Падарунак ад матуль усёй краіны!..
Зборнік беларускіх і рускіх народных казак сабралі пад адной вокладкай у выдавецтве "Літаратура і Мастацтва" (укладальнік — Алесь Бадак, мастак — Галіна Іванова), а частку тыражу кнігі першымі ў падарунак атрымалі вучні Радашковіцкай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Вітаючы юных чытачоў, старшыня праўлення Нацыянальнага банка і старшыня Беларускага Саюза жанчын Надзея Ермакова зазначыла, як шмат цяпла, дабрыні, спагады ў казках, якія прыдумаў народ. І пажадала ўсім, каб гэтае пачуццё было ў будучых сем'ях юных грамадзян Беларусі. Сёлетні год Прэзідэнтам краіны абвешчаны Годам кнігі. І адметна, што і Беларускі Саюз жанчын, і Нацыянальны банк актыўна падтрымліваюць многія ініцыятывы айчынных кнігавыдаўцоў, спрыяюць пашырэнню прасторы беларускай кнігі. Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч выказала спадзяванне, што акцыя "Маміна казка", а следам і сама кніга прыйдуць у школы, бібліятэкі. А самае галоўнае — у кожную сям'ю. Невыпадковымі ў прадмове да зборніка "Маміна казка" падаюцца і наступныя словы: "Дарагі дружа! ...На старонках выдання цябе чакаюць сустрэчы з рознымі героямі. Вучыся ў іх мудрасці, старайся вынесці карысныя ўрокі для сябе. Спадзяёмся, гэта кніга спатрэбіцца табе і ў дарослым жыцці.
Няхай святло чароўных казак будзе яркім ліхтарыкам у тваім жыцці. Калі ты палюбіш чытанне, у будучыні цябе чакае многа радасных хвілін. Кнігі дапамогуць табе авалодаць ведамі, падкажуць вопыт папярэднікаў і дазволяць упарта і настойліва ісці наперад, добрымі і разумнымі справамі ўпрыгожваць сябе, сваю сям'ю, сваю краіну.
Мы верым, што ты вырасцеш добрым і спагадлівым чалавекам, будзеш любіць сваю Радзіму — Беларусь".
А дапамогуць у гэтым найперш казкі, мудрае слова народа, вопыт яго жыцця і змагання, вопыт яго адкрыццяў, вопыт многіх стагоддзяў, усведамленне, што галоўнае ў жыцці — сцвярджэнне дабрыні, спагады, справядлівасці.
Кастусь Ладуцька.