Старая вежа блаславіла хлебаробаў
Асноўнае мерапрыемства абласных "Дажынак-2012" прайшло ля падножжа старадаўняй і велічнай вежы. Многія сотні гадоў таму ўшаноўвалі тут герояў-ваяроў, якія абаранялі сваю краіну. А ў выхадныя віталі працаўнікоў, якія здабываюць хлеб для краіны. Таму атрымалася асабліва відовішчна і ўрачыста.
Варта аддаць належнае рэжысёру свята, народнаму артысту Беларусі Анатолю Вараб'ёву: культурная частка праграмы арганічна ўпісалася ў агульную дзею. У пралогу пад назвай "Сівая гісторыя стагоддзяў" самадзейныя артысты згадалі многіх персанажаў мінуўшчыны, чый след застаўся на вякі ў гэтай мясцовасці. Гледачы з цікавасцю сачылі, як "праводзілі на бітву воінаў Грунвальда і як сустракалі пераможцаў". У гэтым дапамаглі ўдзельнікі рыцарскіх клубаў шэрагу гарадоў.
На гэту імправізаваную сцэну адзін за адным уздымаліся, каб атрымаць заслужаную ўзнагароду, пераможцы спаборніцтва: камбайнеры, вадзіцелі, кіраўнікі гаспадарак і раёнаў. Але першым падняўся і адрасаваў добрыя словы героям дня старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Канстанцін Андрэевіч сказаў:
— Сярод сотні тысяч слоў нашай мовы асаблівае месца займаюць "хлеб", "праца", "народ". Гэта і ключавыя словы ўсяго сённяшняга мерапрыемства, бо, як і раней, хлеб здабываецца цяжкай працай.
Лепшымі з лепшых па выніках абласнога спаборніцтва прызнаны Іванаўскі, Ляхавіцкі і Пружанскі раёны. Сярод гаспадарак — СВК "Шлях новы" Ляхавіцкага раёна, СВК "Вулькаўскі світанак" Лунінецкага раёна, прыватнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства "Ляхавіцкае-Агра" Іванаўскага раёна. Больш за ўсіх намалацілі камбайнеры: Уладзімір Стрыж (КУСП "Бярозаўскае" Бярозаўскага раёна), Андрэй Юруць і Юрый Сяргей (ААТ "Ляхавіцкі райаграсэрвіс" Ляхавіцкага раёна), Уладзімір Рэдкі і Валерый Шульжык (СВК "Фядорскі" Столінскага раёна). Больш за іншых перавезлі вадзіцелі: Юрый Салавей (ААТ "Птушкафабрыка "Дружба" Баранавіцкага раёна), Васіль Плескацэвіч (ААТ "Ляхавіцкі райаграсервіс" Ляхавіцкага раёна), Уладзімір Кіндрук (СВК "Дварэцкі" Лунінецкага раёна).
Усяго ж на п'едэстал гонару ўзнімалася 96 чалавек. І ўсе прысутныя не без задавальнення даведаліся, што сёлета па выніках спаборніцтва хлебаробаў Брэстчына заняла першае месца ў рэспубліцы.
— У многім нашаму поспеху паспрыяла надвор'е, — заўважыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. — Але ж Бог дапамагае таму, хто сам працуе. Мы многага дабіліся на шляху ўдасканалення тэхналогій раслінаводства, значна абнавілі тэхнічны парк. І сёння не сорамна падводзіць вынікі. Ды разам з тым варта ўлічваць, што рэзервы для далейшага росту паказчыкаў маем значныя: калі амаль сотня гаспадарак перавысіла ўраджайнасць ў 40 цэнтнераў, то дзве сотні не дацягнулі да сарака. Вось асноўны рэзерв.
Поўнае права пахваліцца меў і гаспадар свята — старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык. Ён так і сказаў у размове з журналістамі, што камянецкія аграрыі сёлета працавалі, як ніколі. Агульны валавы збор збажыны склаў 115 тысяч тон — гэта рэкорд, хоць тут заўсёды збіралі добрыя ўраджаі.
Пра вынік жніва красамоўна гавораць лічбы. Але, бадай, самым важным вынікам самога свята стаў абноўлены Камянец. Як вядома, пад такія мерапрыемствы выдаткоўваюцца значныя сродкі. Вось і цяпер старадаўні горад памаладзеў, папрыгажэў, дадаў пэўнай элегантнасці сваім плошчам і вуліцам. У райцэнтры з'явіўся ўласны фантан. І гэта як станоўчы момант адзначалі ўсе гараджане, з кім давялося гутарыць на шматлюдных святочных пляцоўках. Фантан побач з абноўленым знакам, які некалі ўзвялі ў гонар 700-годдзя Камянца, стаў цэнтрам невялікай зоны адпачынку. Пашанцавала і шэрагу аб'ектаў інфраструктуры, адрамантаваны вуліцы, абноўлены многія старыя жылыя дамы...
Варта дадаць, што своеасаблівай разыначкай сёлетніх дажынак было ўшанаванне спартсменаў-алімпійцаў. Адразу за лепшымі хлебаробамі на сцэну ля старой вежы ўзняліся землякі, якія выступалі на Алімпіядзе ў Лондане, са сваім трэнерамі. Ім падзякавалі за паспяховае выступленне і ўручылі грашовыя сертыфікаты. Са сцэны працаўнікоў спорту праводзілі стоячы — дружнымі апладысментамі.
Святлана ЯСКЕВІЧ.