Мастацкая гімнастыка з падтрымкай Райманда Паўлса
Мяркую, калі задацца пытаннем, трансляцыі якога віду спорту беларусы абавязкова будуць глядзець на Алімпіядзе, добрая частка нашых суайчыннікаў з упэўненасцю назаве мастацкую гімнастыку. Аднак гэта не будзе дыпламатычным рэверансам. Гэта сапраўды добрая традыцыя, згодна з якой айчынныя грацыі ўжо даўно ў эліце сусветнай гімнастыкі. І не дзіўна. 9 медалёў на мінскім этапе Кубка свету сведчаць адно — беларускі сапраўды ў добрай форме.
У апошнія дні перад вылетам у алімпійскі Лондан нашы "мастачкі" рыхтуюцца ў сталічным спарткомплексе "Дынама", што на вуліцы Даўмана. Ірына ЛЯПАРСКАЯ, галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы, падчас інтэрв'ю спяшалася на чарговую трэніроўку, часам паглядвала на свой тэлефон, але змястоўна адказала на ўсе пытанні карэспандэнта "Звязды".
— Ірына Юр'еўна, Мінск нядаўна прымаў заключны этап Кубка свету. Ці засталіся цалкам задаволеныя спаборніцтвамі, судзействам?
— У мяне няма прэтэнзій ні да суддзяў, ні да арганізатараў, ні да сябе. Мы правялі тое, што здолелі. А суддзі судзілі так, як павінны былі гэта рабіць на гэтым этапе. І я не думаю, што была вялікая несправядлівасць. Магчыма, заўвагі тычацца толькі адзнакі зборнай Расіі ў шматбор'і (практыкаванне з мячом). Можа, арбітры ім крышачку і дапамаглі падтрымаць дзяўчат перад галоўным стартам. Але я не думаю, што гэта прынцыпова паўплывала на расстаноўку сіл у мастацкай гімнастыцы. Расія, Беларусь... А далей могуць супернічаць і Італія, і Балгарыя, і Іспанія, і Ізраіль. Мяне падобная расстаноўка задавальняе. Для гэтага мы і працавалі. Падобная сітуацыя была напярэдадні Алімпіяды ў Сіднеі, перад Пекінам. І толькі ў Афінах мы змагаліся за трэцяе месца.
Дарэчы, Алімпійскія гульні — не тыя спаборніцтвы, на якіх можна нешта планаваць і загадваць наперад. Я заўжды кажу, яны бліжэй за ўсе астатнія да Бога. І рабі ўсё, што ты павінен рабіць, атрымай тое, што атрымаеш. Гэта тычыцца менавіта падобных спаборніцтваў. Мы ведаем чэмпіёнаў, якія "вешалі" сабе на шыю медаль яшчэ да пачатку Алімпіяды. У іх ніхто не сумняваўся, але менавіта яны не атрымалі ўзнагароды. У сваю чаргу, мы робім усё шчыра. Не ўвільваем ад адказнасці і нічога не загадваем наперад.
— У мінскіх спаборніцтвах не ўдзельнічалі балгаркі і каманда Грэцыі. Утойвалі сваю праграму?
— Мы жывём у час інтэрнэту, "ютубу". Што можна схаваць? Нічога. Сакрэтаў няма. Балгары проста тактычна не хацелі спаборнічаць на беларускай зямлі. Яны таксама лічаць сябе моцнымі, вартымі месца ў тройцы лепшых. Я размаўляла з трэнерам іх зборнай, яна сказала: "Мы не прыедзем да вас, Іра, гэта апошні старт перад Алімпіядай. Мы хочам спакойна рыхтавацца. Без стрэсаў". Я іх разумею. Хутчэй за ўсё, калі б апошні этап праходзіў у Балгарыі, мы туды таксама не паехалі б. А ў грачанак, на жаль, у апошні момант атрымала пашкоджанне дзяўчына. Толькі таму яны і не прыехалі. А ў нас ужо для іх забраніравалі гасцініцу, падрыхтавалі аўтобус. Але такі спорт. Таму зычу ўсім здароўя. Каб усе, хто трапіў на Алімпіяду, здолелі захаваць яго, наколькі гэта магчыма. І каб гэта не перашкодзіла ім прадэманстраваць свой максімальны вынік.
— Па вашых адчуваннях, што зараз цешыць у працы са зборнай, а што найбольш хвалюе?
— Алімпіяда сама па сабе і радуе, і трывожыць. Усцешвае тое, што на апошнім этапе дзяўчаты здолелі паказаць добрую гатоўнасць. Зараз у нас добрыя ўмовы для падрыхтоўкі ў зале. Усіх дзяцей адправілі на канікулы, а таму можам спакойна рыхтавацца да гульняў. Цешыць тое, што больш-менш усе здаровыя. А гэта галоўнае. Здароўе дзяўчат нас хвалюе 24 гадзіны ў суткі, 365 дзён у год.
— Цікава, а як трэніруецеся ў гэты своеасаблівы перадалімпійскі перыяд?
