Этнасвята кліча на Палессе

Источник материала:  

Этнасвята кліча на ПалессеФестываль этнакультурных традыцый "Покліч Палесся", які сёння і заўтра праходзіць у вёсцы Ляскавічы, — гэта знаёмства з багаццем рамёстваў, промыслаў, традыцый палескага краю, асноўнымі этапамі развіцця ўнікальнага рэгіёна Беларусі. У гэтым свяце, другім па ліку, бяруць удзел рамеснікі, майстры, навукоўцы, прафесійныя і самадзейныя артысты. Вялікая колькасць людзей робіць фестываль з глыбокай любоўю да сваёй зямлі, каб усе іншыя — землякі і замежнікі — маглі далучыцца да значнай нацыянальнай падзеі, узгадаць, хто ёсць славяне-беларусы-палешукі, адкуль паходзяць карані гасціннай і добразычлівай нацыі...

Каб было што перадаць...

Сведкамі першага фестывалю сталі каля 10 тысяч чалавек. Сёлета арганізатары гатовы прыняць і больш. Сустракаць гасцей і ўдзельнікаў будуць гасцініцы саміх Ляскавічаў, Петрыкава і Жыткавічаў. Спецыяльна да свята былі падрыхтаваны і забяспечаны ўсім неабходным восем купэйных вагонаў на чыгунцы, некаторыя навучальныя ўстановы Ляскавічаў.

Этнасвята кліча на Палессе— Сёння ёсць і дзе спыніцца, і што паесці. Іншая справа — людзям трэба паказваць нешта цікавае, адметнае, самабытнае, бо гэта збліжае і натхняе, — кажа генеральны дырэктар Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" Сцяпан БАМБІЗА. — Палессе, яно, вядома, распаўсюджваецца на чатыры краіны — Расію, Украіну, Беларусь і Польшчу. У Польшчы, напрыклад, падобныя фестывалі праводзяцца на вельмі высокім узроўні. І нам трэба не адставаць. З аднаго боку, падчас такіх сустрэч аб'ядноўваюцца беларусы, расіяне, украінцы і палякі, а з другога — нашы вяскоўцы, іх сем'і. Малыя і старыя апранаюць уборы, якія захаваліся ў іх ад прабабуль, выходзяць разам на сцэну, выступаюць...

З іншага боку, нам неабходна захаваць і перадаць наступным пакаленням шэраг уменняў. Каб нашы нашчадкі ведалі, што менавіта тут было здабыта жалеза, што тут былі выдатныя кавалі, бортнікі і г.д. Сёння ж нашы дзеці, бадай, не ўяўляюць, як плятуцца лапці, робяцца снасці... Як захаваць этнакультурную спадчыну? Толькі з дапамогай падобных свят. Зацікавіць, а потым вучыць. На гэтую ідэю павінен працаваць і наш новы музей.

Музей прыроды — неабходная атрыбутыка Нацыянальнага парку. Гэта вельмі эфектыўнае экалагічнае выхаванне як дзяцей, так і дарослых. Так, у нас была палеміка адносна таго, будаваць падобную ўстанову ці абысціся без яе. Для мяне асабіста адказ на гэтае пытанне быў адназначны: трэба паказваць, чым можна ганарыцца. Фінансаванне часткова забяспечыў Фонд аховы прыроды, астатняе парк узяў на сябе. Сам новы будынак — гэта аснова музея. Аднак пляцоўка вакол яго павінна стаць у перспектыве музеем пад адкрытым небам — каб там былі, скажам, млын, сядзіба палешука, а можа, і не толькі палешука, але і нашых суседзяў... Ідэй мноства. Трэба іх толькі ўкараняць і развіваць...

Нават вулiца — Фестывальная! Два гады таму ў вёску Ляскавiчы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласцi на першы фестываль этнакультурных традыцый "Поклiч Палесся" з'ехалася звыш 10 тысяч чалавек — удзельнiкаў i гасцей. Арганiзатары — Нацыянальны парк "Прыпяцкi", Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, Гомельскi аблвыканкам i Петрыкаўскi райвыканкам — нават не чакалi такой непадробнай цiкавасцi да новага праекта. Скажам, у той жа Польшчы падобныя святы ўжо добра прыжылiся, а для нас гэта быў "першы блiн". І ён не аказаўся камяком.   У першую чаргу гасцей захапiў "Горад майстроў": мясцовыя народныя ўмельцы з некалькiх раёнаў Гомельшчыны i Брэстчыны нагадалi сучаснiкам, дзе спрадвеку была найсмачнейшая мачанка i дранiкi, вэнджаная рыба i смажаная свежына, мёд з калод i самагонка... Былi i канцэртныя выступленнi прафесiйных i самадзейных калектываў, кiрмаш палескiх рамёстваў, конкурсы рэгiянальных падворкаў i нацыянальнай кухнi, выставы-прэзентацыi сацыяльна-культурных праектаў. Былi i катаннi на цеплаходах, маторных лодках, чаўнах. Была i дыскатэка з феерверкам!   Да прыёму, вядома, сур'ёзна рыхтавалiся. Каб не проста было дзе перакусiць-пераначаваць, але каб усё да апошняй дробязi было на ўзроўнi.   — Безумоўна, за намi ў гэтай справе — добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыi, — расказвае старшыня Ляскавiцкага сельвыканкама Вольга ЯНКЕВIЧ. — Наогул, у апошнiя гады Ляскавiчы моцна змянiлiся. Адрадзiлiся. Па-першае, у 2008-м вёска атрымала статус аграгарадка. З таго часу былi ўзведзены будынкi разлiкова-касавага цэнтра, комплекснага прыёмнага пункта, кавярня "Родны кут", гасцiнiца, непасрэдна адмiнiстрацыйны будынак Нацыянальнага парку, Дом экалагiчнай асветы, а таксама жыллё — каля 25 домiкаў, 10 з якiх стварылi новую вулiцу — Фестывальную. Быў рэканструяваны стары будынак мясцовай сярэдняй школы, дабудаваны да яго харчовы блок са сталовай, спартыўная зала i стадыён. Рэканструявалi i будынак дзiцячага садка, участковай бальнiцы з амбулаторным i стацыянарным аддзяленнямi, стаматалагiчным i фiзiятэрапеўтычным кабiнетамi, пяццю сацыяльнымi ложкамi сястрынскага догляду...   Адразу Ляскавiчы прыраслi i жыхарамi. Землякi, якiя некалi з'ехалi па розных прычынах, пачалi вяртацца на радзiму, аднаўляць крыху запушчанае бацькоўскае жыллё. Каб натхнiць i падтрымаць тых, каго паклiкалi каранi, сельвыканкам нават аб'явiў конкурс на лепшы падворак сярод службовага i асабiстага жылля. Матывацыяй стаў вылучаны Нацыянальным паркам 1 мiльён рублёў пераможцам. Такiм чынам удалося заахвоцiць людзей яшчэ лепш падрыхтавацца да другога фестывалю.   Глядзi, вучыся, гуляй   План мерапрыемстваў сёлетняга фестывалю зацвердзiў намеснiк прэм'ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь Мiхаiл Русы. Згодна з гэтым планам, у заўтрашнiм мерапрыемстве возьмуць удзел каля 1 тысячы артыстаў — самадзейных, заслужаных, аматарскiх, народных калектываў, iндывiдуальных выканаўцаў з васьмi рэгiёнаў Гомельскай вобласцi, прафесiйных калектываў з Беларусi, Расii, Украiны. Ад нашай краiны выступяць Нацыянальны акадэмiчны народны хор Рэспублiкi Беларусь iмя Г. I. Цiтовiча, Беларускi дзяржаўны ансамбль народнай песнi "Свята", арт-група "Беларусы", цыганскае шоу "Алюр". Запрошаны i замежныя прафесiйныя калектывы Чарнiгаўскай вобласцi (Украiна) i Бранскай вобласцi (Расiя).   — У звязцы з фестывалем на Петрыкаўшчыне разгарнуўся этнаграфiчны лагер "Летнiк", у рабоце якога бяруць удзел фалькларысты i этнографы, а таксама студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А. С. Пушкiна, Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Ф. Скарыны, Мазырскага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя I. П. Шамякiна, — паведамляе начальнiк упраўлення ўстаноў культуры i народнай творчасцi Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь Вадзiм ШЧЭРБIЧ. — Падчас экспедыцыi ўдзельнiкi сустракалiся з мясцовымi носьбiтамi фальклору ў вёсках Галубiца, Конкавiчы, Мiхедавiчы Петрыкаўскага раёна, знаёмiлiся з элементамi традыцый рэгiянальнай культуры. Сабраны матэрыял будзе абагульнены i выдадзены ў спецыяльным зборнiку...   Сёння ўпраўленне культуры Гомельскага райвыканкама сумесна з Мiнiстэрствам культуры i Нацыянальнай акадэмiяй навук Беларусi правядуць мiжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Традыцыйная культура Палесся i сучасны свет". У ёй удзельнiчаюць спецыялiсты ў галiне традыцыйнай народнай культуры, этнографы, фалькларысты, гiсторыкi-культуролагi, мастацтвазнаўцы Беларусi, Расii i Польшчы. Вучоныя абмяркоўвалi актуальныя праблемы сучаснага Палесся i магчымасцi захавання каштоўнай спадчыны.  

