Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі завяршаецца
Завяршаецца вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання.
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пачалося 2 жніўня і ў адпаведнасці з планам павінна завяршыцца 31 жніўня.
Правядзенне гэтага этапу выбарчай кампаніі — задача раённых, а ў гарадах абласнога падпарадкавання — гарадскіх Саветаў дэпутатаў і раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, а таксама Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкама.
Далей абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты павінны ў трохдзённы тэрмін прадставіць у ЦВК дакументы аб вылучэнні кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі для рэгістрацыі, якая пройдзе з 1 па 5 верасня ўключна.
Членаў верхняй палаты парламента выбіраюць шляхам тайнага галасавання на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета. Выбары ў Савет Рэспублікі павінны прайсці з 6 па 25 верасня ўключна.
Вынікі выбараў будуць падведзены не пазней за 5 кастрычніка ўключна. Да гэтага часу адбудзецца таксама рэгістрацыя выбраных членаў Савета Рэспублікі.
БЕЛТА