— А нічога асабліва не мяняецца. Як працавалі ўсё жыццё, так працуем і зараз. Толькі ў больш спакойным рэжыме. Удасканальваем, адточваем, шліфуем...
— Прадстаўнікі гульнявых відаў спорту часта трэніруюцца двойчы на дзень...
Беларускім грацыям ёсць у чым здзівіць алімпійскі Лондан.— Часта? А мы ўсё жыццё трэніруемся двойчы, нават тройчы на дзень. Увогуле гімнастка, якая нават не рыхтуецца да Алімпіяды, штодзённа затрачвае на працу 8 гадзін. Я заўжды марыла, каб нашы "гульневікі" выступалі на Алімпійскіх гульнях. І вось цяпер там Беларусь прэзентуюць футбалісты. Зычу ім заваяваць медаль. Калі дасягнуць гэтага — будуць героямі. Але для падобных вынікаў неабходна трэніравацца двойчы на дзень. Без гэтага нічога не будзе.
— Вы ўжо азнаёміліся з лонданскімі ўмовамі для падрыхтоўкі?
— Я ездзіла на перадалімпійскі тыдзень. Адбывалася ўсё ў зале "О 2", сапраўды шыкоўным комплексе з добрай інфраструктурай. І я шчыра зайздрошчу спартыўным гімнасткам, спаборніцтвы якіх прыме гэты цэнтр. А мы будзем спаборнічаць на арэне "Уэмблі" (не блытаць са стадыёнам, які прыме футбольныя матчы. — Аўт.). Усё пра яго прыкладна ведаем — старая зала. Адзінае, што мы павінны прыехаць і азнаёміцца з разміначнай залай. Яна не стацыянарная, а надзіманая. А вільготнае надвор'е можа перашкодзіць гімнасткам. У падобным клімаце ў нас скручваюцца стужкі, робяцца некіруемымі. Таму спадзяюся, будзе не спякотнае, але сухое надвор'е.
Умовы ў нас будуць не самыя лёгкія. Акрамя таго, каб трапіць з трэніровачнага памяшкання ў залу для спаборніцтваў, нам трэба будзе падняцца над дарогай, прайсці перад ёй, сысці і пасля яшчэ рухацца па вуліцах. І мы яшчэ не бачылі гэты шлях. Шкада, што да такога спорту такім чынам паставіліся на Алімпійскіх гульнях. Можа, чым горш, тым і лепш, бо ўсе ў аднолькавых умовах.
— Для вас Алімпіяда ў Лондане далёка не першая ў біяграфіі. Але ў зборнай ёсць дзяўчаты, якія ўпершыню трапілі на галоўныя старты чатырохгоддзя.
— Ім дастаткова вопыту, які яны набылі падчас падрыхтоўкі, выступленняў на чэмпіянатах свету і Еўропы. Ім хапае і нашага досведу з Таццянай Яўгенаўнай Нянашавай, трэнерам каманды ў групавых практыкаваннях. Не хвалюйцеся за іх.
— Між іншым, пад якую музыку будуць выступаць айчынныя грацыі?
— Яе ўжо зацвердзілі. Дарэчы, упершыню ад нас патрабавалі атрымаць адмысловы дазвол ад аўтара ці гуказапісвальнай кампаніі, якой належаць правы на той ці іншы музыкальны твор. Гэта быў вялікі кавалак працы, які заняў тры месяцы. І калі так будзе ўвесь час, нам не будзе калі трэніравацца, а будзем толькі зацвярджаць музыку. Мы хваляваліся, бо нехта не дазваляў выкарыстоўваць музыку, а ў кагосьці было адразу некалькі праваўладальнікаў. Але ў выніку мы справіліся на ўсе сто. Якія жанры? Вельмі розныя: ад танцавальных да лірычных, ёсць і кампазіцыі з кінафільмаў. А гэта і музыка Франсіса Ле з фільма "Гісторыя кахання", якую ён нам асабіста дазволіў выкарыстоўваць у выступленні Любы Чаркашынай са стужкай, фрагмент Ігара Карнелюка з "Майстра і Маргарыты". Я вельмі ўдзячная і Райманду Паўлсу. Ён даў дазвол на "Караван" у сваім выкананні. Між іншым, я размаўляла з ім па тэлефоне, і ён сказаў, што будзе трымаць пальцы, "хварэць" за нашых дзяўчат. З вялікай цяжкасцю мы атрымалі дазвол ад Аляксея Рыбнікава на тэму з яго рок-оперы "Юнона і Авось". Дзякуй яму, што дазволіў Меліце Станюце выступаць пад гэту музыку, бо вельмі цяжка на хаду мяняць кампазіцыю, пад якую трэніруешся ўжо паўтара года.
Тарас ШЧЫРЫ. Фота Надзеі БУЖАН.
Р.S. Учора заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская адзначала свой дзень народзінаў. Віншуем Ірыну Юр'еўну са святам, зычым моцнага здароўя і творчых поспехаў!