Славім хлеб і рукі залатыя

Источник материала:  

Каб расказаць пра ўсіх працаўнікоў сяла, дзякуючы якім хлеб застанецца галавой на стале кожнага беларуса, на жаль, не хопіць ніякіх газетных палос. Таму ў сённяшнім нумары — толькі пра асобных: камбайнера агракамбіната "Ждановічы" Міхаіла САЛАДУХУ, аператара збожжасушыльнага комплексу СВК "Астрамечава" Леаніда МАРЦІШКУ, камбайнераў агракамбіната "Холмеч" Валянціна САЛАМАХУ і Аляксандра ГРАНЯ, кіроўцу СВК "50 гадоў Кастрычніка" Мікалая ТАЛКАЧОВА. Яны разам са сваімі калегамі — механізатарамі, кіроўцамі, аграномамі, інжынерамі, камбайнерамі з усіх абласцей краіны — прымуць удзел у цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод і прэмій пераможцам (усяго 247 пераможцаў у 13 намінацыях) рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур "Славім хлеб і рукі залатыя".

Гэтая галоўная падзея фестывалю пройдзе на сцэне амфітэатра моладзевага культурна-забаўляльнага цэнтра, які пабудаваны спецыяльна да "Дажынак-2012" на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Лепшыя з лепшых за высокія дасягненні ў вытворчасці збожжа атрымаюць ганаровыя дыпломы, грашовыя прэміі, кветкі і каштоўныя падарункі, у тым ліку і з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод падарункаў — скутары і матацыклы, мотаблокі і халадзільнікі, дамашнія кінатэатры і тэлевізары, а таксама суперпрызы — легкавыя аўтамабілі.

Акрамя таго, на "Дажынках" будуць адзначаны ганаровымі дыпломамі, кветкамі, тэлевізарамі, халадзільнікам, маразільнікамі і веласіпедамі пераможцы рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла". А таксама пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу "Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў". Апошнія атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі, у тым ліку і для набыцця трактара "Беларус-82.1".

Што тычыцца вынікаў, то сёлетняя ўборачная прайшла зладжана і арганізавана. Прынамсі, пра гэта сведчаць лічбы, якія агучыла "Звяздзе" прэс-сакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга СРЭДНЕВА. Так, сёлета ва ўсіх катэгорыях гаспадарак намалочана 9 млн 166 тысяч тон збожжа. Гэта больш, чым летась, на 1 млн тон. Сярэдняя ўраджайнасць па рэспубліцы — 37,3 ц/га. Аб'ёмы харчовай пшаніцы, жыта, аўса і ячменю, якія пастаўлены на прадпрыемствы хлебапрадуктаў, дазволяць цалкам забяспечыць патрэбнасць млыноў і заводаў рэспублікі ў сыравіне да новага ўраджаю.

Хоць свята і ў разгары, але аграрыі не спяць у шапку. Бо да канца года трэба выканаць яшчэ шмат работ. Цяпер ідзе ўборка кукурузы на зерне. Па папярэдніх ацэнках, агульны валавы збор зерня за кошт зерня кукурузы папоўніцца больш як на 1 млн тон. У разгары ўборка кукурузы на зялёны корм і сілас для патрэб жывёлагадоўлі, а таксама — цукровых буракоў, бульбы і гародніны. Практычна завершана сяўба азімых збожжавых культур. Свята скончыцца, і героі сёлетніх "Дажынак" са станоўчымі эмоцыямі, падарункамі і новымі сіламі вернуцца ў свае гаспадаркі, каб дапамагчы калегам, якія не паехалі ў Горкі і працягваюць працаваць не пакладаючы рук. Ім, магчыма, сёлета пашанцавала менш, яны не занялі прызавыя месцы, але таксама папаўнялі сваімі мазалямі засекі краіны. Таму нізкі паклон усім працаўнікам сяла — і ўзнагароджаным, і тым, узнагароды якіх наперадзе.

Надзея ДРЫЛА.

"Дажынкі" праходзяць у Беларусі штогод з 1996 года па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Сталіцамі свята хлебароба былі Столін (1996), Масты (1997), Нясвіж (1998), Шклоў (2000), Мазыр (2001), Полацк (2002), Пружаны (2003), Ваўкавыск (2004), Слуцк (2005), Бабруйск (2006), Рэчыца (2007), Орша (2008), Кобрын (2009), Ліда (2010), Маладзечна (2011). Сёлета гасцей з усёй рэспублікі прымаюць Горкі, а ў наступным годзе эстафету свята ў Горак прыме Гомель і Гомельскі раён.

←Повелители поля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика