Пра сакрэты Кнігі рэкордаў Гінэса і тайны рэкардсмена
Пра Кнігу рэкордаў Гінэса ведаюць, бадай, усе. Гавораць, што рэкардсменам плацяць вялікія грошы. А ці трэба плаціць, каб зарэгістравалі заяўку, зафіксавалі рэкорд? І хто працуе ў той самай кнізе, якая, як сцвярджаюць некаторыя, па папулярнасці — на другім месцы пасля Бібліі?
Як высветліў карэспандэнт "Звязды", многае з чутак пра кнігу не адпавядае рэчаіснасці...
Спачатку ў Архангельску, потым — у Віцебску
Пра тое, што ў фестывальным Віцебску 65-гадовым Анатолем Яжовым быў пастаўлены рэкорд кнігі Гінэса ў гіравым спорце ў прысутнасці спартыўнага камісара Джэка Брокбэнка, прадстаўніка славутай Кнігі Гінэса з лонданскай штаб-кватэры, "Звязда" ўжо паведамляла. Нагадаю, рэкорд устаноўлены ў намінацыі "жым лежачы дзвюх гір па 22 кг папераменна на працягу хвіліны". Гіравік пабіў свой ранейшы рэкорд, які быў пастаўлены ў маі — 3058 кг за хвіліну. Цяжка нават уявіць: за секунду трэба было ў сярэднім зрабіць больш за 2,5 пад'ёма "жалеза".
— Я пазнаёміўся з Яжовым меней за год таму, калі ён у Архангельску паставіў свой першы рэкорд з вынікам 3020 кг. Ужо двойчы Ён пабіў свае ж рэкорды, — расказвае Джэк Брокбэнк. — Па правілах Кнігі рэкордаў Гінэса, даецца тры спробы на працягу дня.
Паводле слоў рэкардсмена Анатоля Яжова, названая вышэй намінацыя пад'ёму гір была зацверджана Кнігай рэкордаў Гінеса дзякуючы яго рэкорду. І адпаведна менавіта Джэк упершыню ў свеце прысутнічаў пры фіксацыі такога віду рэкорду з гірамі.
— Так, спробу па ўстаноўцы рэкорду планавалі пачаць у 9 гадзін раніцы, а пачалася яна каля 3 гадзін дня. Таму што Джэк быў гатовы фіксаваць рэкорд са штангай, а тут гіры... — дадае рэкардсмен. — Джэк спецыяльна звязаўся з лонданскай штаб-кватэрай і, з улікам розніцы часу, давялося перанесці пачатак фіксацыі рэкорду. Джэк вельмі строгі суддзя і вельмі адказны чалавек. Толькі знешне добразычлівы. Шэсць гадзін узгадняў усе нюансы. Таму што падымаць гіры — адны правілы, а падымаць штангу — іншыя. І, уявіце сабе, у Лондане сабраліся спецыялісты, якія выпрацоўвалі правілы для падняцця гір. І толькі пасля гэтага Джэк даў дабро на спробу ўстанавіць рэкорд.
У штаце Кнігі рэкордаў Гінеса, паводле слоў Джэка, ёсць некалькі спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем будучых мерапрыемстваў па ўстаноўцы рэкордаў. Не толькі вывучаюць катэгорыі, якія ўжо ёсць, але і прагназуюць новыя. "Казус" з першым гіравым рэкордам Яжова ўзнік у выніку няправільнага перакладу, бо раней такой катэгорыі ў Кнігі Гінэса не было. Таму і спатрэбілася некалькі гадзін, каб выпрацаваць намінацыю — для чаго ў Лондане нават арганізавалі надзвычайнае пасяджэнне. І толькі пасля кансультацыі са спецыялістамі былі выпрацаваны адпаведныя правілы для ўстанаўлення рэкорду. Дарэчы, Джэк і зараз — адзіны спецыяліст Кнігі рэкордаў Гінеса па пад'ёме гір...
