Купацца забаронена, паесці няма дзе
Карэспандэнт “Народнай Волі” накіраваўся ў Мядзель, каб паглядзець на ўсё сваімі вачыма.
Курорт расійскіх пенсіянераў
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што Нарач -- гэта курорт для беларусаў, нашых землякоў тут няшмат. Як правіла, прыязджаюць на дзень-два, на выхадныя, -- вось і ўвесь адпачынак. Асноўны кантынгент -- расіяне. Размаўляю з дзвюма грамадзянкамі Расіі. Абедзве пенсіянеркі з Падмаскоўя. Ірына і Тамара не першы раз адпачываюць на Нарачы -- былі тут летам 2010-га. Тамара кажа:
-- Нам тут спадабалася. Харчаванне добрае, нават вось узялі апельсін і яблык з сабой са стала. Пазней з’ядзім. Тут што добра -- дык гэта тое, што ёсць комплекс медыцынскіх працэдур. Я, напрыклад, толькі дзеля гэтага сюды прыехала. У нас, на жаль, санаторыі саступілі дамам адпачынку. А трэба ж не толькі адпачыць, але і здароўе паправіць. Нам падабаецца стаўленне да нас з боку персаналу. Ну і лес тут такі прыгожы, што папросту прыемна хадзіць і дыхаць свежым паветрам. Праўда, хочацца нешта набыць з сабой, а з гэтым тут цяжка. Вось дамовіліся з адным кіроўцам мінібуса, які паабяцаў завезці нас на шопінг у Мінск. Купім там якую бялізну льняную, цукеркі беларускія, можа, нейкія сувеніры на памяць.
Жанчыны вельмі здзіўлены, што такую “драбязу”, як даць турыстам магчымасць патраціць прывезеныя грошы на курорце Нарач, проста не прадугледзелі: няма куды ісці, няма што купляць. Тазікі пластмасавыя, каструлі, бытавая хімія, што прадаюцца ў мясцовай краме, -- гэта ж не набор для турыста.
-- Хутчэй за ўсё мы тут апошні раз, -- прызнаюцца жанчыны. -- На ўсё можна было закрываць вочы, калі кошты ў беларускіх санаторыях былі нізкімі. Але зараз кошты такія, што ўжо проста не мае сэнсу сюды ехаць. Мы разумеем, што ў вас крызіс, што патрэбны грошы, але пуцёўкі сталі нават крыху даражэйшыя за нашы. Шкада”.
Калі грамадзяне Расіі гатовы мірыцца з недаразвітай інфраструктурай рэгіёну, то што ж тут рабіць прадстаўнікам дальняга замежжа?
Сапраўды, ні англійскай, ні нямецкай мовы, абыходзячы тэрыторыю ля буынкаў розных санаторыяў, не чую. Хаця яшчэ ў 2009 годзе падчас адпачынку на Нарачы той жа Зянон Ломаць, які тады быў і пры пасадах і пры ўладзе, казаў: “Нарач -- адзін з нешматлікіх курортаў у рэспубліцы, куды прыязджаюць замежнікі. І калі гэтаму месцу не надаць увагі цяпер, потым сюды ніхто не паедзе. Дрэнна працуе мясцовая ўлада, кіраўніцтва Нацыянальнага парку”.
І вось яшчэ адна цытата. “На сённяшні момант усе санаторыі заняты, але калі да адпачываючых будзе такое стаўленне, дык заўтра сітуацыя можа змяніцца… У мяне ёсць інфармацыя, што ў адзін з дамоў адпачынку нядаўна прыехалі фіны і з’ехалі незадаволеныя, не чакаючы заканчэння адпачынку. За наш цэнтральны дзяржаўны курорт сорамна”. Нагадваю: сказана было ў 2009 годзе. Пасля чаго пачалася вялікая праца па ратаванні Нарачы. Аляксандр Лукашэнка нават сваім указам зацвердзіў цэлую праграму развіцця курорта.
І што?
Былы дырэктар заказніка «Сарачанскія азёры» Ігар Пастухоў гаворыць: ”Замест мер па выратаванні існуючых прыродных тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца, чамусьці плануецца забудова там, дзе гэта недапушчальна, напрыклад у вадаахоўнай зоне возера Вялікія Швакшты ці Балдук”. У стане экалагічнага бедства апынуліся не толькі возера Свір, але і Блакітныя азёры, і Швакшты, і Сарачанскія азёры. “Нацыянальны парк «Нарачанскі» толькі часткова вырашае праблему -- смецце, якое пакідаецца некантраляванай плынню турыстаў, прыбіраецца не заўсёды і не цалкам. Гэтым летам я бачыў смецце на беразе возера Балдук, пакінутае турыстамі яшчэ ў 2004 годзе, яно ўжо парасло травой, але яго так і не прыбралі. На схіле ракі Страча, каля экалагічнай сцежкі, мы з калегамі таксама выявілі міні-звалку. Крытычна засмечаны ўсходні бераг возера Вялікія Швакшты. 27 жніўня гэтага года на берагавой лініі возера Боўцік даўжынёй усяго 100 метраў (!), на запаведнай тэрыторыі, мы сабралі 30 кілаграмаў смецця”.
