Студэнцкi бум «вымыў» таннае жыллё сталiцы

Источник материала:  

Мінімальны кошт арэнды аднапакаёвак дасягнуў 250 USD

Ужо традыцыйна ў другой палове жніўня на рынку жыллёвай арэнды сталіцы пачынаецца сапраўдны ажыятаж. Сёлета гэтая тэндэнцыя праяўляецца ўвогуле вельмі моцна, бо ў апошнія 4—5 месяцаў на рынак Мінска амаль не паступаюць кватэры з новабудоўляў. Кватэр па льготных крэдытах цяпер будуецца ўжо менш, а попыт працягвае павялічвацца...

Бюджэтных кватэр практычна няма

Як паведаміла карэспандэнту "Звязды" спецыяліст аддзела арэнды Цэнтра гандлю нерухомасцю "ПАКАДАН" Алена Агрызка, ужо з другой дэкады жніўня спецыялісты агенцтваў працуюць у рэжыме аўралу. Невялікіх кватэр па мінімальным і сярэднім кошце ў базе агенцтваў амаль не засталося, а за дзень такая слабая прапанова павялічваецца толькі на 3—4 жылыя памяшканні ад новых гаспадароў. Перад выхаднымі прапанова можа дасягаць 10 новых варыянтаў — і ўсё. Вясной на рынак штодзень трапляла каля 15—20 пустых кватэр, але цяпер і гэтай колькасці было б недастаткова. Сёння агенцтва атрымлівае каля 30—40 заказаў на арэнду бюджэтнага жылля, а рэальна абслугоўвае толькі 3—4 кліентаў. А вось па элітным жыллі сітуацыя зусім іншая: агенцтвы могуць засяліць у такія дарагія апартаменты ажно каля 20—30 сем'яў у дзень.

Студэнцкi бум «вымыў» таннае жыллё сталiцыАдначасова з дэфіцытам бюджэтнага здымнага жылля ў Мінску пачалося павелічэнне цэннікаў арэнды. Зараз мінімальны кошт аднапакаёвых кватэр пачынаецца ўжо з 250 долараў. Напрыклад, у Шабанах нават самыя "слабенькія" па якасці аднапакаёўкі каштуюць не менш чым 240—250 долараў. Сёння гэта норма.

Увогуле, сярэдні кошт арэнды стандартных аднапакаёвых кватэр складае каля 270—280 долараў. А вось самая звычайная бюджэтная аднапакаёўка бліжэй да цэнтра каштуе не менш як 300 долараў. Заўважу, што ў цэнтры маленькага жылля па сярэднім кошце ўжо не засталося. Рамонт, сучасная мэбля плюс пральная машына — і такая аднапакаёўка ў цэнтры каштуе 350—400 долараў і больш.

Цэннік двухпакаёвак пачынаецца з 300 долараў

Мінімальны кошт стандартных двухпакаёвых кватэр дасягае цяпер 300 долараў. Але такога жылля на сталічным рынку не хапае. Наш эксперт адзначае, што выбар двухпакаёвак большы, чым аднапакаёвых кватэр, аднак... Шмат варыянтаў сярод двухпакаёвак прыпадае менавіта на дарагія кватэры, якія прапануюцца ўжо за 400 долараў і даражэй. Але гэта не нейкае элітнае жыллё, дзе галоўную ролю адыгрывае якасць рамонту памяшканняў і мэбля. Проста гаспадары вырашылі паставіць такі цэннік, які часам не адпавядае рэальнаму ўзроўню паслуг. Але на рынку зараз ажыятаж, ён часовы, аднак цэны растуць.

Зусім невялікая прапанова існуе на рынку па трохпакаёвых кватэрах. Такое жыллё прапануецца па кошце ад 300 долараў і вышэй.

Менавіта летам добрым попытам у кліентаў пачалі карыстацца асобныя пакоі ў звычайных жылых кватэрах. Сярэдні кошт пакоя на аднаго кватаранта складае каля 100 долараў, а для двух кліентаў — у памеры ад 150 да 170 долараў. Так адбылося, што пакоі за апошні месяц падаражэлі недзе на 10—15 долараў, пасля чаго кошт на іх стабілізаваўся. Аднак сёння і ліквідных пакояў у агенцтвах ужо не хапае.

Студэнцкі ажыятаж працягнецца да 5 верасня

Нягледзячы на тое, што цяпер агенцтвы нерухомасці не могуць імгненна задаволіць усіх сваіх кліентаў жыллём, сітуацыя на рынку арэнды не крытычная, упэўнена Алена Агрызка. З цягам часу ўсім кліентам агенцтва будзе прапанавана жыллё. Справа ў тым, што зараз пэўная колькасць гаспадароў такіх кватэр чакае менавіта сваіх кліентаў, якія будуць згодны плаціць па цэнніку, што сёння вышэй за рынкавы рэальны кошт. Аднак спецыялісты ўпэўнены, што ўжо ў першы тыдзень верасня ажыятажны попыт пачне змяншацца і ўладальнікі кватэр прыцішаць свае апетыты.

Праўда, гэта яшчэ не азначае, што на рынку з'явіцца шмат танных аднапакаёвак. Проста тыя кватэры, якія сёння спекуляцыйна прапануюцца за 300 ці 350 долараў, праз пэўны час будуць выстаўлены па рэальным цэнніку — за 250 долараў.

Эксперт нашага выдання ўпэўнены, што з такім маштабным дэфіцытам арэнднага жылля канчатковая стабілізацыя рынку адбудзецца не раней, чым у сярэдзіне кастрычніка ці нават у лістападзе.

"Залатая" кватэра за 7 тысяч еўра ў месяц

Як адзначылі рэдакцыі ў аддзеле арэнды Цэнтра гандлю нерухомасцю "ПАКАДАН", пад элітным жыллём маюцца на ўвазе такія прасторныя кватэры, агульная плошча якіх вагаецца ў межах ад 250 да 350 квадратных метраў. У гэтых жылых памяшканнях абавязкова робіцца шыкоўны рамонт, пасля якога застаецца некалькі ванных пакояў і прыбіральняў, усталёўваецца сучасная еўрапейская мэбля, бытавая тэхніка і сістэма бяспекі.

Жыллё экстра-класа шырока не рэкламуецца, а прапануецца выключна VІР-кліентам. Звычайна арэнда падобных апартаментаў каштуе 1,5—2,5 тысячы долараў у месяц, аднак бываюць і выключэнні. Напрыклад, калі па індывідуальным дызайн-праекце ў такім жыллі ёсць уласная саўна, зімовы сад і шмат чаго яшчэ. Недзе месяц таму на сталічным рынку арэнды з'явілася трохузроўневая кватэра агульнай плошчай каля 540 квадратных метраў. Стартавы кошт арэнды такой суперкватэры складае 7 тысяч еўра ў месяц.

Сяргей КУРКАЧ.

←МЧС предлагает ввести ответственность для родителей, оставивших детей без присмотра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика