Добрае свята, светлае свята

Источник материала:  

У першыя восеньскія дні горад Глыбокае ператварыўся ў адну грандыёзную канцэртную пляцоўку. Вялікае свята прыйшло сюды — Дзень беларускага пісьменства, які праводзіцца ўжо ў дзевятнадцаты раз.

Упершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў 1994 годзе ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі свята станавіліся такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі.

Прадстаўнічыя дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі пачалі збірацца з самага ранку. Іх сустракалі калектывы народнай самадзейнасці, добрыя падарункі і пачастункі, якія арганізавалі гарадскія ўлады. 

Трэба адзначыць, што свята пачалося яшчэ 1 верасня, і не толькі ў Глыбокім. У вёсцы Празоркі Глыбоцкага раёна прайшлі перасовачная выстава, прысвечаная творчасці беларускага тэатральнага і літаратурнага дзеяча Ігната Буйніцкага, фальклорнае свята «Рэй вядзе Ігнат Буйніцкі», а таксама канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа» і творчых калектываў вобласці.

Дзень 2 верасня ў Кафедральным саборы нараджэння Прасвятой Багародзіцы пачалося з Божай літургіі, якая сімвалічна асвяціла святочныя мерапрыемствы ў Глыбокім.

Потым адбылася цырымонія адкрыцця Сквера славутых землякоў. Так на плошчы 17 Верасня з’явіліся бюсты фундатара глыбоцкіх храмаў Іосіфа Корсака, літаратара Вацлава Ластоўскага, заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, мастака Язэпа Драздовіча.

А на вуліцах горада ў гэты час разгортваліся тэатралізаваныя прадстаўленні — рыцары паказвалі сваё танцавальнае майстэрства і баявы дух, майстрыцы-ткачыхі на вуліцы працавалі за ткацкімі станкамі, дэманструючы публіцы выдатныя ўзоры тканін, а ганчары спрытна ляпілі глечыкі і талеркі. Усе творы народнага мастацтва госці і жыхары Глыбокага маглі набыць непасрэдна ў майстроў. Асаблівым попытам карысталася кулінарная прадукцыя гаспадынь Алёны і Кацярыны з народнага клуба нацыянальнай кухні «Груца». За блінамі, якія пякліся на пылаючым пні, выстрайвалася сапраўдная чарга!

Пасля шэсця «З крыніц жыватворных Глыбоцкага краю» на цэнтральнай плошчы адбылася урачыстая цырымонія адкрыцця свята. Усіх прысутных гасцей і жыхароў Глыбокага віталі віцэ-прэм’ер Беларусі, старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Анатоль Тозік, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван Бамбіза, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі БПЦ Веньямін.

Анатоль Тозік агучыў тэкст віншавання са святам Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, у якім той зазначыў, што не толькі аргкамітэт, але і самі жыхары Глыбокага зрабілі вельмі шмат дзеля таго, каб іх родны горад прыгажэў і далей, а ў час свята прадэманстраваў таленты, багацце гісторыі і традыцый. У сваім віншавальным слове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выказаў упэўненасць, што гэтае свята дасць новы імпульс развіццю Глыбокага як важнага турыстычнага цэнтра Віцебшчыны і ўсёй краіны.

Адзначым, што ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства штогод прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.

За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе — сталіцы свята, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта — тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.

Дзень беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі, дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, жывымі сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газет і часопісаў.

У рамках свята яго ўдзельнікі і госці маглі азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленнi паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама прайшлі ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Лейтэнант СЯРГЕЙ КЛІМКОВІЧ, klimkovich@vayar.sml.by, калаж Марыны Гудковай

 

 

←Террористы взорвали бомбу возле мечети в Дамаске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика