У дзяцей будзе свой парламент

Першае пасяджэнне моладзевага парламента.
Маладзечна можа стаць дваццаць другім горадам у Беларусі, які атрымае статус “Горада, дружалюбнага да дзяцей” ад дзіцячага фонду ЮНІСЭФ. Для гэтага маладзечанскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” прапанаваў стварыць у горадзе моладзевы парламент.У гэты панядзелак на базе гімназіі №6 адбылася першая сустрэча ўдзельнікаў парламента. Знаёмства праходзіла ў выглядзе гульняў, падчас якіх дзеці расказвалі пра сябе.
– У школе я заўсёды імкнулася актыўна ўдзельнічаць ў розных мерапрыемствах, – падзялілася Яна Машкова, вучаніца 7 “А” класа школы №4. – І калі даведалася, што ў нашым горадзе створаны моладзевы парламент, вырашыла, што гэта добрая магчымасць праявіць сябе.
Цяпер юнакі змогуць самастойна вызначаць, што для іх неабходна зрабіць у Маладзечне. Напрыклад, калі ў горадзе плануецца пабудаваць начны клуб, а дзеці патрабуюць спартыўную пляцоўку, то канчатковае рашэнне будзе прымацца на карысць дзяцей.
Студэнты юрыдычнага факультэта БДУ падахвоціліся дапамагчы юнакам ў прававой справе. На базе факультэта яны стварылі юрыдычную клініку, у якой неўзабаве на экскурсію чакаюць маладых энтузіястаў з Маладзечна.
У Гомелі, які далучыўся да ініцыятывы ЮНІСЭФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”, два гады таму па прапанове моладзі з’явіліся тралейбусы з уласным “экскурсаводам”. У залежнасці ад напрамку руху тралейбуса жыхары і госці горада могуць паслухаць па магнітафоне гісторыю тых месцаў, якія яны праязджаюць. А ў парку адкрылі алею для закаханых, дызайн якой юнакі распрацоўвалі самі.
У Барысаве створаная “Моладзевая біржа працы”, дзе ахвотныя могуць знайсці месца працы, атрымаць прафесійную арыентацыю або кансультацыю юрыстаў. Парламент будзе ладзіць майстар-класы, “круглыя” сталы па абмеркаванні пытанняў, якія тычацца здароўя, сям’і, грамадства. Кожны з удзельнікаў можа выказаць сваю думку, і, магчыма, менавіта яна стане падставай для стварэння новых праектаў у горадзе.
У склад парламента ўвойдуць па некалькі прадстаўнікоў з кожнай школы ці гімназіі, лідары дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.
Даведка “РГ”. ЮНІСЭФ – дзіцячы фонд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Быў створаны ў 1946 годзе. Асноўная задача фонду – прапаганда і ахова правоў дзяцей. “Горад, дружалюбны да дзяцей” – міжнародны сакратарыят гарадоў, добразычлівых да дзяцей. Быў створаны ў 2000 годзе ў Італіі на базе інстытута “Innocenti”. Адначасова інстытут з’яўляецца доследным цэнтрам ЮНІСЭФ. Цяпер 21 горад Беларусі – удзельнікі ініцыятывы.
Алёна ДЗЯМЧУК.