"Да кліента — з кіпяцільнікам і вядром?"
Рэха публікацыі
Артыкул пад такім загалоўкам пра тое, якім не павінна быць бытавое абслугоўванне вяскоўцаў (па матэрыялах Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці) быў надрукаваны ў "Звяздзе" 7 ліпеня. На публікацыю адрэагавала Міністэрства гандлю Беларусі ў асобе намесніка міністра Ірыны НАРКЕВІЧ:
— У межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2010 гады ў мэтах дасягнення зацверджаных нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці былі адкрыты 553 новыя комплексныя прыёмныя пункты, у тым ліку 444 — у аграгарадках. За кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама інавацыйнага фонду Міністэрства гандлю яны ўкамплектоўваліся абсталяваннем, неабходным для аказання ўсяго спектра бытавых паслуг, якія прадугледжаны дзяржаўным сацыяльным стандартам. У іх ліку — паслугі цырульняў, рамонт швейных вырабаў, выраб рытуальных прылад, рамонт абутку, мэблі, бытавых машын і прыбораў, тэле- і радыёапаратуры, паслугі пракату, фотапаслугі, прыём заказаў у пральню і хімчыстку.
Пры гэтым у адпаведнасці з Інструкцыяй аб арганізацыі работы сельскага комплекснага прыёмнага пункта, тры першыя віды бытавых паслуг з вышэйназванага пераліку ў абавязковым парадку павінны прадастаўляцца непасрэдна ў КПП.
Разам з тым, істотныя страты ад дзейнасці па аказанні бытавых паслуг у сельскай мясцовасці вымушаюць кіраўнікоў арганізацый у мэтах мінімізацыі затрат у асобных выпадках у парушэнне інструкцыі змяняць парадак прадастаўлення паслуг цырульняў і майстэрняў па рамонце швейных вырабаў — аказваць іх па графіку, які адрозніваецца ад рэжыму працы КПП. Так адбылося ў КПП у вёсках Алекшыцы і Кватары Бераставіцкага раёна, Індура Гродзенскага раёна і Галубы Мастоўскага раёна, дзе паслугі цырульняў аказваліся па асобным графіку.
Неабходна адзначыць, што ва ўмовах зніжэння попыту на бытавыя паслугі па прычыне няўхільнага скарачэння колькасці сельскага насельніцтва, якое пражывае ў зонах абслугоўвання КПП, такія дзеянні кіраўнікоў прадпрыемстваў ажыццяўляюцца не ва ўрон якасці абслугоўвання сялян.
Даведка: У 2011 годзе ў параўнанні з 2004 годам у цэлым па рэспубліцы сярэднегадавая колькасць сельскага насельніцтва скарацілася на 16% (539,4 тыс. чал.) і склала 2324,5 тыс. чал. У Гродзенскай вобласці — на 21% (83,6 тыс. чал.) і склала 310,6 тыс. чал.
Улічваючы істотныя дэмаграфічныя і іншыя змяненні, асобныя нарматыўна-прававыя акты, у тым ліку Інструкцыя аб арганізацыі работы сельскага комплекснага прыёмнага пункта, будуць перагледжаны.
Сёння бытавое абслугоўванне сельскага насельніцтва рэспублікі забяспечваецца праз сетку з 1685 КПП. На тэрыторыі Гродзенскай вобласці працуе 247 КПП, у тым ліку 221 — у аграгарадках.У выніку аптымізацыі сеткі сельскіх КПП сёлета ў першым паўгоддзі ў цэлым па рэспубліцы іх колькасць зменшылася на 71, у тым ліку на 10 — на тэрыторыі Гродзеншчыны.
Што тычыцца парушэння графікаў выязнога абслугоўвання жыхароў асобных вёсак і пасёлкаў, то асноўная прычына — нездавальняючы тэхнічны стан аўтатранспарту, які практычна выпрацаваў свой рэсурс. Абнаўленне парку аўтамабіляў арганізацый бытавога абслугоўвання ажыццяўляецца ў межах рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады. Летась набылі 13 адзінак аўтатранспарту для выязнога абслугоўвання, сёлета ў першым паўгоддзі — 49. У жніўні-верасні будзе набыта 13 аўтамабіляў для арганізацыі выязнога абслугоўвання насельніцтва Гродзенскай вобласці, у тым ліку адзін з іх — для аказання паслуг жыхарам Мастоўскага раёна.
Намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч таксама паведаміла рэдакцыі аб прынятых мерах па арганізацыі абслугоўвання вяскоўцаў канкрэтных населеных пунктах, якія называліся ў артыкуле. Цырульніцкае абсталяванне, якое не выкарыстоўвалася, кіраўніцтва Бераставіцкага раённага камбіната бытавога абслугоўвання задзейнічае пры стварэнні трох рабочых месцаў цырульніка ў Доме быту, а таксама ў спецыяльна прыстасаваных памяшканнях у будынку крамы і лазні ў райцэнтры. З захаваннем усіх санітарных нормаў і правілаў адноўлена аказанне цырульніцкіх паслуг у КПП вёсак Індура і Кватары. А работы па стварэнні мясцовай каналізацыі ў КПП вёскі Алекшыцы завершацца сёлета да кастрычніка.
Барыс ПРАКОПЧЫК