СУБОТНІК з "Вожыкам"

Источник материала:  
        Адны і іншыя

Адных п'яніць поспех, а іншых — алкаголь.

Адны гнуць сваю лінію, а іншыя — спіну.

Адны б'юць рэкорды, а іншыя — вулічныя ліхтары.

Адным усё па плячы, а іншым — па кішэні.

Адны гуляюць у футбол, а іншыя — у казіно.

Адны валодаюць тонкім розумам, а іншыя — тоўстым кашальком.

У адных душа наросхрыст, а ў іншых — камень за пазухай.

Заўважыў Барыс КАВАЛЕРЧЫК,

г. Гомель.

 

ЭПІГРАМНАЮ СТРАЛОЮ

У літаратурных колах, ці, як яшчэ часам кажуць, "у свеце парнаскім", найпершай спадручнай зброяй творцы была эпіграма: кароткая, вострая і дужа трапная маларадкоўка. І кожная з іх, нават самая лаканічная, двухрадковая, мела сваю перадгісторыю. Не ведаючы яе, цяжка адчуць трапнасць таго самага "стрэлу". Таму жанр гэты амаль заўсёды патрабуе пэўнага каментарыя. Тое, што нараджаецца раптоўна, часам стыхійна, і зразумелае вузкаму колу людзей, не заўсёды даходзіць "да вуха" масавага чытача. Маларадкоўе само па сабе можа і састарэць, самавыкрасліцца з часу, а даходлівы каментарый здольны вярнуць яго да жыцця і праз стагоддзе.

Эпіграмы Кандрата Крапівы

<І>Славуты Кандрат Крапіва ў сваёй творчасці лічыўся "майстрам на ўсе жанры". Не грэбаваў ён той жа эпіграмай. Многія сцвярджаюць, што тут яму не было роўных. Сучаснікі Крапівы захапляліся яго хлёсткімі досціпамі-жартамі на Якуба Коласа, Змітрака Бядулю, Міхася Лынькова... Такую гумарыстычную "ўвагу" да сябе, як кажуць, трэба было нечым ды заслужыць.

На Аркадзя Куляшова

Аркадзь Куляшоў у літаратуры працаваў непаспешліва, грунтоўна. Творчасць ён ніколі не супрацьпастаўляў і жыццёвым уцехам. Ці не з гэтай прычыны быў заўважаны вядомым сатырыкам.

Раз Аркаша Куляшоў

Да Парнаса падышоў:

Эх, высока штосьці,

Лепш згуляць у косці?.

На Міхася Лынькова

У час, калі Саюзам пісьменнікаў кіраваў Міхась Лынькоў, быў наладжаны выезд творчых брыгад у калгасы рэспублікі. Пасля паездкі пісьменнікі сабраліся на сход, каб абмеркаваць вынікі паездкі. Са справаздачай выступіў Міхась Ціханавіч. І так захапіўся, зацягнуў яе, што прысутныя зашумелі, зашушукаліся. Надта спадабаліся пісьменніцкаму старшыні калгасныя свінафермы. Не сцерпеў і К. Крапіва, які сядзеў у зале. Тут жа чыркнуў на аркушыку паперы некалькі радкоў і перадаў у прэзідыум. Вось іх змест:

Ратуйцеся, хто можа, братцы:

Лынькоў засеў на свінаматцы!

А гэтыя радкі Пімен Панчанка назваў "пісьменніцкім фальклорам". Ад імя ўсіх сваіх сяброў Кандрат Кандратавіч напісаў іх у дзень вяселля Міхася Лынькова з Соф'яй Захараўнай (Зосяй).

Цябе вітае гурт сяброў!

Жаніся, в'юнаш, будзь здароў!

І не дрыжы прад брачным ложам,

Не бойся цяжкасцяў: паможам.

Працытаваў Казімір КАМЕЙША.

←"Няхай дапамагае "Звяздзе" святая Сафія Слуцкая!"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика