Чалавек тоне!
Інфарм-укол
Падчас купання не заплывайце надта далёка, не пераацэньвайце свае сілы. Калі адчуеце стомленасць, не спрабуйце як мага хутчэй даплыць да берага. Абавязкова спачатку адпачніце, лежачы на спіне, набярыцеся сіл, а потым павольна плывіце да берага, пры гэтым час ад часу паварочвайцеся на спіну для адпачынку, раіць намеснік галоўнага ўрача гарадской паліклінікі №18 г. Мінска Вольга ЯЗНЕВІЧ.
Стомленыя мышцы, у большасці выпадкаў ікраножныя, часцей зводзіць сутарга, асабліва ў халоднай вадзе. Калі вас напаткала такая непрыемнасць, павярніцеся на спіну, абедзвюма рукамі вазьміце ступню і моцна пацягніце на сябе, каб мышца расцягнулася, пасля разатрыце, разамніце яе. Плывучы да берага, старайцеся не напружваць гэтыя мышцы, каб не выклікаць паўтарэння сутаргі.
Калі вы заблыталіся ў водарасцях, не спрабуйце выблытацца рэзкімі рухамі. Ляжце на спіну і спакойна здыміце кожную пятлю водарасцяў.
Калі зацягвае ў вір, ляжце на спіну і аддайцеся плыні. Перад апусканнем у варонку віру набярыце як мага больш паветра ў лёгкія і нырніце. Калі ў глыбіні варонкі моц віру аслабне, у касым кірунку выплывіце на паверхню і адплывіце ад небяспечнага месца.
Пры аказанні дапамогі таму, хто тоне, перш за ўсё парайце яму, як лепей трымацца на вадзе. Калі пад рукой ёсць прадметы, якія не тонуць, кіньце іх у ваду. Трымаючыся за іх, таму, хто страціў сілы, будзе лягчэй чакаць далейшай дапамогі.
Да таго, хто тоне, падплываюць ззаду, паколькі ён можа схапіць за рукі, ногі або шыю. А гэта не проста перашкаджае ратаванню, але і пагражае гібеллю абодвум. Калі той, хто тоне, моцна ўзрушаны, не выконвае каманды ратавальніка, рэкамендуецца зрабіць наступным чынам. На адлегласці 2-3 метраў паднырніце да таго, хто тоне, ззаду, адной рукой упрыцеся ў яго калена, а другой захапіце другую нагу, рэзка павярніце чалавека, усплывіце, знаходзячыся ў гэты момант за спінай пацярпелага. Толькі пасля гэтага можна пачаць буксіроўку да берага.
Калі пацярпелы схапіў ратавальніка за рукі, ногі, шыю і вызваліцца не ўдаецца, можна зрабіць глыбокі ўдых і пагрузіцца разам з ім. Пад вадой тонучы сам разніме рукі. Можна вызваліцца ад захопу, рэзка адштурхнуўшыся нагамі.
Калі чалавек схаваўся пад вадой, вызначыць яго месца знаходжання можна па бурбалках паветра на паверхні вады. У гэтым выпадку трэба ныраць, улічваючы хуткасць цячэння. Захапіўшы пацярпелага адной рукой, ратавальнік рэзка адштурхоўваецца ад дна нагамі і ўсплывае. Падчас буксіроўкі па мелкаводдзі, калі ўжо можна стаць нагамі на дно, а той, хто тануў, без свядомасці, неабходна зрабіць яму некалькі ўдзьмуванняў у лёгкія "з рота ў рот" або "з рота ў нос". Гэта можа аказацца вырашальным у ратаванні яго жыцця.
Святлана БАРЫСЕНКА