Дык а дзе тут траціць грошы?
Дзякуй Богу, многія беларусы ўжо на свае вочы ўбачылі, як выглядаюць сапраўдныя курорты. Музыка, кафэ, рэстараны, лавачкі, магазінчыкі -- весела, ярка, шматлюдна. Зусім іншая карціна на лепшым беларускім курорце.
…У суботу ў цэнтры курортнага пасёлка, які старажылы па-ранейшаму называюць Купа, людзей амаль няма. На набярэжнай вуліцы толькі парачка летніх “кафэшак”. Запытваю ў мінакоў: “А ёсць іншыя?”. У адказ: “Там далей “Кулінарыя”.
Звяртаю ўвагу на маладую стройную жанчыну. Мая суразмоўца Жанна Казлоўская працуе масажысткай у санаторыі “Белая Русь”.
-- Сапраўды, тут няма куды падзецца. Вось у мяне расійцы заўсёды пытаюцца: “Дзе можна патраціць грошы?” і абураюцца, што трэба ехаць за сто кіламетраў у магазіны. Чаму тут, у нас, не адчыніць нейкія ўстановы? Ды тыя ж казіно! Некаторыя расіяне едуць для гэтага ў Мінск, а потым вяртаюцца сюды. Чаму не пабудаваць аквапарк? Калі кепскае надвор’е (а такое ў нас бывае нават летам) -- гэта ж выйсце. Чаму нельга на пляжах усталяваць розныя дзіцячыя забаўляльныя атракцыёны? У нас у пазамінулы сезон тут былі невялічкія басейны з мячыкамі і лесвічкамі, дык, каб вы бачылі, якая туды чарга стаяла. А на “банан”?.. А сёлета нічога няма. Моладзь сюды едзе кампаніямі, каб пакупацца ды нейкі шашлык зрабіць. І хутчэй назад у гарады, бо няма чым тут заняцца. Нават самае простае: людзі прыязджаюць на возера, каб хоць паплаваць ад душы. А тут таблічкі паўсюль: “Купацца забаронена!”. Трэба ж і гэтую праблему неяк вырашаць”.
Не ведаю, хто як, і што там думаюць нашы дзяржаўныя чыноўнікі, але я асабіста сапраўды не ўяўляю, навошта ехаць на возера, калі ў ім нельга купацца. Хоць і сусветна прызнана, што гэта возера ўнікальнае, незвычайнае, прыгожае, але які з гэтага толк, калі ўсю гэтую радасць можна назіраць толькі з берага.
…Бачу двух маладых людзей. Адзін, Зміцер, не захацеў назваць сваё прозвішча. Сказаў, што працуе дырэктарам турфірмы, таму не можа адкрыта гаварыць тое, што думае пра беларускі курорт.
-- Я сам пішу ў рассылцы, што тут ёсць возера, касцёл, страусіная ферма, заклікаю сюды людзей. Але крытыка Ломаця абсалютна правільная. Што гэта за курорт, што гэта за ўзровень? Тут проста няма чаго паказваць людзям. Нават нейкіх распрацаваных турыстычных маршрутаў няма. Хаця можна было зрабіць прыстойныя экскурсіі, ды ніхто гэтым не займаецца, нікому не патрэбна. Дзяржава дае грошы, грошы гэтыя некуды выпараюцца, і ўсё ідзе, як ішло. Каб прыватнікі займаліся Нараччу, то яны б пра кожную капейчыну думалі. А так… Было дрэнна, а цяпер яшчэ “лепей”.
Сядзі і глядзі на ваду
Надвор’е цудоўнае, возера прыгожае, размовы сумныя… Самы час падсілкавацца. Пытаюся ў мясцовых мужчын, якія на пляжы гуляюць у карты: “Дзе тут можна паабедаць? Каб не ў вулічным кафэ, а больш прыстойна?”
-- Вы што? Тут кормяць толькі ў дамах адпачынку па пуцёўцы. А рэстаранаў, як у Мінску, у нас няма. Ёсць у Кабыльніку (вёска Нарач. -- Прым. аўтара) адзін, зроблены пад старажытны, але там розныя вяселлі спраўляюць ды юбілеі. У суботу вы туды дакладна не трапіце. Так што ідзіце ў магазін, там купіце нешта. Больш ніяк.
Нашу гутарку пачуў пенсіянер з Калугі і са спачуваннем у голасе запытаў: “Як жа вы тут жывяце?” Але мужчыны папаліся з гумарам, толькі зарагаталі ў адказ: “Мучаемся…”
Мужчыны пачалі распытваць госця з Калугі пра іхняе жыццё, пра цэны, пра Пуціна з Мядзведзевым, а я разгаварылася з маладой жанчынай, якая везла па беразе малога ў калясцы. Аказалася, што Кацярына Малочка прыехала сюды з Салігорска.