Этнасвята кліча на Палессе

Ужо з 15 жнiўня на тэрыторыi Нацыянальнага парку працаваў пленэр майстроў драўлянай скульптуры "Драўляны цуд". Дзевяць майстроў з Гомельскай i Брэсцкай абласцей выраблялi драўляныя скульптуры з дубовага бярвення. Творы застануцца, безумоўна, на тэрыторыi парка.   Заўтра, 25 жнiўня, гасцям фестывалю прадастаўляецца магчымасць азнаёмiцца з тэматычнымi падворкамi народных промыслаў Палесся. Дванаццаць раёнаў прадставяць кожны сваю тэму. Скажам, Столiншчына прадэманструе майстэрства ганчароў. Некалi ж тамтэйшыя ганчары забяспечвалi сваiмi гаршчкамi ўсё Палессе! Пiнчукi традыцыйна славiлiся ўменнем шыць прыгожае адзенне, iх тэмай стане ткацтва. Для лельчукоў блiжэй бондарства i лазапляценне. Пяцёра кавалёў з Гродзенскай вобласцi пакажуць сучаснiкам сваё ўменне.   Падворкi размешчаны ўздоўж ракi, так што можна будзе паступова пераходзiць ад аднаго да другога, адкрываць для сябе свет нашых продкаў, а заадно ўбачыць выступленнi творчых калектываў, iх абрадавыя танцы, гульнi, усё тое, што адлюстроўвае каларыт палескага рэгiёна. Усё гэта будзе спалучацца з прэзентацыяй страў мясцовай кухнi, работай пунктаў харчавання i гандлёвых радоў. Як i ў мiнулы раз, будуць катаннi на конях, у брычцы, цягнiчку i г.д.   Для дзяцей устаноўлены пляцоўкi з атракцыёнамi, арганiзавана гульнявая конкурсная праграма. Акрамя таго, будзе паказана незвычайная калекцыя адзення з прыродных матэрыялаў. Паралельна будзе дзейнiчаць выстава дзiцячай творчасцi.   Сваю творчую пляцоўку арганiзуюць паэты, пiсьменнiкi i барды. Спецыяльная выстава прадэманструе кнiгi аб жыццi беларускага Палесся. Мастакi Гомельшчыны атрымалi магчымасць паказаць больш за 50 сваiх работ. Ствараць новыя работы на пленэры будуць навучэнцы мастацкiх аддзяленняў дзiцячых школ мастацтваў Петрыкаўскага i Жыткавiцкага раёнаў.   Упраўленне фiзiчнай культуры, спорту i турызму Гомельскага i Брэсцкага аблвыканкамаў сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме правядуць сумесную выставу друкаванай рэкламнай прадукцыi для арганiзацыi турыстычных маршрутаў. У сценах новага Музея прыроды пакажуць тэматычныя вiдэафiльмы. У межах свята адбудзецца шэраг конкурсаў, сярод якiх i "Ганаровы паляшук". Сваiх кандыдатаў прапанавалi для спаборнiцтва 11 раёнаў.   Экспанаты раскажуць усё   Удзельнiкам i гасцям свята прадаставiцца магчымасць першымi азнаёмiцца з новым музеем, якi пачаў будавацца ў 2010 годзе на тэрыторыi Нацыянальнага парку, непасрэдна ў Ляскавiчах. Парк наведвае штогод да 50 тысяч чалавек. Так што Музей прыроды можна назваць сёння звычайнай неабходнасцю. Аднак для таго, каб сам аб'ект аказаўся незвычайным, давялося сур'ёзна вывучаць вопыт i ўлiчваць усе дробныя хiбы пры стварэннi iншых падобных устаноў на тэрыторыi нашай i суседнiх краiн. Летась была здадзена першая чарга аб'екта — створана экспазiцыя залы прыродных комплексаў i аб'ектаў. — У гэтай зале прадстаўлены асноўныя прыродныя комплексы — лясная i адкрытая поймы ракi Прыпяць, — праводзiць невялiчкую экскурсiю для звяздоўцаў намеснiк генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага парку "Прыпяцкi", кандыдат сельскагаспадарчых навук Анатоль УГЛЯНЕЦ. — Адкрытая пойма — гэта месца пралёту i гнездавання вялiкай колькасцi птушак, так бы мовiць, мiграцыйны калiдор. Замежнiкi з Галандыi, Аўстрыi, Бельгii, iншых краiн з задавальненнем прыязджаюць дзеля таго, каб пабачыць на пралёце чорнага бусла, арлана-белахвоста, марадунку, белалазанку, турухтанаўку... Гэты ўчастак Нацыянальнага парку прадстаўлены на экспазiцыi ўвесну, калi Прыпяць шырока разлiваецца... Менавiта тут, на астраўках сушы, захавалiся пойменныя дубравы. Такiя ёсць, бадай, толькi на Прыпяцi. Гэта ўнiкальнае месца як для заходняй, так i для ўсходняй часткi Еўропы. Некаторыя замежнiкi едуць да нас з мэтай азнаямлення з гэтымi дубравамi.   Наступная частка экспазiцыi — прыродны комплекс першай надпойменнай тэрасы. У Прыпяцi — пойма i дзве тэрасы. Некалi рака была надта шырокай, аднак з цягам часу паток звузiўся, урэзаўся ўглыб i з'явiлiся тэрасы. На першай мы бачым старычнае возера. Яно за тысячу гадоў утварылася на месцы былой ракi, якая змянiла сваё рэчышча. Тут таксама ёсць дубравы, шыракалiстыя i чарнавольхавыя лясы, растуць вербы... Жывуць бабры, качкi, буслы, у iншых шыракалiстых лясах добра сябе адчуваюць розныя вiды парнакапытных. Найбольш каларытны тутэйшы прадстаўнiк — еўрапейскi зубр. Яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя зубр быў на Прыпяцi, аднак праз 200 гадоў давялося яго вяртаць на гэтыя ўгоддзi, завозiць з Белавежскай пушчы, падмаскоўнага запаведнiка. Сёння тры вольныя мiкрапапуляцыi зуброў жывуць тут свабодна, з камфортам. Мы iх толькi ахоўваем.   Трэцяя частка экспазiцыi — другая надпойменная тэраса. 6-8 тысяч гадоў таму гэта была велiзарная лагуна, аднак паступова зямля паднiмалася, вады станавiлася менш, з'яўлялiся водныя астраўкi. Вятрамi намяло дзюны, мiнеральныя астравы, якiя акаляюць мясцовыя балоты — шырынёй да 10 км i даўжынёй — да 30 км. Гэта 30 тысяч га. Буйнейшае балота, прычым ёсць i нiзiннае, i пераходнае, i верхавое. Верхавое — апошняе, адно з самых паўднёвых балот такога тыпу. На ўчастку шыракалiстага лесу водзiцца алень, барсук, на ўскрайках сасновых лясоў — цецярук, а на балотах — пераважна глушэц, шэры журавель, які вядзе скрытны лад жыцця, жыве падалей ад людскiх вачэй. Гэта яшчэ адна сур'ёзная падстава для прыезду замежнага турыста — падзiвiцца на гэтую пойму, гэтае балота. Праз наш тураддзел група турыстаў або адзiн чалавек можа аформiць такую экскурсiю... У нас, дарэчы, распрацаваны спецыяльныя экалагiчныя тропы — да самай вялiкай сасны ў парку, да цар-дуба, якi толькi пяцёра абхапiць могуць... На цар-сасне яшчэ стаяць старыя калоды — борцi, якiя лiтаральна гадоў 50-70 таму давалi мёд. Засталiся яшчэ тыя, хто i цяпер займаецца бортнiцтвам, збiрае мёд на дрэвах. А такi мёд сапраўды каштоўны, чысты...   Далей надпойменная тэраса пераходзiць у водна-пясчаную раўнiну з дзюнамi. З-за надта засушлiвага клiмату на Палессi елак, якiя любяць вiльгаць, фактычна няма, аднак тут, на пераходзе ад балота да сухадолу, захаваўся астраўны ельнiк. З жывёл у гэтых мясцiнах сустракаюцца воўк, кабан, казуля i iншыя. Нарэшце, дзюны, пяскi. Гадоў 10 тысяч таму вятры надзьмулi дзюны. Тут растуць крываватыя нiзкарослыя сосны — не ўзнiмаюцца вышэй, бо iм не хапае вiльгацi. Крыху нiжэй сустракаецца сасна больш прамая i высокая, больш дрэў i кустоў, ёсць верасовыя, чарнiчнiк. Цячэ адна з невялiкiх палескiх рачулак — Свiнавод. Верагодна, назвалi яе так з-за таго, што некалi тут вадзiлiся дзiкiя свiннi. Блiжэй да рэчкi прытулiлася вёска. З жывёл мы бачым казулю еўрапейскую, лiсу...   Падчас экскурсii наведвальнiк даведаецца, што працягласць Прыпяцi, якая працякае праз Брэсцкую i Гомельскую вобласцi i ўпадае ў Кiеўскае вадасховiшча, складае 761 км. У рацэ сустракаюцца 44 вiды рыб, некаторыя з iх — сом, судак, шчупак, сазан (або дзiкi карп), лiнь, лешч, акунь i плотка — прадстаўлены ў якасцi музейных экспанатаў даволi арыгiнальным чынам... Калi паглядзець уверх, можна ўбачыць чучалы ястраба, савы, луня балотнага i палявога, сокала-пустэльгi i iнш.   На першым паверсе музея прадстаўлена таксама гiсторыя i археалогiя прыпяцкага Палесся. Наведвальнiк павiнен атрымаць iнфармацыю аб тым, што тут было ў час, калi толькi пасялiўся чалавек, i што ўяўляе Нацыянальны парк "Прыпяцкi" сёння. На другiм паверсе — экспазiцыя быту i заняткаў палешукоў. Можна пабачыць падворак палешука, а надалей будуць дзейнiчаць зменныя выставы рэчаў, карцiн i фота. Мяркуецца, што першым выставiцца гомельскi калекцыянер Валерый Грымашэвiч, якi мае шмат старых абрусаў, ручнiкоў мiнулых стагоддзяў, нацельныя крыжыкi, каменныя сякеры, нават кавалачкi паперы з указам цара, стары пашпарт i iнш. Такiм чынам, музей дасць усе асноўныя веды аб жыццi Палесся.

Святлана БАРЫСЕНКА, Алена ДАЎЖАНОК. Фота Марыі ЖЫЛІНСКАЙ.

УНП 400050258

←В детсадах Гомельской области не хватает мест для 3.000 детей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика