У Вілейцы ўсталяваная падкова

Сёння, 21 верасня, каля Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптуры, зробленай рукамі навучэнцаў.
Ідэя зрабіць падкову належыць дырэктару каледжа Ігару Кіцікаву. Ён калекцыянуе падковы цягам 20-і гадоў. Дарэчы, першую знайшоў пад вадой, калі шукаў з маскай рыбу ў рэчцы Нарачанцы.
− Гляджу нешта тырчыць, − распавядае Ігар Кіцікаў. − Я ў пясок руку раз, а там – падкова. Прыбіў на дачы і распытаў пра яе ў мясцовых жыхароў. Аказалася, там некалі мосцік быў. Так і пачалося маё захапленне не толькі падковамі, але і краязнаўствам.

Дарэчы, у вырабе падковы паўдзельнічаў кожны навучэнец каледжа. Менавіта таму яна рабілася не тры дні, а ўвесь год.
Затое цяпер, як патлумачыў Ігар Сямёнавіч, моладзь фатаграфуецца з ёй і паказвае сваім бацькам, сябрам і каханым, што можа зрабіць.
Падкова з калекцыі Ігара Кіцікава.

Больш гісторый Ігара Кіцікава чытайце крыху пазней на сайце і старонках нашай газеты.
Настасся РОЎДА.
Фота Настассі РОЎДЫ.