Кромвэл: Запрашэнні ў Беларусь рабіла тое ж агенцтва, што прадставіла жыллё
23.07.2012 16:52
—
Новости Общества
Арганізатар акцыі з мядзведзікамі: Запрашэнні ў Беларусь рабіла тое ж агенцтва, што прадставіла жыллё

Еўрарадыё: Як вы трапілі ў Беларусь? Нехта зрабіў запрашэнне ці вам паставілі візу ў аэрапорце?
Пер Кромвэл: Мы атрымалі запрашэнні. Яго зрабіла тое ж агенцтва, якое нам прадставіла жыллё. Праўда, я не ведаю, хто канкрэтна з агенцтва нам даслаў запрашэнні.
Еўрарадыё: Ці лічыце вы, што ваша акцыя дасягнула мэты?
Пер Кромвэл: Мэтай было прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі. Я лічу, што мы яе дасягнулі. Але вельмі сумны адваротны бок: затрыманы людзі. Таму цяжка сказаць, што мы шчаслівыя.
Еўрарадыё: Ці мела акцыя для вас нейкую камерцыйную мэту? Бо вашае агенцтва займаецца камерцыйнымі праектамі.
Кромвэл: Некалькі гадоў таму мы дапамаглі шведскай феміністычнай партыі звярнуць увагу на іх праблемы. У той акцыі таксама не было ніякай камерцыйнай мэты. Сапраўды, у асноўным мы займаемся камерцыйнымі праектамі. Грошы, якія зарабляем, пасля выкарыстоўваем для чагосьці, што лічым важным. Грошы на акцыю мы атрымалі ад камерцыйных кампаній. І выкарысталі, як мы лічым, на важную справу.
Еўрарадыё: Ці выходзіў на вас КДБ з пытаннямі?
Пер Кромвэл: КДБ ні з кім з нас дагэтуль не звязваўся.
Еўрарадыё: Што вы будзеце рабіць з самалётам?
Пер Кромвэл: Трэба яго крыху адрамантаваць, бо мы зрабілі маленькае акно, каб скідаць мішак. І далей, праз некалькі тыдняў ці месяцаў, будзем глядзець. Пакуль няма ніякіх планаў. Ён амаль як сімвал для нас, нешта большае, чым проста самалёт.