2 жніўня мінулага года ў Архангельску ставіўся першы рэкорд з гірамі. Патрэбен быў нейкі арыенцір. І лонданскія спецыялісты ўстанавілі — 2,5 тоны за хвіліну, што здавалася неверагодным. А ён падняў 3020 кілаграмаў!
Пілуйце гіры, Джэк, яны залатыя!
А ці былі спробы пабіць рэкорды Яжова іншымі гіравікамі? Пакуль Яжоў — адзіны, хто ставіў рэкорды ў гэтай катэгорыі.
— Спробы пабіць рэкорд, наколькі ведаю, былі. Але спартсмены з гірамі (вагой па 22 кілаграмы кожная) выжымаюць трохі больш за сто разоў, з гірамі 24 кілаграмы даходзяць да ста разоў. На чэмпіянаце свету гіры вагой 24 кілаграмы я ўзняў 132 разы за хвіліну, але гэта не рэкорд Кнігі Гінэса, а сусветны, — адзначае Яжоў. — Ведаю, што колькасць людзей, якія трэніруюцца ў гэтай намінацыі, пасля рэгістрацыі майго першага рэкорду павялічылася ў дзясяткі разоў, бо з'явіўся арыенцір, да чаго трэба імкнуцца. Але каб дасягнуць такіх вынікаў, патрэбны асаблівыя каардынацыя руху, дыханне, расслабленне мышцаў... Адкрыю маленькі сакрэт: пасля судзейства Джэк зацікавіўся гіравым спортам. І нават павёз з сабой у Лондан 10-кілаграмовую гіру. А потым я адправіў яму ў штаб-кватэру Кнігі сувенірную залатую 4-х кілаграмовую гіру, каб яна нагадвала яму пра рэкорд з гірамі.
Гіравіку 1 год і 8 месяцаў!
Пра гіры і спаборніцтвы, рэкорды (не толькі свае) Анатоль Яжоў можа расказваць гадзінамі.
— Вось якія магчымасці гіравога спорту! Узрост жанчын на той алімпіядзе быў ад 5 да 81 гадоў. Падымаліся гіры вагой ад 2 кг да 60. Спаборніцтвы праводзіліся ў 16 розных намінацыях.
Чаму свой новы рэкорд я вырашыў устанавіць менавіта ў Віцебску і ўпершыню ў Беларусі? Таму што тут мая радзіма. Мама — ураджэнка Віцебска, тут мае бацькі пражылі апошнія 30 гадоў, пахаваны тут, як і многія сваякі. Мяне тут хрысцілі — у царкве на ўскрайку горада, тут скончыў тэхнікум сувязі ў 1965 годзе. Служыў у войску пад Мінскам, у спартыўным батальёне. І ўсё маё жыццё звязана з роднай краінай, горадам. Калі дырэктар фестывалю Радзівон Бас прапанаваў упрыгожыць фестываль выступленнем спартсменаў-гіравікоў, узнікла ідэя не проста выступіць, а паспрабаваць паставіць сусветны рэкорд Гінэса.
Гіры падымае... сілай думкі
— Гіры падымаюцца не столькі рукамі і сілай, а галавой — сілай думкі. Гэта насамрэч так. Маё дыханне павінна ісці незалежна ад колькасці пад'ёмаў, быць глыбокім і роўным. Трэба кантраляваць дыханне, расслабленне мышцаў. Трэба ў галаве лічыць колькасць пад'ёмаў, прыкладную колькасць секундаў, якія прайшлі, чуць суддзю, які кантралюе колькасць пад'ёмаў, карэкціраваць тэмп. Паралельна трэба як бы дыягнаставаць сабе: дзе што баліць... Гэта толькі знешне здаецца, што гэта лёгка: лёг і падымаеш гіры. Некаторыя не могуць зразумець, як я гэта раблю. І вагу гіры правяраюць, і мяне мацаюць. Сакрэт у трэніроўках і аўтарскай методыцы выступлення ў залежнасці ад надвор'я і самаадчування.
