Нараджаць больш! Як?

Источник материала:  

Праблема не ў грошах, а ў галовах і душах

Пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, назіраецца 50-працэнтнае зніжэнне нараджальнасці ва ўсім свеце. Прагназуецца, што да 2050 года еўрапейцы будуць складаць толькі адну дзясятую частку сусветнага насельніцтва. У Беларусі ж кожнае трэцяе дзіця гіне ў аборце. 7 з 10 шлюбных пар разводзяцца. Сэксуальны дэбют сярэдняга беларускага падлетка адбываецца ў 14 гадоў. Супраць такой статыстыкі накіравана міжнародная пралайф-кампанія ў выглядзе аўтапрабегу "Ад акіяна да акіяна". Яна распачалася ва Уладзівастоку ў Расіі, на беразе Ціхага акіяна. Скончыцца — у Партугаліі, на беразе Атлантычнага акіяна. Гэты аўтапрабег праходзіць як хрэсны ход на чале з Чанстахоўскім абразом Божай Маці. На 10 дзён удзельніцай кампаніі стала і Беларусь.

Ці так нас шмат на планеце?

— Наташа, прывітанне! Як там наша маладая мамуля? Даўно яе не бачыў.

— Маша зрэдку прыходзіць на заняткі. Пакуль яшчэ не можа надоўга маленькіх дзяўчат пакідаць.

— А ты яшчэ не збіраешся, — усміхаюся, — па яе прыкладзе дзетак заводзіць?

— Не. Ты што! Я хачу спачатку кар'еру зрабіць. Дасягнуць чаго-небудзь. — Нашто табе тая кар'ера? Што ты з ёю пасля будзеш рабіць? Паглядзі на Машу: якая яна шчаслівая.

— Ты кажаш, як мае бацькі, — злуецца сяброўка.

Гэта размова аднойчы адбылася ў мяне з аднакурсніцай і добра паказвае, як цяпер моладзь ставіцца да сям'і і нараджэння дзяцей. Усе хочуць пажыць для сябе, а дзяцей лічаць нечым шкодным і непатрэбным. Медыя падтрымліваюць міф аб тым, што нараджаць шмат не трэба, бо планета перанаселеная і есці ўжо няма чаго. Аднак ёсць факты, якія гэта ўсё абвяргаюць. У 2005 годзе вядомы румынскі фізік Віярэл Бадэску зрабіў разлікі і прыйшоў да высновы, што дапушчальная колькасць насельніцтва Зямлі складае 1,3 квадрыліёна чалавек (лічба з пятнаццаццю нулямі) — гэта ў 200000 разоў болей, чым зараз. Як вам лічба? Дык ці трэба нараджаць?

Пачынаючы з 1993 года, у Беларусі назіраецца пастаяннае зніжэнне колькасці насельніцтва. Акрамя таго, згодна са статыстыкай Міністэрства аховы здароўя, за 20 гадоў (з 1990 па 2010) у нашай краіне страты ад абортаў склалі больш за 2,7 мільёна ненароджаных дзяцей. І гэта толькі афіцыйная статыстыка. Беларусаў зараз магло б быць, як мінімум, на 2 мільёны болей. Падумайце яшчэ вось над чым: у Беларусі 65% сем'яў абмяжоўваюцца толькі адным дзіцем, дваіх маюць 18,9%, траіх і болей — 5%. Да 2015 года колькасць жанчын фертыльнага ўзросту (15-49 гадоў) зменшыцца да 246 тысяч. А значыць, амаль няма каму будзе нараджаць дзяцей.

Скарачэнне колькасці абортаў прывядзе да дэмаграфічнага росту

Ігар Белабародаў, дырэктар Інстытута дэмаграфічных даследаванняў (Масква), адзін з арганізатараў праекта "Ад акіяна да акіяна", сцвярджае, што ў кампаніі няма нейкіх вялікіх задач: "Мы проста хочам звярнуць увагу кіраўніцтва і медыяпрасторы на неабходнасць умацавання традыцыйнай сям'і. Асабліва ў Беларусі хацелася б падтрымаць тыя намаганні, якія ўжо ёсць. Ваш Прэзідэнт прапанаваў унікальны захад — закон аб дэмаграфічнай бяспецы. Такі дакумент прыняты, відаць, упершыню на постсавецкай прасторы. Таксама заслугоўваюць ухвалення і захады дапамогі сем'ям". Але разам з тым спецыяліст упэўнены, што пераадолець негатыўную дэмаграфічную дынаміку немагчыма ў краіне, дзе існуе вельмі легкадумнае стаўленне да абортаў. "Аднак размова ідзе зусім не аб нейкіх забараняльных мерапрыемствах. Усё, што мы робім, пабудавана на пазітыўнай рыторыцы, — тлумачыць Ігар Белабародаў. — Адзін з самых простых захадаў, які не патрабуе нейкіх выдаткаў, — гэта візуалізацыя плода, калі жанчыне даюць перад прыняццем канчатковага рашэння пазнаёміцца з яе дзіцяткам, пачуць стук яго сэрца, убачыць яго. Сучасная тэхніка дазваляе гэта зрабіць. Ужо адзін гэты захад можа на 76% скараціць колькасць абортаў. А калі сёння ў Беларусі атрымаецца хаця б на 30-40% скараціць іх колькасць, то гэта выведзе краіну на дэмаграфічны прырост". Вераніка Сярдзюк, кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства "Матуля" ўпэўнена, што з жанчынамі, якія хочуць зрабіць аборт, трэба праводзіць псіхалагічныя кансультацыі: "Ёсць нават экстрэннае кансультаванне — за некалькі хвілін да аборту. Яно бывае найбольш эфектыўным. І пасля наш цэнтр ва ўсім падтрымлівае такіх жанчын — і псіхалагічна, і юрыдычна, і матэрыяльна". Вераніка Сярдзюк звярнула ўвагу яшчэ і на тое, што ўсім навязваецца стэрэатып, быццам дзеці павінны быць жаданымі. "Але псіхолагі кажуць, што дзеці не могуць быць жаданымі. Яны могуць быць альбо прынятыя, альбо не".

