Сімвалу Беларусі пагражае небяспека?
25.07.2012 15:21
—
Новости Общества
Сімвалу Беларусі пагражае небяспека?
Людзі дзеляцца ўражаннем: гэтым летам вельмі часта заўважаюць гэтых птушак. Адны гуляюць па сенажацях, іншыя – абапал дарог. Спецыялісты падцвярджаюць: папуляцыя буслоў павялічылася. Але штогод тысячы з іх гінуць на лініях электраперадачы.
Па дадзеных нацыянальнага уліку 2004 года, у Беларусі налічваецца 21,5 тысячы пар дарослых асобін буслоў.
- Асабліва павялічваецца папуляцыя ва ўсходніх і паўночных раёнах краіны, на Магілеўчышчыне ды ў Віцебскай вобласці, – расказвае навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Ірына Самусенка. - Калі буслы добра перазімавалі – гэта значыць што праз 3-4 гады да гнездавання можа прыступіць большасьць птушак. І колькасць буслоў расце, нягледзячы на дагэтуль небяспечныя для іх лініі электраперадачы.
А небяспека для птушак відавочная: штогод ад ЛЭП памірае ажно 27 тысяч буслоў! Некаторыя гняздуюцца на небяспечных канструкцыях, іншыя падчас палёту вельмі позна заўважаюць нацягнутыя правады.
Ды і шкода тут не аднабаковая: энэргетыкі таксама нясуць страты, калі з-за адной птушкі на лініі здараецца аварыя і на некалькі гадзін населены пункт можа заставацца без электрычнасці. Колькасць такіх аварый год ад года толькі расце.
"Халастыя" i рызыкоўныя
- У апошнія гады можна назіраць шмат “халастых” птушак у якіх няма пары. Яны могуць збірацца ў чараду па некалькі десяткаў альбо некалькі соцень асобін. Гэта тыя птушкі, якія не дасягнулі стану палавой сталасці. Бо размнажацца яны могуць толькі ва ўзросце 3-4 год. З дапамогай кальцавання даказана, што ў большасці буслы гняздуюцца там, дзе яны вывеліся – тлумачыць Ірына Самусенка.
Тым не менш, папуляцыя белага бусла ў Беларусі павялічваецца. Але сітуацыя з птушкамі аптымістычная далека не паўсюль. Напрыклад, у 60-70-ыя гады мінулага стагоддзя рэзка скарацілася колькасць буслоў ў краінах Заходняй Еўропы. У такіх краінах як Швейцарыя, Італія, - яны зніклі. Гэта было звязана з засухай у тых рэгіёнах, дзе яны зімавалі.
Беларускіх буслоў гэта не закранула, бо яны зімуюць у іншых рэгіёнах - Цэнтральнай ды Паўднёвай Афрыцы.
Але гэта, на думку спецыялiстаў, яшчэ не падстава для таго, каб супакоіцца.
Паўмільёны птушак кожны год
У наступны раз птушак “пералічаць” у 2014 годзе. Тады і стануць вядомыя канкрэтныя лічбы. Покуль жа можна падумаць аб тым, што рабіць з праблемай гнездавання птушак на ЛЭП.
- Штогод паўмільёна розных птушак можа гінуць на лініях электраперадач на тэрыторыі нашай краіны. З іх 6% - белыя буслы. Асабліва шмат гіне якраз зараз: у ліпені-пачатку жніўня, калі яны пачынаюць паціху перасоўвацца да месца зімоўкі. – расказвае Ірына Эдуардаўна.
Асабліва прывабнымі для буслоў з’яўляюцца сенажатныя лугі, палі падчас уборкі збожжавых. Тады можна назіраць нават некалькі дзесяткаў птушак, якія ходзяць за камбайнамі, касілкамі, кароўным статкам. Птушкам трэба пераначаваць і яны часта абіраюць для гэтага менавіта лініі электраперадач. Больш за ўсё небяспечныя для іх размеркавальныя лініі. У 2004 годзе на іх гнездавалася каля чвэрці беларускай папуляцыі. У наступным годзе, пры новым пераліку дадзеных, гэта можа быць ужо і палова нашых буслоў. Таму небяспека для птушак толькі расце.
У чым праблема?
Непростым “адносінам” буслоў і ЛЭП ужо шмат год. Але праблему паўнавартасна не вырашылі і дагэтуль. Загінулых такіх чынам птушак можна вызначыць па апаленых крылах.
Нашыя энэргетыкі прыдумалі прылады, каб адпужваць птушак ад ліній. Але яны недасканалыя. Ды і заканадаўства ніяк не рэгулюе гэта пытанне. Напрыклад, у Расіі нядаўна была ўведзеная пастанова, згодна з якой ізалятары на ЛЭП павінны хаваць пад спецыяльныя пластмасавыя кажухі. Так і аварый пазбягаюць, і птушак ахоўваюць.
Нашыя энэргетыкі прыдумалі прылады, каб адпужваць птушак ад ліній. Але яны недасканалыя. Ды і заканадаўства ніяк не рэгулюе гэта пытанне. Напрыклад, у Расіі нядаўна была ўведзеная пастанова, згодна з якой ізалятары на ЛЭП павінны хаваць пад спецыяльныя пластмасавыя кажухі. Так і аварый пазбягаюць, і птушак ахоўваюць.
Ірына Самусенка успамінае, што некалькі год таму ў Пінскім раёне на свае вочы бачыла, як самі энэргетыкі зрабілі дадатковыя канструкцыі на слупы для буслоў і такім чынам вырашылі праблему. Адлегласць у 1,5 метра з’яўляецца цалкам небяспечнай і для птушак, і для ліній. Але пакуль гэта адзінкавыя выпадкі. Ды і тыя нельга лічыць цалкам законнымі – усталяванне дадатковых канструкцый на слупы абмяжоўваецца нормамі саміх энэргетыкаў.
Як у іх
- Нашы калегі з Заходняй Украіны раней пачалі працаваць са сваімі энэргетыкамі. Напрыклад, там дзве вобласці стварылі праект і палічылі: кошт адной платформы для вынясення гнёздаў на адлегласць ад ЛЭП прыкладна адпавядае па кошту некалькіх выездаў аварыйнай брыгады ў выпадку адключэння электрычнасці, – кажа Ірына Самусенка.
Але ў Беларусі такіх праектаў покуль не існуе. Ды і досведу не стае. Час ад часу нават пры дэмантажы старых слупоў не заўседы пакінуць той, на якім гняздуюцца птушкі.
Машына-забойца
Але не толькі ад спецыялістаў залежыць лёс нашых буслоў. Часта звычайныя кіроўцы збіваюць птушак, якія прагульваюцца па дарогах.
- Справа ў тым, што бусел харчуецца там, дзе няма высокай травы. Яму патрэбныя мясціны, дзе скошана. А каля дарог зараз якраз абкошваюць траву. Для іх тут зручна шукаць ежу. Таму калі кіроўца бачыць наперадзе бусла, нават на адлегласці, трэба разумець, што птушка можа нечакана спужацца аўтамабіля ды трапіць пад колы. – расказвае Вольга Лукшыц, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. - Усё залежыць ад стылю кіравання. Як біёлаг і як кіроўца я магу сказаць толькі адно: калі вы бачыце ля дарогі птушку ці жывеліну, трэба зніжаць хуткасць. Гэта маё ўласнае назіранне, але пры хуткасці ў 100 км машына ператвараецца ў машыну-забойцу. Пры хуткасці да 100 км у птушкі ёсць шанцы ўратавацца ў выпадку небяспекі. Трэба памятаць, што птушка непрадказальная як і дзеці.