Хто па грыбы ў лес, а мы па іх — у хлеў
Сёлета нарэшце — з трэцяй спробы — мы атрымалі неблагі, як лічым, ураджай грыбоў-вешанак. Хто з чытачоў не ведае, а толькі бачыў гэтыя грыбы ўжо расфасаванымі ў гандлі: іх можна вырошчваць у хатніх умовах. Міцэлій (грыбніца) прадаецца ў крамах насення. Да яго дадаецца і даволі простая інструкцыя па вырошчванні. Аднак на справе ўсё атрымалася не так гладка. Не будзем рабіць нейкіх высноў, проста раскажам пра ўласны вопыт.
Першую спробу атрымаць ураджай вешанак некалькі гадоў таму мы ўвасобілі ў жыццё разам з братам на бацькоўскім участку ў гарпасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна — пры дапамозе драўляных цурак. Дарэчы, галоўнае, каб гэта былі не хваёвыя пароды драўніны. У невялікіх па памерах цурках свідруюцца адтуліны, куды ўводзіцца міцэлій. Потым — калі гаварыць спрошчана — іх трэба паставіць у вільготнае месца і чакаць грыбоў. Чаму нічога не вырасла, гаварыць адназначна не бяруся. Магчыма, не хапіла той самай вільгаці і ценю на нашым невялікім участку. Потым прачыталі, што такі спосаб вырошчвання — на пнях — для навічкоў самы складаны. Падчас другой спробы выкарысталі пілавінне, зноў жа — толькі не ад хваёвых парод драўніны. Вырасла сямейка грыбоў, аднак на паўнавартасны ўраджай яна не цягнула.
Самы лепшы вынік дала звычайная салома — пшаніцы або ячменю. Трэба, каб яна была чыстай, без цвілі. Рыхтуецца будучы субстрат наступным чынам. Салома здрабняецца (напрыклад, сякерай) на фракцыі па 4-5 сантыметраў. Каб у субстраце выраслі менавіта грыбы, а не якія непажаданыя "арганізмы", ён павінен прайсці тэрмічную апрацоўку. Прасцей кажучы, трэба знайсці падыходны посуд і паварыць у ім салому паўтары-дзве гадзіны. Пасля зліць ваду, пакласці "адвараную" салому ў сетку і падвесіць — каб сцякла лішняя вада. Правяраецца гэта проста: трэба сціснуць у жмені субстрат. Вада не павінна цячы, дапускаецца з'яўленне кропляў.
Цяпер бяром трывалыя цэлафанавыя пакеты, куды складваем па чарзе падрыхтаваны субстрат і міцэлій вешанкі — таўшчынёй сантыметраў 10 першага і паўсантыметра другога. Аперацыю паўтараем да запаўнення нашых ёмістасцяў. Завязваем пакеты і прыбіраем іх у памяшканне. Інкубацыйны перыяд доўжыцца дзён 10-15, за гэты час міцэлій нібы аплятае танюткім белым "павуціннем" субстрат. Пакет выглядае як запацелы знутры. Галоўнае, каб у памяшканні была пастаянная тэмпература — прыкладна 18-22 градусы. Пры тэмпературы звыш 30 градусаў грыбніца можа загінуць. Па першым часе святло будучаму ўраджаю не патрэбна, хіба толькі праветрываць памяшканне трэба. Пасля ў пакетах робяць перфарацыю — адтуліны ў шахматным парадку праз кожныя 10-15 сантыметраў. Сцвярджаецца, што, калі зрабіць іх занадта вялікімі, грыбоў будзе больш, але дробных.
З чатырох мяхоў саломы (шчыльна напханых) у нас атрымаліся два адносна невялікія, але даволі важкія пакеты з субстратам. Калі грыбніца разрасцецца, будучаму ўраджаю спатрэбіцца сонечнае святло. Мы проста выносілі пакеты з хлява на нейкі час на ўчастак. Падтрэсванне пакетаў падчас пераноскі, гавораць, таксама ідзе на карысць справе. Паколькі ў ліпені былі вельмі спякотныя дні, нам даводзілася раз-пораз апускаць пакеты ў склеп. Каб падтрымліваць высокую вільготнасць, падлогу ў хляве і ўсё навокал апырсквалі вадой. Галоўнае, каб яна не трапляла на субстрат.
Звычайна ўраджаяў бывае чатыры. Першы і другі — самыя вялікія — з'яўляюцца праз паўтара-два тыдні пасля пасадкі міцэлію. Дарэчы, напярэдадні канчатковага выспявання шапачкі грыбоў павялічваюцца ў памерах ледзьве не на вачах: увечары — аднаго памеру, раніцай — ці не ўдвая большыя. Наступныя ўраджаі меншыя, і чакаць іх варта ўжо мінімум праз тыдні два кожны. Па шчырасці, чацвёртага "плоданашэння" мы так і не дачакаліся. Магчыма, таму, што надвор'е зноў пачало "скакаць"? З першых трох агулам сабралі як мінімум кілаграмаў 5-6 вешанак. Дакладна ўзважыць не здагадаліся. Калі ўлічыць, што пакет міцэлію ўвесну куплялі за 11 тысяч рублёў, а на рынку нядаўна ўбачаная цана на вешанкі была 26 тысяч за кілаграм, дык вынік можна лічыць добрым. Хаця, вядома, не ўсё вымяраецца грашыма. З аднаго боку, ёсць проста задавальненне ад пэўнага поспеху. З іншага, можна прыгадаць і цяжкасці — з прыгатаваннем таго ж субстрату.
Вешанкі карысныя тым, што зніжаюць узровень халестэрыну ў крыві. З іх можна гатаваць мноства страў. Нам падабалася тушыць іх з бульбай. Але найперш — рабіць грыбную піцу. Самая любімая страва — жульен. Рэцэпт вельмі просты. Вагу складнікаў не называю, бо ў нас усё рабілася "наўскідку". Чым грыбоў больш, тым смачней.
Вазьміце вялікую глыбокую патэльню. На алеі абсмажце да гатоўнасці парэзаную колцамі цыбулю. Потым дадайце загадзя парэзаныя невялікай саломкай грыбы (ножкі цвярдзейшыя за шапачкі, іх лепш рэзаць зусім дробна). Смажыць нядоўга — хвілін дзесяць. Калі грыбы свежазрэзаныя, вільгаці не будзе, калі дасталі іх з маразільнай камеры, няхай выкіпіць. Добра пасаліце. Потым на патэльню не пашкадуйце смятаны. Сюды ж дадайце здроблены на буйной тарцы цвёрды сыр. Можна яшчэ пасаліць, дадаць чорнага молатага перцу. Як смятана закіпела — гатова. Смачна ў гарачым выглядзе. Можна есці і як халодную страву.
Сяргей РАСОЛЬКА. Фота аўтара.