Ці не пойдзем мы па шляху Рымскай імперыі?

Для вырашэння праблем трэба яшчэ разумець, што аборт — гэта велізарная індустрыя. "І сёння імідж Беларусі пакутуе ад гэтага, — кажа расійскі спецыяліст. — Венгрыя і Польшча, калі развіталіся з савецкай спадчынай, прынялі ў сябе заканадаўства ў абарону жыцця. Сёння палячкі, якія не могуць зрабіць аборт у сябе, едуць у Беларусь. Існуе нават тэрмін "абортавы турызм".

Акрамя таго, розныя міжнародныя арганізацыі, напрыклад, Глабальны фонд па барацьбе са СНІДам, рэалізуюць праграмы па зніжэнні нараджальнасці. "І пры распаўсюдзе сваёй інфармацыйнай прадукцыі яны спасылаюцца на Міністэрства аховы здароўя, якое быццам дало на гэта дазвол, — здзіўляецца Ігар Белабародаў, паказваючы брашуру, якую знайшоў на адной з заправак недалёка ад Мінска. — Таксама гэтыя арганізацыі пастаянна фарміруюць лаяльнасць да гомасэксуалізму. Рымская імперыя некалі таксама пайшла такім шляхам — распаўсюд гомасэксуалізму, нізкая нараджальнасць, бо дзетараджэнне было нямодным. У выніку яе заваявалі варвары. Колькасць замежнікаў у Беларусі пастаянна расце. Вельмі падобныя сімптомы".

Арганізатары пралайф-кампаніі настойваюць, і будуць гэта рабіць у розных краінах: гомасэксуалізм — гэта псіхічнае адхіленне. "Мы назіраем увесь час гомасэксуальнае лобі і ў эстрадных колах, і ў палітычнай сферы. Гэта патрабуе вельмі жорсткага і сямейна арыентаванага адказу. Мы павінны абараніць нашых дзяцей". І гэта павінна атрымацца, бо міжнародная пралайф-кампанія стала ўжо сусветнай. "Спачатку мы планавалі ўсё ад Ціхага да Атлантычнага акіяна, але прыйшлі заяўкі ад іншых дзяржаў: ЗША, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і нават Аўстраліі. А значыць, Беларусь і Расія знаходзяцца зараз у эпіцэнтры сусветнай кампаніі", — паведаміў арганізатар.

Сем'і без дзяцей часцей распадаюцца

"Барацьба ідзе хаця б за трэцяе дзіця. Ніхто ж не прымушае вас нараджаць дзесяць, — супакойвае Ігар Белабародаў. — Але дзеці ўмацоўваюць сям'ю. У бяздзетных пар найбольшая колькасць разводаў". Аднак усё роўна ўзнікае пытанне, чаму мала нараджаюць. "Многія тлумачаць нежаданне мець дзяцей ці мець больш за аднаго-дваіх дзяцей тым, што не хапае грошай. Але калі падлічыць, колькі выдаткоўваецца грошай на ювелірныя ўпрыгожанні, на дарагія мабільнікі, на алкаголь, забавы, цыгарэты і... свойскіх жывёл, то, я ўпэўнены, на гэту суму можна выхаваць і пяць, і шэсць дзяцей. Праблема не ў грошах, а ў галовах і душах!"

Уладзіслаў Валаховіч, кандыдат багаслоўя, дырэктар Фонду абароны жыцця і сям'і "Адкрытыя сэрцы" нагадвае пры гэтым, што адзін са слоганаў кампаніі — "Дзяцей шмат не бывае", і дадае: "Трэба матываваць не на кантрацэпцыю, а на шматдзетнасць".

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←Стоит ли покупать домик в деревне?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика