Сярод лаўрэатаў конкурсу "Человек Дела" — тры жанчыны

Источник материала:  

Рэдакцыя часопіса "Дело" ў 17-ты раз падвяла вынікі свайго ўжо традыцыйнага конкурсу "Человек Дела", вызначыўшы пераможцаў у 12 намінацыях. Больш за палову пераможцаў — прадстаўнікі рэгіёнаў: Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей.

— Сёлета нам органы ўлады і бізнэс-саюзы рэкамендавалі шмат кандыдатаў — каля 200 чалавек. Але моцнага кандыдата ў намінацыі "За лепшую бізнэс-ідэю", якую рэалізаваў беларускі прадпрымальнік, сёлета не было. Можа, таму, што час быў не падыходзячы для рэалізацыі новых ідэй. Але было вельмі шмат моцных кандыдатаў у намінацыі "За павышэнне прэстыжу маркі "Зроблена ў Беларусі". Таму сёлета ў гэтай намінацыі мы далі дзве ўзнагароды, раздзяліўшы іх на сферы — у лёгкай (дырэктару ААТ "Світанак" Іне Маліноўскай) і ў харчовай (дырэктару ААТ "Бярозаўскі сыраробны камбінат" Уладзіміру Папеню) прамысловасці, — расказаў Віктар ЖУК, галоўны рэдактар часопіса.

Цікава таксама, што лаўрэатамі конкурсу сталі і тры жанчыны — акрамя ўжо згаданай Іны Маліноўскай гэта дырэктар Магілёўскай фабрыкі марозіва Таццяна Бандарчук — за бездакорныя паводзіны ў няпростых рыначных умовах і дырэктар фабрыкі "Спартак" Алеся Самсонава — за актыўнае прыцягненне і эфектыўнае выкарыстанне інвестыцый. Што тычыцца астатніх пераможцаў, то імі сталі дырэктар МАЗа Аляксандр Бароўскі (за стабільную і эфектыўную працу на беларускім і замежным рынках), старшыня праўлення банка БелВЭБ Павел Калаур (за істотны ўнёсак у развіццё фінансавага рынку Рэспублікі Беларусь), генеральны дырэктар прадпрыемства "Бабруйскаграмаш" Сяргей Казачонак (за актыўнае садзейнічанне развіццю аграрнага сектара Беларусі), генеральны дырэктар страхавога таварыства "ТАСК" Ігар Волкаў (за высокую якасць бізнэс-паслуг), дырэктар прадпрыемства "Косвік" Уладзімір Яноўскі (за стварэнне прадпрыемства, якое дае прыклад пераходу на інавацыйны шлях развіцця), генеральнаму дырэктару ААТ "Ольса" Мікалаю Цыкунову (за паспяховае прымяненне новых тэхналогій і метадаў кіравання), генеральнаму дырэктару СТАА "Фартэкс — водныя тэхналогіі" Івану Пінчуку (за падтрыманне высокага стандарту замежнай маркі на айчынным рынку) і генеральнаму дырэктару ААТ "Нафтан" Уладзіміру Траццякову (за важкі ўнёсак у развіццё знешнеэканамічных сувязяў Беларусі).

Дарэчы, на цырымоніі ўзнагароджання былі чутны не толькі віншаванні і добрыя словы, але вяліся і сур'ёзныя размовы. У прыватнасці, Уладзімір Таццякоў расказаў журналістам пра тое, наколькі выгадна "Нафтану" гандляваць палівам на ўнутраным рынку:

— Ніколі не трэба сыходзіць з рынку, нават калі ён стратны. І калі знешні рынак дапамагае перакрываць унутраны рынак, то на ім трэба заставацца. Гэта наш брэнд, гэта наша якасць.

Зараз унутраны рынак вельмі прэміяльны, чэрвень і май — прэміяльныя вышэй за экспарт. Таму нельга казаць пра ўнутраны рынак, што ён заўсёды стратны. Бываюць розныя перыяды. Экспарт, напрыклад, сёння для нас менш выгадны, чым праца на ўнутраным рынку, — сказаў ён і дадаў, што ў апошні час доля продажаў на ўнутраным рынку павялічыліся з 30% светлых нафтапрадуктаў да 35%.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Антон Суряпин остался под стражей после истечения 72 часов с момента задержания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика