"Наша задача — задаволіць патрэбы ў паляванні грамадзян краіны"

Источник материала:  

Сёння ў сталіцы распачынае сваю працу міжнародная спецыялізаваная выстава "Паляванне і рыбалоўства. Восень-2012", якая будзе сустракаць наведнікаў па 30 верасня. Як мы ўжо пісалі, сёлета ўпершыню "разынкай" мерапрыемства было вырашана зрабіць аўкцыён па продажы разавых дазволаў на здабычу той ці іншай паляўнічай жывёлы: лася, казулі, аленя, дзіка. Напярэдадні адкрыцця выставы "Звязда" вырашыла пацікавіцца шэрагам пытанняў: колькі лотаў усяго будзе выстаўлена на гэтай незвычайнай дзеі, на якія віды паляўнічых жывёл і па якім кошце і іншымі. З гэтай нагоды мы звярнуліся да першага намесніка старшыні праўлення "Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў" Мікалая Бамбізы.

— Усяго на аўкцыёне будзе выстаўлена 250 лотаў, іх прадставяць агулам усе вобласці, — сказаў Мікалай Мікалаевіч. — Напрыклад, Гомельшчына прапануе 32 туры — ад Петрыкаўскага, Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага раёнаў. Што да канкрэтных стартавых цэн, дык на дарослага лася тур будзе выстаўлены за 6,6 мільёна рублёў (крок таргоў — 100 тысяч рублёў). Стартавая цана на разавы дазвол на здабычу казулі — 440 тысяч рублёў, на дзіка да двух гадоў — 770 тысяч рублёў, на дарослага дзіка — 990 тысяч рублёў (крок таргоў — 50 тысяч рублёў).

Калі гаварыць пра Гродзенскую вобласць, ад яе будзе выстаўлена 80 лотаў — ад Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Лідскага, Навагрудскага і іншых раёнаў.

 — Як вы лічыце, такой колькасці лотаў будзе не зашмат, асабліва для першага аўкцыёну?

— Яшчэ і мала будзе! 10 тысяч паляўнічых, тых, хто мае права паляваць, толькі ў адным горадзе-героі Мінску. А ў глыбінку на паляванне так проста не патрапіш. А тут прыйшоў, паўдзельнічаў у аўкцыёне, заплаціў грошы і атрымаў разавы дазвол.

— Вы, напэўна, ведаеце, што ў інтэрнэце неабыякавыя грамадзяне арганізавалі збор грашовых сродкаў з мэтай выкупіць віртуальнага лася. У апошнім выпадку гэта зборны сімвал, проста многія лічаць такі аўкцыён праявай варварства, калі паляўнічы гарантавана набывае права забіць жывёлу. Як вы ставіцеся да намераў грамадскіх актывістаў?

— На здароўе — няхай выкупяць хоць усіх ласёў! Задача "Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў" — задаволіць патрэбы ў паляванні грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць права паляваць.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Перспективы развития геодезии и картографии СНГ обсудят 27-28 сентября на конгрессе в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика