Камунары натхнілі Янку Купалу на стварэнне паэмы
Працоўны подзвіг камунараў, якія пакарылі непраходную багну і сваёй працай натхнілі Янку Купалу на стварэнне паэмы, і сёння для Любаншчыны — аснова жыцця
Летам 1926 года група дэмабілізаваных чырвонаармейцаў высадзілася на бязлюдным востраве сярод неабсяжных Мар’інскіх балот. Уручную пачалі пракладваць асушальныя каналы, будаваць дамы. Аб’ядналіся ў камуну.
І хутка багна пераўтварылася ва ўрадлівыя тарфянікі, у спрадвечнай глушы былі пабудаваныя сталоўка, цагельны завод, млын, маслабойня, вузкакалейка з паравозам, электрычнасць, кіно... У канцы мая 1933 года камунараў наведаў народны паэт Беларусі Янка Купала. Узрушаны ўбачаным, пачутым, паэт стварыў сапраўдны гімн пакарыцелям спрадвечнай дрыгвы — паэму “Над ракой Арэсай”...
Памяць праўнукаў
Старшакласнікі соснаў-скай сярэдняй школы № 1 Ігар Папко, Вольга Савіцкая, Мікіта Альфяровіч са сцэны пераносілі вяскоўцаў на восем дзесяцігоддзяў назад. Вось да першых камунараў падыходзіць селянін у лапцях.
— Надоўга тут атабарыліся? — пытае з’едліва.
— Назаўсёды, — адказваюць учарашнія салдаты, што змянілі вінтоўкі на рыдлёўкі, сякеры. — Асушым балоты, пабудуем дамы, школу, клуб, а з імі — і новае жыццё.
— Асушыць нашы балоты — тое ж самае, што лыжкай мора вычарпаць, — махае рукой недаверлівы паляшук...
Гэта Дзям’ян Нагорны — адзін з нямногіх мясцовых жыхароў палескага кутка, спрадвечную цішыню якога патрывожылі дэмабілізаваныя чырвонаармейцы. Пытаюся ў выкладчыка гісторыі Анатоля Вялічкі, аўтара сцэнарыя міні-спектакля, што ішоў на сцэне Соснаўскага Дома культуры — ці не стаў раптам Дзям’ян камунарам?
— Не, — адказвае Анатоль Іосіфавіч.— Ён пераехаў у іншую вёску. Не даспадобы былі грандыёзныя перамены, на якія замахнуліся камунары.
У свой час педагог быў дырэктарам сярэдняй школы ў суседняй вёсцы Камуна, якую ў 1929 годзе заснавала другая група дэмабілізаваных чырвонаармейцаў, якія кінулі выклік дрыгве. Анатоль Іосіфавіч вельмі многае зрабіў для стварэння ары-гінальнага музея меліярацыі. І цяпер наўрад ці хто лепш, чым ён, ведае гісторыю асваення забалочаных зямель Любаншчыны, а таксама пра знаходжанне на ёй беларускага песняра.
Конь для Купалы
Прыбыў на Любаншчыну Янка Купала з пісьменнікамі Уладзімірам Хадыкам, Платонам Галавачом. Аб паэме не думаў — звычайная для таго часу літаратурна-агітацыйная паездка на будоўлю сацыялізму. Але калі паглядзеў на справы камунараў, пабываў у навакольных вёсках, школе, сустрэўся з рабфакаўцамі, тут жа загарэўся ідэяй расказаць аб убачаным, пачутым узнёслым паэтычным словам. Паэту выдзелілі падводу. На гэтым “усюдыходзе” Купала ездзіў у суседнія вёскі Кузьмічы, Нежын, Ярэмічы. Але больш за ўсё любіў гутарыць з камунарамі, якія сваім энтузіязмам, працай ускалыхнулі Палессе.
