Жураўлі і журавіны
— Міёры славяцца сваімі багатымі ўраджаямі журавін. Як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, збор гэтай ягады — адна з крыніц іх даходу. Некаторыя сем’і за сезон зарабляюць на гэтым промысле нават на аўтамабіль(!). Таму, калі мы прапанавалі мясцовай уладзе правесці такі тэматычны фестываль пад назвай «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», нас з цікавасцю падтрымалі, — паведаміла пра ідэю новаспечанага экафэсту «БН» спецыяліст па сувязях з грамадскасцю праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю ўсеагульнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя ў Беларусі» Алена Седач.
Своеасаблівая разынка фестывалю ў Міёрах — сёння кожную гадзіну будзе курсіраваць аўтобус, які з райцэнтра даставіць турыстаў на балота Ельня і акружныя палі, дзе часова «прапісваюцца» жураўлі. Экскурсіі правядуць прафесійныя арнітолагі. Будзе магчымасць паназіраць за птушкамі і зрабіць унікальныя фотаздымкі. Удзельнікі і госці свята ў Міёрах прадэгустуюць морс і выпечку з журавінамі. Таксама яны змогуць набыць ягаду і іншыя дары прыроды.
У астатнім праграма фэсту напоўнена традыцыйнымі блокамі: конкурс падворкаў, тэматычная фотавыстава, кірмаш умельцаў Міёршчыны, выступленні мясцовых фальклорных калектываў, дыскатэка. Ёсць на фэсце і праграма для дзяцей — асобныя конкурсы «Містар Журавель» і «Міс Журавінка», экалагічныя гульні, віктарыны.
Таццяна УСКОВА, «БН»