Бацька Зміцера ДАШКЕВІЧА: “Не веру, што хутка пабачымся на волі…”
Бацька Зміцера Вячаслаў Уладзіміравіч Дашкевіч пасля смерці жонкі жыве адзін у сваім доме ў Старых Дарогах. Аб новай пагрозе сыну ён даведаўся ад знаёмых -- сам мала глядзіць тэлевізар, а інтэрнэтам не карыстаецца.
-- Мы сустракаліся не так даўно ў калоніі, і я тады ўжо сказаў сыну: “Не веру, што хутка пабачымся на волі…” -- уздыхае Вячаслаў Уладзіміравіч.
-- Днямі нявеста Зміцера Наста Палажанка напісала адкрыты ліст да апазіцыйных палітыкаў. У звароце яна абвінаваціла іх у бяздзеянні: маўляў, не прадпрымаюць нічога, каб выратаваць Зміцера. Вы падзяляеце меркаванне Насты?
-- Самога ліста я не бачыў, але чуў каментарый на Радыё Свабода. І там некаторыя апазіцыянеры казалі, што з паразуменнем ставяцца да слоў Насты і будуць нейкія меры прымаць.
-- Да вас прыязджаюць ці хаця б тэлефануюць паплечнікі Зміцера?
-- Я не адчуваю патрэбы ў тым, каб мне дапамагалі, напрыклад, па гаспадарцы. А так некалькі разоў была Наста, сяброўка яе, хросная маці Зміцера… Я мала з кім падтрымліваю зносіны...
-- Калі Наста Палажанка патрапіла ў СІЗА КДБ, яе бацька напісаў ліст да Лукашэнкі. У вас ніколі не ўзнікала такога памкнення, каб вызваліць Зміцера?
-- Гэта была б марная трата часу. Трэба ўпасці ў бруд... Я яшчэ, можа, і змог бы так зрабіць, але Зміцер ніколі б не дазволіў.
-- Зміцер заўжды падаваўся інтэлігентным чалавекам. Як па-вашаму, чаму прыўладная прапаганда так апантана хоча зрабіць з яго закаранелага хулігана і дэбашыра?
-- Няма чаму здзіўляцца, яны так з усімі сваімі апанентамі паступаюць. Дарэчы, мы на волі такія ж безабаронныя, як яны ў турме. Любога могуць забраць, сказаць, што матам лаяўся ці яшчэ што…
-- Ад бацькоў некаторых палітычных вязняў можна пачуць вельмі безнадзейныя словы: маўляў, мы ўжо і не спадзяемся дачакацца сваіх дзяцей. Вось маці Зміцера так і не пабачыла сына на волі…
-- Гэта нельга ні забыць, ні прабачыць… Я не проста яе ўзгадваю -- пастаянна з ёю размаўляю, раюся… Штодня кажу, дзе быў, што рабіў… Гэта тэма вельмі цяжкая для мяне.
Мой суразмоўца на хвіліну замаўкае. Цяжка нават уявіць, якія пачуцці, які боль зараз варушацца ў сэрцы гэтага чалавека. Але яму трэба быць моцным.
-- У Зміцера сёння дзень народзінаў. Распавядзіце, як звычайна святкавалі?
-- На жаль, у нас вялікага святкавання не практыкавалася. Так, мімаходзь, віншавалі адзін аднаго. Ні ў сям’і, ні ў родзе ў нас не прыжываліся такія святы...
-- А цяпер сыну, можа, нейкі падарунак падрыхтавалі?
-- Нічога не рыхтаваў -- паслаў паштоўку і ўсё. На жаль, у нас у Старых Дарогах не знайсці паштоўку на беларускай мове, дык я папрасіў Насту даслаць з Мінска.
-- Часта з сынам лістуецеся?
-- Я пішу яму куды часцей, чым ён мне. Зміцер заўжды ў штрафным ізалятары, а там жа перапіска забаронена. Кожны раз піша, што ўсё ў яго добра, каб я не хваляваўся, маўляў, усё пад кантролем. А я яму кажу, што пад кантролем ён, а не справы… Турбуецца пра маё здароўе, каб я не перажываў лішняга...
-- Ці не ўзнікала ў вас жадання пасля ўсяго перажытага самому заняцца палітыкай, адважыцца на нейкі адчайны ўчынак?
-- Папросту кажучы, баюся… Я ў гадах, інвалід другой групы, дый самае галоўнае (я пра гэта і Зміцеру не раз казаў) -- проста не здужаю вытрымаць усё, як ён. Так паводзіць сябе, як ён, я б не змог...
Ведаеце, самую першую справу на яго завялі ў сакавіку, а ў ліпені адпусцілі ў Амерыку на месяц. Тады перад ад’ездам я быў у Мінску, мы з ім гутарылі ў скверы насупраць КДБ. Шчыра -- раіў яму не вяртацца, бо пасадзяць. А ён казаў, што свой шлях выбраў самастойна. “Прайду яго да канца, чаго б мне гэта ні каштавала”, -- сказаў сын. І прапанаваў гэтую тэму закрыць назаўсёды. І мы закрылі.
Але адбылося так, як казаў я. Ён прыляцеў з Амерыкі ў верасні, збіраўся заехаць дахаты дапамагчы сёе-тое па гаспадарцы. Толькі перад гэтым мусіў да следчага зайсці. Я некуды адлучыўся, а потым прыходжу дадому -- жонка плача. Кажа, што званіў Зміцер і толькі і паспеў сказаць: “Мама, мяне ары…”. Гэта было перад першай адсідкай…
Калі Зміцер быў маленькі Вячаслаў Уладзіміравіч і падумаць не мог, што сын калі-небудзь апынецца ў калоніі
Наста Палажанка верыць, што рана ці позна яна сустрэне Зміцера з турмы і ў іх нарэшце пачнецца нармальнае жыццё
З ЧУЖОГА ВОПЫТУ
“Па гэтым артыкуле атрымліваюць тэрміны без належнага судовага разбору”
“Ужыванне артыкула 411 КК Рэспублікі Беларусь -- вельмі распаўсюджаная з’ява ў беларускіх турмах, -- пісаў на сваім сайце прадпрымальнік Валерый Леванеўскі (быў асуджаны ў 2004 годзе за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). -- Часта прымяняецца незаслужана, і да тых асуджаных, хто мае пачуццё ўласнай годнасці, хто патрабуе ад адміністрацыі калоніі захавання законаў, правоў асуджаных. Замест выхаваўчай працы з асуджаным адміністрацыя калоній часта, такім чынам, трымае ў страху іншых асуджаных. Асуджаны ставіцца перад выбарам -- выконваць злачынныя дзеянні па загадзе прадстаўнікоў адміністрацыі (збіваць іншых асуджаных і да т.п.) або быць сумленным «арыштантам». Тых, хто гэтаму пярэчыць, могуць «зрабіць» злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання па сфабрыкаваных ці неабгрунтаваных абвінавачваннях, змясціць у СІЗА, ПКТ і потым закрытым выязным судом асудзіць па 411 арт.КК Рэспублікі Беларусь.
Зыходзячы з судовай практыкі, усе, каго адміністрацыя калоніі “прадставіла” да дадатковага тэрміну па артыкуле 411 КК Рэспублікі Беларусь, атрымліваюць тэрміны без належнага судовага разбору”.
РЭЗАНАНС
Павел СЕВЯРЫНЕЦ:
"Рэжым пераследуе Дашкевіча па дзвюх прычынах, -- лічыць палітвязень і былы лідар “Маладога фронту” Павел Севярынец. -- Па-першае, ён да гэтага часу ўзначальвае найбольш уплывовы беларускі маладзёжны рух. Па-другое, ён нават у турме паводзіць сябе годна і нязломна. Рэжым баіцца Дашкевіча, і вось гэтая крымінальныя справа паказвае, наколькі моцна баіцца.
Беларусы павінны патрабаваць свабоды для Зміцера Дашкевіча. Зваротамі, акцыямі, сцягамі, інтэрнэт-кампаніямі. Іначай рэжым будзе душыць нас паасобку. Свабоду Дашкевічу! Свабоду палітвязням! Свабоду Беларусі!"