Самыя заходнія яблыкі Беларусі
Сёлета Крынкі сапраўды яблычныя. Ураджай у садах багаты і гаспадарам даводзіцца адно шкадаваць, гледзячы на шчодра ўсланую спелымі пладамі зямлю. Калісьці яны садзілі свае дрэўцы, выходжвалі іх, думаючы пра тое, што тут будуць жыць іх дзеці і ўнукі. Уздоўж вуліцы садзілі бярозы. Хто ведаў, што лёс намалюе вёсцы зусім іншы шлях.
Без малога чвэрць стагоддзя таму мне ўжо даводзілася гасцяваць у гэтых заходніх Крынках. І нават начаваць у доме Клімукоў. І тады ў вёсцы з жыхарамі было не густа, але ўсё ж жылі яшчэ шаснаццаць чалавек. Усе былі ўжо пенсійнага ўзросту. Толькі Іван і Аляксандра хадзілі яшчэ ў суседнюю вёску Паніквы на працу. Таму, калі жыхары сабраліся на агульны "партрэт", на ім не хапала гэтай сямейнай пары. Цяпер нібы ўсё наадварот...
З тых, каго фатаграфаваў у той даўні прыезд, мяне прыгадала адна Валянціна Дземянчук. Ужо трэці год яна прыязджае ў Крынкі толькі на лета, а "зімуе" ў дачкі ў Высокім.
— Дагэтуль захоўваю вашу газету з публікацыяй, — усміхаецца пры сустрэчы Валянціна Пятроўна. — Вы мяне здымалі, калі я карміла курачак.
І Валянціна Пятроўна Дземянчук, і Іван Фёдаравіч Клімук з жонкай Аляксандрай Іванаўнай папрасілі, каб газета надрукавала адзін з тых даўніх чорна-белых фотаздымкаў, на якім жыхары, іх колішнія суседзі, яшчэ разам. Каб забыць пра няўмольны час і прыгадаць лепшае, што па-сапраўднаму звязвае іх з Крынкамі.
А чаму б і не вярнуцца яшчэ раз у самую заходнюю вёску Беларусі? Дзякуючы фотаздымкам, якія цяпер з'яўляюцца сапраўднай гістарычнай каштоўнасцю, зрабіць гэта зусім не складана.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Камянецкі раён.