Я запытаў у рэкардсмена, ці прытрымліваецца ў дзень устаноўкі рэкордаў нейкіх дыет, асаблівага рэжыму дня, ці ёсць некія прыкметы?
Асаблівага рэжыму няма. Стараецца весці звычайны лад жыцця. Толькі ў апошнія 3-4 дні перад рэкордам не трэніруецца.
Анатоль Яжоў вядомы ва ўсім свеце тым, што падымаў гіры ў самых розных экстрэмальных кутках планеты — нават пад вадой і на вяршыні — 7-тысячніку. З прэзідэнтам федэрацыі альпінізму Расіі сустрэўся на вышыні 4,3 тысячы метраў у базавым лагеры. І калі той пачуў, што Яжоў ідзе на вяршыню з гірамі, здзівіўся, што ён яшчэ жывы. І параіў адмовіцца ад гэтай ідэі. Праз тры дні пачаўся пад'ём на гару. Падымаліся 137 альпіністаў з 27 краін. А да вяршыні дайшоў толькі 21 чалавек, у тым ліку Яжоў, ён на вяршыні за хвіліну падняў больш за тону. Пасля гэтага "начальнік" альпіністаў увёў гіравую падрыхтоўку для членаў нацыянальнай расійскай каманды. Дзякуючы гіравому спорту выпрацоўваецца добрае дыханне, арганізм прыстасоўваецца да кіслароднага галадання, выпрацоўваецца вынослівасць. Альпіністы сталі займацца з гірамі вагай 10 кг. У выніку на сёння яны лепшыя ў свеце.
Колькі трэба заплаціць за рэгістрацыю рэкорду?
Беларускіх рэкордаў у Кнізе рэкордаў Гінэса пакуль што мала. Джэк прывёў усяго некалькі рэкордаў, пастаўленых у Беларусі, якія ўключаны ў Кнігу. Напрыклад, зарэгістравана самая вялікая хуткасць перадачы кода Морзэ. 216 знакаў у хвіліну. Адбылося гэта ў 2003 годзе. Беларусы могуць ганарыцца і самай вялікай колькасцю кінатэатраў на душу насельніцтва: 1 на 2734 жыхара. Усяго на момант рэгістрацыі рэкорду ў Беларусі налічвалася 3780 кінатэатраў.
А чым штодня займаюцца супрацоўнікі Кнігі рэкордаў Гінэса, колькі трэба заплаціць за рэгістрацыю рэкорда?
— Сэнс нашай работы фактычна ў тым, што мы "ствараем інгрэдыенты", каб можна было пабіць рэкорд, даём у кнізе арыенціры, каб іншы чалавек мог зрабіць нешта лепш. Можна сказаць, што работнікі Кнігі — група архівістаў. Кампанія пачала існаваць у 1955 годзе. Колькі ў нас супрацоўнікаў, не ведаю, больш за сто чалавек. Ёсць пастаянныя прадстаўнікі кампаніі ў самых далёкіх кутках планеты — у Кітаі, Японіі... А штаб-кватэра знаходзіцца ў Лондане. У нас даволі вялікі офіс, у якім няма асобных пакояў для кожнага работніка.
Аказваецца, больш за 2 тысячы заявак у тыдзень (!) накіроўваюцца ў офіс Кнігі з просьбай зафіксаваць устаноўку рэкордаў. Большасць з іх не задавальняецца.
Калі прадстаўнік кнігі асабіста не прысутнічае пры ўстаноўцы рэкорду, патрабуецца больш доказаў. Абавязковая фіксацыя відэааператарамі з камерамі, якія павінны здымаць з двух бакоў, не меней за дзесяць якасных фотаздымкаў. Што тычыцца сведак устаноўкі рэкорду, яны павінны быць незалежнымі і паважанымі прадстаўнікамі грамадства: юрыст, урач...
Каб прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінэса асабіста прыехаў і на месцы ўстанавіў, ёсць рэкорд або няма, неабходна заплаціць. А за само прыняцце рашэння па рэгістрацыі рэкорду грошай не бяруць.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.