Зрабіў Юрась
Нарачанскага разьбяра Юрася Камандзірчыка многія ведаюць па яго адмысловых працах. На іх стаіць подпіс майстра: "Зрабіў Юрась".
Працы ў разьбяра хапае, заказы распісаны на паўгода наперад.
...Далёкі 1961 год. Красавік. Савецкія людзі святкуюць першы палёт чалавека ў космас. У кожным горадзе і вёсцы, ды што там, у кожнай сям'і гавораць пра слаўнага касманаўта Юрыя Гагарына...
А ў невялікай беларускай вёсачцы Спарыжжа, што на Брагіншчыне, у сям'і Камандзірчыкаў сваё свята: пасля дзвюх дачок і сына нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык. Назвалі яго Юрасём (дарэчы — так ён просіць называць сябе і сёння). У гонар таго, аб кім гаварыў тады ўвесь свет — Юрыя Аляксеевіча Гагарына.
Камандзірчык-старэйшы плёў кошыкі з лазы, Юрасёва мама працавала на пошце. Часта тата браў з сабой малодшага сына на рыбалку, вучыў вудзіць. Помніць і сёння майстар маляўнічыя берагі Брагінкі, яе спакойную і чыстую ваду, моманты дзіцячай радасці, калі выцягваў рыбу і хваліўся тату ўловам.
У школе зімой на ўроках працы Юрась з сябрамі рабіў шпакоўні. Вясною развешвалі іх у школьным садзе і назіралі, як птушкі займалі сабе кватэры. Праз колькі дзясяткаў гадоў гэтыя ўспаміны ўвасобяцца ў кампазіцыі "Шпакі прыляцелі", якая сёння месціцца ў Мядзеле на беразе возера Мястра.
Пасля школы Юрась вучыўся на будаўніка ў Мінску. Потым трапіў у Варонеж. Там пасябраваў з азербайджанцам Ніфталі, які выразаў гравюры на фанеры. Гэтаму жыхар сонечнай краіны навучыў і беларускага сябра. Першай самастойнай працай Юрася стала гравюра "Дэльфіны", якая пазней была падаравана аднаму з прыяцеляў.
Напэўна, менавіта тады, у Варонежы, майстар зразумеў, чым будзе займацца ўсё астатняе жыццё. Разьбой па дрэве...
Потым зноў быў будаўнічы тэхнікум, на гэты раз ужо ў Светлагорску. Пазней вучыўся ў Кобрынскім мастацкім вучылішчы.
У войску Юрась пасябраваў з разьбяром Васілём Лявіцкім з Львоўшчыны. Украінец працаваў віртуозна, мог з дрэва выразаць арлоў і іншых птушак. Шмат што па разьбярстве пераняў ад яго наш майстар. А ўсяму, што зараз умее, навучылі кобрынскія выкладчыкі.
Затым хлопец нядоўга працаваў у калгасе на Пастаўшчыне. Адтуль пераехаў у Мазыр, дзе працаваў выдатны народны майстар Мікалай Мікітавіч Пушкар. Асноўны акцэнт Пушкар рабіў на традыцыйных беларускіх матывах, гісторыі і побыце беларусаў. З той пары, як Юрась пазнаёміўся з працамі майстра, беларускасць цікавіць і яго самога.
...1986 год. Чарнобыльская бяда. Людзі з'язджаюць з Гомельшчыны. Юрась з сям'ёй — таксама. Прытуліў іх курортны пасёлак Нарач. Там разьбяр уладкоўваецца сталяром.
***
Неўзабаве Юрасю і сябру Фёдару Акішаву паступае прапанова выразаць з дрэва ў цэнтры пасёлка кірмаш. Яны згаджаюцца. На пустым месцы вырастае цэлы ансамбль: "Дзед прадае пеўня", "Баба налівае са збанка малако", "Ганчар прапаноўвае гаршкі", "Рыбак прадае шчупака". Сёння таго кірмашу няма. Многія, хто помніць яго, сумуюць. Не так па самім кірмашы, як па адметных скульптурах, якія там стаялі.
...Гартаючы фотаздымкі прац, якія Юрась прынёс на інтэрв'ю, я злавіў сябе на думцы, што ў большасці з іх прысутнічае гэткі дзядок-дабрачок. Знешне нечым падобны да Юрася. Пра гэта я яму сказаў. Ён толькі пасмяяўся і адказаў "Мажліва, гэта і так".
Можна бясконца пералічваць Юрасёвы творы. Спынімся на некаторых, астатнія можна пабачыць у інтэрнэце. Дастаткова ў пошуку набраць "Юрась Камандзірчык".
Дык вось, адной з ранніх прац майстра была скульптура "Галіна". Як яна з'явілася? Калі Юрась працаваў над кутком адпачынку ў санаторыі "Нарач", краязнаўца Міхаіл Чарняўскі даў пачытаць зборнік вершаў Максіма Танка, дзе паэт апісвае легенду, адкуль паходзяць нарачанскія азёры.
Згодна з версіяй, ад няшчаснага кахання ў дзяўчыны Галіны з рук выпала люстэрка і разбілася на шмат частак, якія ператварыліся ў азёры Нарач, Мястра, Баторына. Гэтая скульптура зараз упрыгожвае тэрыторыю санаторыя "Нарач". Дарэчы, там жа былі і "Рыбак з сомам", і "Рыбак з вёсламі", копіі якіх зараз знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу.
— Аднойчы адпачывалі ў санаторыі расіяне. Убачылі майго "Рыбака з вёсламі", і ён ім вельмі спадабаўся. Спадабаўся таму, што госць — сам рыбак. Яму, як і майму рыбаку, часта ў рыбалцы не шанцуе: то хвалі на Неўскім заліве высокія, то вецер магутны дзьме. Карацей, заказалі копію і забралі з сабой у Піцер, — расказвае разьбяр. — Туды адправілася і лава, на якой выразаны словы "ўся сямейка ўмесце, дык і душа на месцы". Заказчыкі — вялікая сям'я, у якой пяцёра дзяцей. Расіяне прасілі Юрыя, каб надпіс быў абавязкова на беларускай мове, так бы мовіць, каб не забываць Беларусь.
Ёсць яго працы ў Рызе. Туды паехаў "Касалапы", які сядзіць на дрэве і сустракае гасцей.
На радзіме таксама хапае ягоных твораў. Напрыклад, два гады таму да майстра звярнуўся галоўны ўрач санаторыя "Белая Русь" Алег Іванавіч Бяндасаў. Папрасіў распрацаваць і зрабіць куток адпачынку, які назвалі "беларускі куток". Юрый паказаў адміністрацыі свае ідэі. Далі згоду. Хутка на тэрыторыі здраўніцы з'явіўся цэлы драўляны ансамбль. Яго адметнасць у тым, што на кожным навесе ёсць беларускія прымаўкі.
Упрыгожваюць творы майстра і ўезд у санаторый "Журавушка". Там стаіць выразаны з дрэва "Дзед з жоравам". Той, хто яго ўбачыць, адразу зразумее, адкуль пайшла назва здраўніцы.
Летась Юрый працаваў над творамі "Шпакі прыляцелі" і "Дзед з сомам", якія можна пабачыць у Мядзеле.
Пра шпакоў пісаў вышэй, а вось на другую скульптуру Юрыя натхніў здымак 1968 года, на якім зняты рыбак з Мядзела Клімовіч, які вылавіў на возеры Нарач сома даўжынёй два з паловай метры.
Нядаўна разьбяр закончыў працу над уязным знакам у Мядзел.
— Летась на свяце рыбы старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Іванавіч Даніленка прапанаваў мне распрацаваць уязны знак у Мядзел і такі, каб у ім былі адлюстраваны гісторыя і побыт людзей азёрнага краю.
Юрась не раз праязджаў каля месца, дзе затым павінен быў узнікнуць знак. Спыняўся. Стаяў, думаў, нічога канкрэтнага ў галаву не лезла. І вось аднойчы, калі майстар чарговы раз праязджаў каля месца — "бац!" — азарэнне: цэлая карціна знака ў галаве намалявалася за адну секунду. Усе часцінкі мазаікі склаліся ў адно цэлае. Там жа майстар накідаў эскіз, паказаў кіраўніцтву раёна. Ідэя была ўхвалена, і разьбяр узяўся за працу.
Неўзабаве збоку курортнага пасёлка Нарач з'явілася цуда-кампазіцыя. Увышыню — 5,7, удаўжыню — 5 метраў, дыяметр дубовай асновы — 80 сантыметраў. Матэрыял: ясень і дуб.
На кампазіцыі ўвасобіліся: гісторыя ў гербе Мядзела — замак, які сімвалізуе былую веліч горада, дата першай згадкі пра яго — 1324, і нарачанскі рыбак на чоўне з ветразем. У невад да яго трапілі традыцыйныя віды рыб, якія водзяцца ў азёрах нарачанскага краю: акунь, ёрш, шчупак, краснапёрка, сіг, сом, рапушка і, вядома, цар Нарачы — вугор.
Спачатку Юрась хацеў абысціся адным шчупаком. Але, паглядзеўшы, як невад гарманіруе з блакітным небам, якое нібы возера, дапаўняе агульную карціну кампазіцыі, вырашыў напоўніць снасці рыбай.
Творыць сваё хараство Юрась на лецішчы, у дзесяці кіламетрах ад возера. Яго памочнікі — бенза- і электрапіла, даводзіць твор да "таварнага" выгляду стамескамі. Даўно адмовіўся ад сякеры, якой можна "параніць" скульптуру, таму яны ў яго і паржавелі.
Ведае Юрась, што рабіць, каб скульптура прастаяла даўжэй: яна не павінна датыкацца да зямлі, каб паветра гуляла пад скульптурай. Па магчымасці над ёй павінен быць дэкаратыўны дах ад дажджу; не забываць насычаць спецыяльнымі антысептычнымі "касторкамі".
Колькі каштуе адзін экзэмпляр? Пра гэта спытайце ў самога аўтара. Адзінае дадам ад сябе, прыгожыя і якасныя рэчы каштуюць нятанна. Юрасёвы работы — якраз такія: прыгожыя, адметныя і якасныя.
Над чым працуе разьбяр сёння? Над цікавым праектам. Скажу толькі, што праз некаторы час жыхары і госці азёрнага краю пабачаць гэты твор.
— Я буду выразаць, пакуль рукі трымаюць інструмент. А жадання займацца любімай справай, упэўнены, хопіць на ўсё жыццё! — кажа Юрась.
***
...Мне, гісторыку, адразу відаць, хто ведае гісторыю. Юрась — з такіх. Ён беспамылкова называе стагоддзе заснавання сваёй малой радзімы, цікава расказвае пра Вялікае Княства і ведае нямала пра многія падзеі мінуўшчыны краіны. Размаўляе, што рэдкасць сёння, на мове продкаў — беларускай. Усе надпісы на працах піша на ёй жа. Нярэдкі госць у сельскай бібліятэцы, дзе вышуквае цікавыя беларускія прымаўкі і іншы матэрыял для сваіх работ. Распытвае ў людзей сталага века пра іх мінуўшчыну і побыт, а потым веды ўвасабляе ў сваіх творах.
Упэўнены, што кожная Юрасёва праца можа стаць брэндам нарачанскага краю. А можа, яны ўжо ім і сталі, таму што выявы Юрасёвых скульптур даўно прыжыліся на сувенірных значках і каляндарыках аб Нарачы.
Аляксандр СЯНЮЦЬ,
к.п. Нарач.