-- Нас з сяброўкай муж сюды прывёз на выхадныя. Я ніколі раней не была на Нарачы. Тут прыгожа. Гуляем вось, дыхаем паветрам... Хаця кажуць, што, бывае, тут смярдзіць адкідамі з маслазавода.
Я так разумею, што на Нарачы толькі гэта і можна -- пагуляць па беразе ды пахадзіць па лесе. Пакуль дзіця малое, то мяне гэта задавальняе, але для дзяцей ад трох гадоў і болей тут зусім нічога не прадугледжана. А гэта ж заўсёды праблема, чым іх заняць. Малыя ж не будуць сядзець спакойна і глядзець на ваду. Ім трэба рухацца, гуляць недзе… Ды і дарослыя сіднем не могуць сядзець. Мы хацелі схадзіць на рынак, дык сказалі, што няма тут рынку. Толькі раніцай па пятніцах каля касцёла нейкі кірмаш праходзіць. Для мяне дык гэта нават дзіўна. Людзі з задавальненнем набывалі б тыя ж ягады ці нейкую гародніну, ды і мясцовым пенсіянерам быў бы нейкі матэрыяльны прыбытак. Але…
Абяцанкі-цацанкі
Праграма развіцця Нарачанскага рэгіёну, здаецца, была накіравана менавіта на тое, каб прыдаць курорту сучасны від. Згодна з данымі аблвыканкама, за 2005--2008 гады ў рэгіён прыйшоў прыродны газ, з’явіліся сучасная кацельня, новы каналізацыйны калектар, у прыбярэжнай зоне былі знесены сельскагаспадарчыя аб’екты, якія з’яўляліся патэнцыяльнымі забруджвальнікамі возера… На ўсё гэта ў рамках першай праграмы быў выдаткаваны 61 мільярд рублёў. Цяпер ужо дзейнічая новая, другая праграма. Яна павінна ажыццяўляцца адразу па некалькіх напрамках: будзе праведзена рэканструкцыя дзеючых санаторыяў і аздараўленчых цэнтраў, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі берагавой лініі і азёрных пляжаў.
Што да курортнага пасёлка Нарач, то там яшчэ больш аптымізму -- прадугледжваецца істотна палепшыць яго аблічча, узвесці новыя і рэканструяваць існуючыя аб’екты гандлёвай і гасцінічнай інфраструктуры, грамадскага харчавання, пабудаваць шматпрофільны культурназабаўляльны цэнтр, амфітэатр. У планах таксама стварэнне літаратурнага музея знакамітага ўраджэнца Мядзельшчыны народнага паэта Беларусі Максіма Танка з арганізацыяй мастацкіх святаў і фестываляў. У наваколлі курортнага пасёлка плануецца пабудаваць комплекс забаў на вадзе, сафары-парк, лыжаролерную трасу. У турыстычны ўжытак абяцаюць увесці і аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны Мядзельшчыны -- старадаўнія паркі, адметныя культавыя збудаванні, помнікі перыяду Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, народныя рамёствы, музеі, памятныя мясціны рэгіёну.
На практыцы чакаецца павялічыць у 2,8 раза колькасць адпачываючых на нарачанскім курорце і прыкладна ў 7 разоў -- аб’ём аказання турыстычных паслуг.
Абяцалі, абяцаюць і будуць абяцаць… Ужо колькі гадоў б’ёмся над вырашэннем нарачанскай праблемы -- і ніяк. Лепшы курорт!.. Дыямант беларускай прыроды!.. Казачныя месцы!.. А жыхары навакольных вёсак па-ранейшаму з захадам сонца вымушаны карыстацца ліхтарыкамі, бо ў мэтах эканоміі да сярэдзіны верасня ў вёсках не гарыць ніводны ліхтар. Ці вераць яны планам павелічэння колькасці турыстаў і прывядзення курорта да ўзроўню еўрапейскіх стандартаў?
Чаму сітуацыя на курорце дагэтуль не змянілася? Можа, усё вырашыцца толькі тады, калі дзяржава перадасць сферу паслуг у прыватныя рукі? Калі б роля дзяржавы ў Нарачанскім краі звялася да стварэння прывабных умоў для развіцця гандлёвага, гатэльнага, забаўляльнага і г.д. бізнесу на першым этапе, а потым для эфектыўнага рэгулявання, каб падтрымаць справядлівы кункурэнтны асяродак, то ўсё б прыйшло да ладу. Што было б, калі б дзяржпраграмы і дзяржаўныя інвестыцыі пайшлі не на будаванне новых крамаў, гатэляў і рэстаранаў, а на стварэнне базавай інфраструктуры (падтрыманне экалагічнага балансу, забеспячэнне камунікацыямі) і рашэння фундаментальных праблем (заражэнне возера цэркарыем)? Пакуль жа мы па-ранейшаму назіраем дарэмную трату народных грошай, і тое, як беларусы едуць адпачываць у іншыя краіны, туды, дзе гэта ўжо даўно зразумелі. Такую характарыстыку галоўнага нацыянальнага курорта краіны як “пазорышча” мы можам пачуць яшчэ не раз. Але ці зменіць гэта нешта да лепшага?
Мядзельскі раён
Фота аўтара