Сына назвалі Графам

Источник материала:  

Якія імёны самыя папулярныя і рэдкія ў рэгіёне? Колькі нарадзілася дзяцей? Колькі шлюбаў адбылося?
ВІЛЕЙКА.Як паведаміла вядучы спецыяліст Іна Лісоўкіна, шлюбаў за межамі ЗАГСа не было ні за мінулы, ні за гэты год.
З замежнікамі ў 2011 годзе было заключана 18 шлюбаў – з грамадзянамі Расійскай федэрацыі, Украіны, Ірака, Літвы, Ізраіля, Грузіі і Латвіі.
У мінулым годзе былі зарэгістраваныя 284 шлюбы, сёлета – 182.
У 2011 годзе з'явілася на свет 283 дзіцяці, з іх 145 хлопчыкаў і 138 дзяўчынак.
Папулярнымі сталі  імёны Дар’я, Ксенія, Паліна, Настасся, Ульяна і Мілана, Максім, Ягор, Яўген, Дзмітры, Данііл, Аляксей. Аднак сустракаліся і рэдкія як у дзяўчынак – Амелія, Эвеліна, Дамініка, Злата-Анастасія, так і ў хлопчыкаў – Яфім, Тыгран, Захар, Назар і Радзівон.
МЯДЗЕЛ. Паводле слоў начальніка аддзела ЗАГС Галіны Калмук, у 2011 годзе было зарэгістравана 225 шлюбаў. Са студзеня па ліпень гэтага года – 85.
Летась шлюб па-за межамі ЗАГСа быў толькі адзін. Сёлета таксама ёсць пара, якая хоча распісацца такім чынам.
За 2011 год звязалі свой лёс з грамадзянамі Расіі, Украіны і Літвы дзевяць чалавек. Сёлета ж згулялі тры вяселлі толькі з расіянамі.
За мінулы год нарадзілася 235 дзяцей: на свет з’явілася 125 дзяўчынак і 110 хлопчыкаў. За мінулыя месяцы гэтага года – 148, з іх 79 дзяўчынак і 69 хлопчыкаў.
Самымі распаўсюджанымі імёнамі для нованароджаных былі Паліна, Дар’я, Дзмітры, Уладзіслаў. Некаторыя бацькі выбралі для сваіх дзяцей больш рэдкія імёны: Віталіна, Евангеліна, Варвара, Васіліса, Захар, Патап.
АШМЯНЫ.Генуэфа Барыловіч, вядучы спецыяліст аддзела ЗАГС, паведаміла, што па-за ЗАГСам шлюбаў пакуль не бралі.
У 2011 годзе 392 дзіцяці ўбачылі свет. Да першага жніўня гэтага года з’явілася 219 дзяцей.
Як распавяла спецыяліст, адно дзіця назвалі Графам. Яго бацькі – цыганы. Рэдкімі цяпер з’яўляюцца раней распаўсюджаныя імёны: Пётр, Алег, Васіль.
СМАРГОНЬ. Звесткамі пра шлюб падзялілася начальнік аддзела ЗАГС Ірына Казакова. Яна распавяла, што за тэрыторыяй ЗАГСа, у рэстаране, бралі шлюб па адным разе ў 2011 і 2012 гадах.
Аднолькавая колькасць шлюбаў з іншаземцамі – 29 – была ў мінулым і гэтым гадах. Пераважна з расіянамі і літоўцамі.
– Калі параўноўваць сем месяцаў гэтага і мінулага года, – дзеліцца Ірына Казакова, – мы ўбачым, што ў 2012 нарадзілася на 21 дзіця больш.
Імёны, якія далі маладыя бацькі дзецям, розныя. Сустракаюцца і незвычайныя. Дзявочыя – Беатрыс, Алевія, Ніколь, Дамініка, Ія, Ліна, Злата, Эмілія. Імёны хлопчыкаў – Алесь, Эдвін, Нікадзім, Даніэль, Цімур, Ян і Ігнат.
АСТРАВЕЦ. Па інфармацыі Астравецкага ЗАГСа, з грамадзянамі іншых краін летась было заключана прыкладна трыццаць шлюбаў, пераважна з літоўцамі, палякамі, расейцамі.
За гэты перыяд нарадзілася 145 дзяўчынак і 134 хлопчыкі.
ВАЛОЖЫН. Пра шлюбы на Валожыншчыне расказала Вольга Цялеўка, галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС. Яна паведаміла, што за восем месяцаў гэтага года было заключана 114 шлюбаў. За той жа перыяд 2011 года – 148.
Летась нарадзілася 360 дзетак: 178 дзяўчынак і 182 хлопчыкі. 180 дзяцей былі першымі ў сям’і, а чацвёра – аж пятымі.
А вось сёлета з’явілася на свет 211 дзяцей: 104 дзяўчынкі і 109 хлопчыкаў. Сорак дзевяць з іх – ад маці-адзіночак.
Імёны ў многіх дзетак простыя і прыгожыя: Паліна, Ганна, Марыя, Арцём, Ягор, Максім. А ў некаторых – цікавыя і нестандартныя, як, напрыклад, Амалія, Арзу, Арыяна, Ева, Ілона, Сандрына, Фаіна, Эрыка, Габрыэль, Герман, Ілія, Марак, Савелій, Ціхан і Эмір.
Таццяна КАСЬЯН.

←"Мисс мира-2012" стала 23-летняя Ю Вэньсиа из Китая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика