Фантастыка ў стылі рэтра
Васіль Гігевіч. "Крах цывілізацыі".
Аповесці. "Літаратура і мастацтва", 2012.
Сёння прадбачлівы аўтар прыбірае са свежанапісанага твора любыя згадкі пра тэхніку: хуткасць тэхнічнага прагрэсу такая, што праз пяць гадоў, калі адыдуць у нябыт смартфоны і планшэты, тэкст будзе глядзецца анахранічна, а наймаладзейшае пакаленне чытачоў наогул не зразумее, пра што ішла гаворка.
Здаецца, у 1980-х гг., калі Васіль Гігевіч пісаў фантастычныя творы, яшчэ была эйфарыя ад тэхнічных магчымасцяў вылічальных машын, але яшчэ не было ўяўлення пра імклівыя змены, якія гэтую грувасткую тэхніку напаткаюць. І таму кніга пачынаецца творам, дзе згадваюцца перфастужкі электронна-вылічальных машын, пра якія герой распавядае такім чынам, каб чытач зразумеў: гэта інфармацыя для далучаных.
Твор, які ў свой час быў на вастрыі навуковых дасягненняў, сёння патрабуе ад чытача прыязнай паблажлівасці. Пры гэтым усе ідэі, якія хацеў данесці аўтар, засталіся непашкоджанымі часам. Выглядае на тое, што для пісьменніка фантастыка была толькі прыёмам, інструментам для таго, магчыма, каб ягоныя перакананні лацвей знайшлі шлях да чытача. Дык фантастыка гэта ці не?
У творах насамрэч закранаюцца пытанні, з якімі сутыкаецца кожны: праблема здрады і ўдзячнасці, праблема свабоды, праблема суіснавання кахання і кар'еры, праблема ўлады. Герой аповесці "Карабель" капітан Ёх, што імкнуўся заняць гэтую пасаду, каб даведацца пра галоўную таямніцу Карабля, у выніку зразумеў, што за валоданне гэтым сакрэтам ён заплаціў не толькі здрадай бацькам і каханню, але і ўласнай свабодай, бо Закон Карабля пануе і над ім. У фінале герой, які меў магчымасць стаць бессмяротным, усвядоміў, што яму хочацца іншай бессмяротнасці, не фізічнай, і, магчыма, таму ён парушыў Закон Карабля.
У аповесці "Марсіянскае падарожжа" галоўны герой, журналіст, ублытваецца ў авантуру: у канторы Вялікага Перасялення ён запісаўся ў лік ахвотных назаўжды пераехаць на Марс і жыць там пад кіраўніцтвам штучнага інтэлекту. Апакаліптычныя развагі галоўнага навукоўца-прайдзісвета Мілера завяршаюцца высновай: <І>"задачаю чалавецтва з'яўляецца стварэнне штучнага розуму, які будзе кіраваць людзьмі".
У гэтай антыўтопіі ўсё адбываецца па лагічным сцэнары: падчас бунту супраць Вялікага Камп'ютара Мілер прагаворваецца, што вяртанне на Зямлю ўсё ж планавалася, людзі ўсведамляюць, што іх падманулі двойчы, — і спыніць іх лютасць не можа нават інстынкт самазахавання: "І зноў уздымаецца халодны марсіянскі вецер, які скрозь дзіркі шклапластыкавай страхі выдзімае апошняе паветра. Замярзаюць пальцы рук. Апошнімі намаганнямі я дапісваю нашу сумную трагічную гісторыю, якая ў каторы раз сведчыць пра адзінае: чалавека скарыць нельга. Яго можна адурачыць на час, як адурачылі некалі нас, з яго можна здзеквацца гадамі, але потым нарэшце надыходзіць той час, калі спакутаваны чалавек кідае выклік уладарам і перастае баяцца нават самой смерці. І гэта азначае: надышоў горкі час справядлівай расплаты".
З аповесці "Палтэргейст" вынікае, што прадстаўнікі ўсіх прафесій — міліцыянеры, журналісты ўсіх узроўняў і спецыяльнасцяў (раённыя і сталічныя, "газетныя" і тэлевізіёншчыкі), навукоўцы з Акадэміі навук — неверагодна пакутуюць ад выканання сваіх службовых абавязкаў: асцерагаюцца начальства на пачатковых кар'ерных прыступках і баяцца страціць пасаду на вяршыні сацыяльнай піраміды. Гэтая пакута, перададзеная вельмі рэалістычна і аргументавана (пісьменнік паказвае, што выйсця няма, бо заганны сам стрыжань сацыяльнай сістэмы), кантрастуе з геданістычнымі настроямі некаторых юрлівых персанажаў. А тым часам адзін з герояў-журналістаў запраўляе ліст паперы ў партатыўную друкарскую машынку, якую маладзейшае пакаленне сучасных чытачоў можа пабачыць хіба толькі ў музеі.
Рэтраакцэнты могуць напаткаць чытача не толькі пры згадках тэхнічнага абсталявання. У аповесці "Палтэргейст" апісанне герояў выразна пазначае час напісання твора. Так, фрагмент, датычны моманту знаёмства Юзіка і Любы, калі хлопцу прыйшлося нават біцца за каханую, завяршаецца так: "І што ж — справіўся, дапамогі не прасіў у міліцыі, толькі пасля таго вечара без пярэдняга зуба застаўся. Але нічога, замест яго новы, залаты паставіў". А вабныя ды нават сэксапільныя жанчыны трохі адрозніваюцца ад сучаснага ідэала: "А што была Люба прыгожай, то — была, тут ужо спрэчак не ўзнікала. Гады Любу як не бралі, яна і цяпер поўная, чырванашчокая, крэпкая целам, хуткая — загаралася на працу, як запалка. Ды і ўвогуле загаралася, толькі пальцам крані..."
Як на мой погляд творы (за выключэннем аповесці "Страчанае шчасце") патрабуюць густоўнай прадмовы, дзе трэба было б пераставіць акцэнты з фантастычнасці на антыўтапічнасць, падкрэсліць сацыяльную актуальнасць тэкстаў і час іх напісання. Такія каментары маглі вельмі ўпрыгожыць кнігу.
* Кніга прадастаўлена Домам кнігі "Светач" (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11).
Аксана БЯЗЛЕПКІНА