Камбайнёр у алімпійскім касцюме не глядзеў ніводнай трансляцыі з Лондана

Источник материала:  
10.08.2012 16:02 — Новости Общества

Камбайнёр у алімпійскім касцюме не глядзеў ніводнай трансляцыі з Лондана

           


Пра Алімпіяду Аляксандр Пугачоў даведаўся толькі, калі яго ўзнагародзілі формай зборнай Беларусі.
Камбайнёр у алімпійскім касцюме не глядзеў ніводнай трансляцыі з Лондана
 
“Касцюм добра падышоў. З памерам угадалі”, — седзячы за рулём камбайна, распавядае Еўрарадыё механізатар саўгаса “Вараніно” Аляксандр Пугачоў. Каб мабілізаваць людзей на бітву за ўраджай, у Магілёўскай вобласці прыдумалі дарыць ім… алімпійскія касцюмы зборнай Беларусі!
 


 
Дык што, пытаюся, пра тое, які патрэбны памер, ніхто не пытаўся?
 
“Так, угадалі! І напарніку майму таксама падышоў”, — сам здзіўляецца механізатар таму, як цудоўна пашанцавала.
 
Ажаніцца Пугачоў яшчэ не паспеў, таму пахваліцца абноўкай дома няма перад кім. Хаця камбайнёр і кажа, што ўзрадаваўся алімпійскай форме больш, чым грошам, што з ёй рабіць — не ўяўляе:
 
“На танцы ў ім не пойдзеш, і на афіцыйныя мерапрыемствы не пойдзеш… Ну, так, мабыць, можна выйсці пагуляць!”
 
Але пакуль гуляць няма калі: ад раніцы да позняга вечара камбайнёр працуе ў полі.
 
Аляксандр Пугачоў: “Пакуль дадому, пакуль памыешся, тое-сёе — ужо і 11-я! Так што пакуль часу няма насіць яго”.
 
Часу няма і на тое, каб сачыць за Алімпіядай! Увогуле, пра тое, што ўжо два тыдні праходзяць гульні ў Лондане, камбайнёр даведаўся, калі да яго прыйшлі з алімпійскай формай.
 
Аляксандр Пугачоў: “Ніводнага разу не атрымлівалася паглядзець і нават чуць што-небудзь. Я ж увесь цалкам у працы! Калі ж тут глядзець? Нават прыгадаць пра Алімпіяду часу няма!”
 
Чым яшчэ матывуюць камбайнёраў да працы на жніве? Кіраўнік гаспадаркі “Айчына” Брэсцкай вобласці Уладзімір Бандарэнка хваліцца, што за ўборку камбайнёры атрымліваюць у яго ад 8 да 23 мільёнаў! Падзівіўшыся такому няслабаму заробку, Еўрарадыё вырашае зазірнуць у кішэню рэкардсмена “Айчыны” Фёдара Баслая:
 
“Не, ну гэта яны загнулі, канечне. Нам галоўны спецыяліст па эканоміцы гаспадаркі напачатку ўборачнай папулярна патлумачыў: калі намалоцім па 900 тон збожжа – дык атрымаем заробак у 1 тысячу долараў. Ну, прыкладна столькі гэта і будзе”.
 
Здзіўляецца лічбе ў 23 мільёны і Аляксандр Пугачоў:
 
“Ой, не, у нас такіх вялікіх заробкаў, вядома, не бывае! У нас, мабыць, мільёнаў 7 будзе ўлетку. А ўзімку, калі я працую інжынерам, атрымліваю 2 мільёны”.
 
Шчасліваму ўладальніку алімпійскага касцюма Аляксандру Пугачову нядаўна споўнілася 22 гады. А Фёдар Баслай толькі камбайнёрам працуе ўжо 30 гадоў. Але замест алімпійскага касцюма яго ўзнагародзілі… электрычным чайнікам!
 
“За першае месца па ўборачнай, акрамя заробку, далі прэмію — 2 мільёны рублёў. А за першую тысячу намалочанага збожжа — электрычны чайнік. У нас усім, хто 1 тысячу тон намалаціў, чайнік давалі”, — распавядае Еўрарадыё камбайнёр.
 
Сёлета Баслай намалаціў на жніве 1 тысячу 800 тон.
 
“Калі б прапанавалі выбар: грошы ці алімпійскую форму — я выбраў бы форму. Бо гэта — рэч! На вуліцу я б у ёй не выходзіў: навошта па вёсцы хадзіць у алімпійскім касцюме? Апранаў бы дома”.

←Белорусские детские онкологи поделятся опытом с коллегами из СНГ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика