група будзе да 22 верасня. Падчас знаходжання ў Маладзечне нашы вучні падрыхтавалі для іх культурную праграму.

Дар’я Жылінская, вучаніца 10 “А” класа, у якой жыве немка,  распавяла, што нямецкіх гімназістаў яны вадзілі ў боўлінг, аквапарк і атракцыён 5D. Таксама пакаталіся немцы на каньках і катамаранах, схадзілі ў лес.

Як потым нямецкія сябры расказвалі, для іх паход ў лес быў самым цікавым. Таму што каб схадзіць у лес ў Гётынгене, трэба плаціць грошы.

Была для іх і экскурсія па Мінску, дзе яны наведалі гарадскую бібліятэку, пакаталіся на коле агляду.

У чацвер – дзень, калі друкавалася газета, яны збіраюцца сустрэцца з эндакрынолагам Аленай Запрудскай, дзецьмі, хворымі на цукровы дыябет, і іх бацькамі. Нямецкая дэлегацыя прывезла ў дзіцячую паліклініку тэст-палоскі на вызначэнне цукру ў крыві. Нямецкія гімназісты кожны год аддаюць свае ўласна заробленыя грошы, каб купіць гэтыя тэст-палоскі.

Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.

←В выходные в Беларуси будет облачно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика