Прэм'ер-міністр Літвы Кубілюс: Я веру, што гістарычна Беларусь і Расія, хай і з некаторым спазненнем, будуць гравітаваць да еўрапейскіх кашт

Источник материала:  

"Я веру ў тое, што гістарычна і Беларусь, і Расія, хай і з некаторым спазненнем, будуць гравітаваць да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Гэта ўсяго толькі пытанне часу", — заявіў прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс у інтэрв'ю сайту charter97.org.

"Я бачу вялікую важнасць у тым, што мы павінны зрабіць, будучы членам Еўрапейскага саюза. Мы павінны пераканаць Еўропу мець вельмі ясную стратэгію ў дачыненні да краін усходнееўрапейскай прасторы. У гэтай стратэгіі вельмі важна мець вельмі ясную тактыку, як дапамагчы дзяржавам — суседзям ЕС. І, на мой погляд, цяпер у гэтым ключавымі з'яўляюцца такія краіны, як Малдова і Украіна. Калі Еўропа не наробіць памылак у дачыненні да Украіны і здолее знайсці механізмы, як наблізіць яе да Еўрасаюза, гэта будзе вельмі моцна ўплываць і на тое, што будзе адбывацца ў Беларусі", — сказаў Кубілюс.

Паводле яго слоў, ЕС неабходна зразумець, як наблізіць Беларусь да Еўропы, не зрабіўшы "такіх крокаў, якія б адправілі яе яшчэ больш у абдымкі Крамля". "І ў гэтым пытанні санкцыі — меч двусечны. Я думаю, што неабходны шырэйшы погляд на ўсю ўсходнееўрапейскую прастору: на Беларусь, Украіну, Расію. Беларусь з'яўляецца асаблівым выпадкам у тым плане, што, калі не з'явіцца па суседстве ясных перамен, вельмі цяжка змяніць штосьці ў Беларусі", — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Кубілюс адзначыў, што краінам Балтыі далі магчымасць далучыцца да ЕС, а "ўся прастора на ўсход пайшла па кітайскім шляху". "Нейкая напаўрынкавая эканоміка з палітычнай вертыкаллю ўлады, з пародыяй, але не з рэальнымі выбарамі, — сказаў ён. — У 1990-я гады здавалася, што "халодная вайна" скончылася абсалютнай перамогай заходняга светапогляду. Але гэта было выканана толькі напалову. У эканоміцы — так. Тут камунізм і сацыялізм прайграў поўнасцю. Але тое, што здарылася ва ўсёй гэтай прасторы, ад Беларусі і да Сярэдняй Азіі, з некаторымі выключэннямі (Малдова, Грузія, Украіна падчас Юшчанкі і Цімашэнкі), — уся гэта прастора пайшла па іншым палітычным шляху. І напэўна спатрэбіцца некаторы час, каб стала ясна, што нармальная эканоміка не будзе развівацца без нармальнай дэмакратызацыі".

Кубілюс падкрэсліў, што ЕС бачыць, у якім стане знаходзяцца правы чалавека і ўся сістэма ў Беларусі. "Пытанне заключаецца ў тым, якім чынам можна дапамагчы вырашыць гэтыя праблемы. Я хачу сказаць, што ключ ляжыць не толькі ў самой Беларусі і не толькі ў лініі Еўропа — Беларусь. Еўропе трэба больш шырока зразумець усходні рэгіён", — сказаў прэм'ер-міністр. Паводле яго меркавання, у гэтым ЕС могуць дапамагчы, у тым ліку, ЗША, але, не маючы яснай стратэгіі адносна ўсяго рэгіёну, ЕС нічога не дасягне.

"Арыентуючыся толькі на Беларусь і канцэнтруючыся толькі на Беларусі, можна і не дасягнуць мэты", — падкрэсліў ён.

Кубілюс таксама адзначыў, што два гады таму ўдзельнічаў у летнім турпаходзе на веласіпедах па беларускіх мясцінах. "Сустракаючыся падчас свайго падарожжа з грамадзянамі Беларусі, я спачуваў ім, разумеючы, што жыхары Беларусі губляюць з-за такой сітуацыі. І ўзнікае патрэба дапамагчы ім вырашыць гэтыя праблемы. Шкада, што мы не маем па суседстве нармальнай дэмакратычнай дзяржавы", — сказаў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Фота DELFI (K.Čachovskio)

←Электронная карта пунктов приема в Минске вторсырья, отходов и ненужных вещей появилась в Интернете

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика