"Неабходна ўпарадкаваць арганізацыю работы наглядальнікаў на ўчастках для галасавання"

Источник материала:  

Аб гэтым старшыня Савета Рэспублікі Анатоль РУБІНАЎ заявіў у час прыёму грамадзян у грамадскай прыёмнай рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для забеспячэння нармальных умоў для работы наглядальнікаў неабходна ўпарадкаваць арганізацыю іх работы", — сказаў Анатоль Рубінаў, прымаючы работніка мінскага прадпрыемства, які ўжо 15 гадоў узначальвае адну з выбарчых камісій сталіцы.

Паводле дзеючага заканадаўства, ад дзесяці выбаршчыкаў можна вылучыць наглядальніка. У Мінску ў сярэднім на адзін участак можа прыпадаць ад 1 тыс. да 4 тыс. выбаршчыкаў. Гэта значыць тэарэтычна на адным участку ў спальным раёне могуць аказацца амаль 300 наглядальнікаў толькі ад грамадзян.

"Трыста чалавек могуць тэарэтычна прыйсці. Ну, нават калі прыйдзе пяцьдзясят чалавек, то яны дэзарганізуюць... Узнікнуць цяжкасці ў камісіі, каб гэтым наглядальнікам стварыць умовы для работы. Нельга ж памяшканне напоўніць, і там наогул будзе не развярнуцца. Павінна быць нейкая арганізацыя. Трэба загадзя планаваць. Абмежаванняў няма, але планаванне павінна быць. Гэта толькі пытанне арганізацыі", — сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

Калі ўлічыць, што наглядальнік акрэдытуецца ў дзень прадстаўлення дакумента аб яго накіраванні, то гэта можа адбыцца і ў дзень выбараў у любы час да заканчэння галасавання.   На думку Анатоля Рубінава, неабходна зрабіць так, каб наглядальнікі акрэдытаваліся загадзя, не пазней за апошні дзень перад днём галасавання. Аднак ён падкрэсліў, што размова не ідзе аб замежных наглядальніках, а менавіта аб тых, якіх вылучаюць грамадзяне. Таксама Анатоль Рубінаў адзначыў, што парог дзесяць чалавек для вылучэння наглядальнікаў можна было б павялічыць, напрыклад, да ста чалавек.

"Але я лічу, што гэта толькі на наступныя выбары. Цяпер ужо ўсё вызначана", — падкрэсліў пры гэтым старшыня Савета Рэспублікі.

Акрамя пытанняў, звязаных з выбарамі, грамадзяне на прыёме ў Анатоля Рубінава ўзнімалі праблемы падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў рабочых спецыяльнасцяў, выдзялення льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля для таленавітай моладзі, магчымасці рэалізацыі вырабаў народных майстроў пенсійнага ўзросту. Усе прапановы, што паступілі, былі запісаны і ўзяты старшынёй Савета Рэспублікі на кантроль.

Прыёмы грамадзян вышэйшыя службовыя асобы і кіраўнікі розных ведамстваў праводзяць у грамадскіх прыёмных РГА "Белая Русь" з 2010 года. Цяпер гэта адна з самых масавых грамадскіх арганізацый (больш за 131 тыс. членаў). Усяго па краіне ёю створаны 164 грамадскія прыёмныя.

←Три самолета "Белавиа" ожидают вылета в Бургас в Национальном аэропорту Минск

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика