Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі — 90!
Галоўнаму кнігасховішчу краіны ў хуткiм часе споўніцца 90 гадоў. За амаль што векавую гісторыю Нацыянальная бібліятэка Беларусі перажыла і радасныя, і цяжкія часы. Аднак, супрацоўнікі Алмаза ведаў, нягледзячы ні на што, заўсёды былі побач з удзячнымі чытачамі.
Цяжка ўявіць сабе, колькі мільёнаў грамадзян рэспублікі і гасцей з-за мяжы наведалі нашу Нацыянальную бібліятэку. Суайчыннікі беражліва адносяцца да кніжных скарбаў. З гонарам мы расказваем гасцям краіны пра наш нацыянальны Алмаз, пры магчымасці дэманструем яго сябрам і дзелавым партнёрам.
…Адзначаць значны юбілей у бібліятэцы пачалі ўжо на гэтым тыдні. Прымеркавалі да святочных мерапрыемстваў і міжнародны кангрэс «Нацыянальная бібліятэка як феномен культуры». На працягу трох дзён прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання ў сферы культуры і бібліятэчнай справы, бібліятэчная грамадскасць з розных рэгіёнаў Беларусі, блізкага і дальняга замежжа, вядучыя спецыялісты музеяў, выдавецтваў, устаноў адукацыі, навукова-даследчых інстытутаў, грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі заканадаўчай сферы, вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі абмеркавалі ролю і месца бібліятэк у сучасным інфармацыйным грамадстве. Асаблівае значэнне ўдзельнікі кангрэсу надалі формам і накірунку ўзаемадзеяння бібліятэк, іх каштоўнаму ўкладу ў захаванне культурнай спадчыны, праблемам менеджмента бібліятэчнай дзейнасці ва ўмовах паўсюднай інфарматызацыі грамадства.
Звыш 400 спецыялістаў у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыі абмяркоўвалі названыя раней пытанні, спрачаліся, дамаўляліся, абменьваліся вопытам і планавалі сумесную прафесіянальную будучыню. Іран, Італія, Літва, Польшча, ЗША, Эстонія, Латвія — у спісе ўдзельнікі акурат з 30 краін свету.
У рамках міжнароднага кангрэсу адбыліся VIII міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, круглы стол «Захаванне гістарычнай кніжнай калекцыі Беларусі», рэгіянальныя кансультацыі ЮНЕСКА па пытаннях адкрытага доступу да навуковай інфармацыі.
Асаблівае значэнне арганізатары святочных мерапрыемстваў надалі дзейнасці першага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — Іосіфа Беніцыянавіча Сіманоўскага. Амаль 40 гадоў ён быў на гэтай пасадзе. Сведкі казалі, што дырэктар жыў бібліятэкай, поўнасцю прысвяціў сябе любімай справе, бо клапаціўся пра кніжную спадчыну краіны.
Сотні, а можа, і тысячы імён тых, кто працаваў і працуе ў галоўным кнігасховішчы краіны, былі названы падчас ўрачыстага святкавання 90‑годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У актавай зале дырэктар Алмаза ведаў Раман Сцяпанавіч Матульскі ўзнагародзіў i выказаў шчырыя словы падзякі ўсім, хто працуе і прысвячае сябе нялёгкай бібліятэчнай справе. Асабліва прыемна было чуць словы падзякі тым, хто калі не стаяў ля вытокаў, але ж падымаў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і нанова папаўняў яе фонды, уладкоўваў інфармацыйнае забяспячэнне, — заслужаным працаўнікам кнігасховішча.
Сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі — цэнны аб’ект культурнай спадчыны краіны, усяго беларускага народа. Яе галоўная місія праз десяцігоддзі засталася нязменнай: збіраць, захоўваць і даваць магчымасць карыстацца грамадскасці ўніверсальным фондам дакументаў, рарытэтнымі выданнямі, першаснай і прафесіянальнай літаратурай.
У новым будынку бібліятэкі, у так званым Алмазе на праспекце Незалежнасці, да дробязей пралічаны ўмовы для захавання рэдкіх і капрызных да знешніх умоў архіўных дакументаў. Створаны ўсе ўмовы для наведвальнікаў. Гэта сучасны інфармацыйны цэнтр, які здзейсняе фарміраванне і эффектыўнае выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў, надзейны інструмент інфармацыйнага забяспячэння ўсіх сфер дзейнасці грамадскасці.
Са святам, калегі!
Ганна МАЛУШЭНКА, malushenko@vayar.sml.by