"Крыніца" добрага кіно
У Горках абноўлены кінатэатр "Крыніца", дзе цяпер можна глядзець фільмы ў модным фармаце 3D.
Кінасеансы ў райцэнтры цяпер карыстаюцца такой папулярнасцю, што за тры дні працы ад 1 верасня кінатэатр зарабіў больш за 15 мільёнаў рублёў (ранейшы трохмесячны план).
Інтарэс людзей зразумелы: яшчэ на пачатку года кінатэатр знаходзіўся ў перадаварыйным стане, а цяпер у "Крыніцы" усё новае: і фасад, і сучаснае лічбавае абсталяванне, і крэслы ў глядацкай зале. На капітальны рамонт і мадэрнізацыю будынка, які быў узведзены ў 1986 годзе па тыпавым праекце, было выдаткавана 10 мільярдаў рублёў. Ён абноўлены ў межах падрыхтоўкі да "Дажынак-2012".
Кінатэатр разлічаны на 288 месцаў, сярод якіх ёсць і спецыяльныя — для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх суправаджальнікаў. У фае працуе безалкагольная кавярня "Блокбастар".
Кошт квіткоў — ад 5 да 20 тысяч рублёў. Цяпер кінатэатр прапануе тры сеансы ад 16 гадзін. У выхадныя дні плануецца ўвесці позні сеанс. Дзіцячыя фільмы паказваюць а 12-й гадзіне.
— Напярэдадні "Дажынак" у нас будзе прэм'ерны паказ новага беларускага кінафільма "Скрасці Бельмандо", — паведаміў дырэктар "Крыніцы" Генадзь Багдановіч. — Запрашаем!
Ілона Іванова.