Палескія фараоны
Летам 1929 года адна з рэспубліканскіх газет пісала: камунары вырашылі асушыць масіў у дзесяць тысяч гектараў. Не лічачы дробных калектараў і дрэнажных каналаў, пракапана пяць асноўных магістралей, кожная — звыш дваццаці кіламетраў у даўжыню і тры-чатыры — у глыбіню. Асушана звыш 2500 гектараў. Такіх маштабных работ няма нідзе ў Еўропе...
Для мантажу землечарпалак з Германіі прыбылі майстры. Немцы не маглі паверыць, што такія магістралі выкапаны ўручную. Здзіўлена ківалі галовамі, гаварылі: “О, фараоны!”
Усё застаецца людзям
У Камуне яшчэ дзейнічае музей меліярацыі.
Цэлы паверх прысвечаны жыццю, побыту палешукоў. Мноства партрэтаў першапраходцаў мясцовых балот. Падрабязны расказ аб жыцці камуны, што потым была пераўтворана ў калгас імя Беларускай ваеннай акругі (БВА), якая накіравала на барацьбу з багнай сваіх салдат.
— Многа гасцей чакаем у сярэдзіне ліпеня, калі святкаваць юбілей Янкі Купалы ў Камуну з’едуцца прыхільнікі яго творчасці не толькі з усіх куткоў Любаншчыны, а і з суседніх раёнаў, са сталіцы,— расказвае кіраўнік ААТ “БВА” Аляксандр Дудзік.— Прыедуць і спецыялісты сельскай гаспадаркі, якім цікава паглядзець, што робіцца на калісьці непраходных балотах. І нам будзе што паказаць...
Зямля і мужнасць у спадчыну
Нярэдка можна пачуць: не трэба было асушаць палескія балоты, маўляў, яны ж — “лёгкія” ўсёй Еўропы... Любанскія палешукі ў адказ толькі ўсміхаюцца. Яны ведаюць іншае. Якія “лёгкія”, калі ад павышанай вільгаці людзі пастаянна хварэлі? І як было выжыць на пясчаных астраўках, якія давалі з гектара па 7—8 цэнтнераў збожжа?
— Без меліярацыі ў нашага рэгіёна проста не было б будучыні, — гаворыць намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Тамара Дамашэвіч..
Сёння 70 працэнтаў сельгасугоддзяў Любаншчыны меліяраваны, асушаныя землі раскінуліся на 73 тысячах гектараў. Але асушаная зямля патрабуе ўзамен ашчаднага абыходжання.
З 1964 года інжынер Любоў Ткачук пачала працаваць на асушальных сістэмах Любаншчыны. Была актыўным стваральнікам музея меліярацыі. І ў час збору матэрыялаў нярэдка дзіву давалася — ці ж можна так адносіцца да зямлі, палітай потам многіх людзей?
— Нярэдка здаралася, вялікія плошчы асушаных тарфянікаў засяваліся бульбай, цукровымі буракамі, таму за вясну-лета некалькі разоў глебу рыхлілі, — расказвае Любоў Дзімітрыеўна. — Торф перасыхаў, вецер лёгка падымаў яго і пераносіў невядома куды. І некаторыя ўрадлівыя палеткі сталі бялець бясплоднымі пясочкамі.
Не так даўно геадэзісты даследавалі землі, на якіх калісьці шчыравалі камунары. Вынікі сумныя: у многіх мясцінах пласты тарфянікаў зменшыліся на 70—140 сантыметраў. Між тым навукоўцы, практыкі не перастаюць даказваць: асушаныя землі патрэбна засяваць шматгадовымі травамі, на іх базе развіваць жывёлагадоўлю. З гектара 35 цэнтнераў зерня? Добра. Пры залужэнні ён жа лёгка можа даць і 40 цэнтнераў кармавых адзінак, пры гэтым рыхліць глебу патрабуецца толькі раз у пяцігодку... Аб гэтым цяпер вельмі сур’ёзна ў раёне задумаліся.
А восемдзесят гадоў таму сваю работу камунары і Янка Купала выканалі на вышэйшым узроўні. Чым і заслужылі добрую памяць.
— Ва ўсіх вясковых, школьных бібліятэках арганізаваны выставы твораў Янкі Купалы, праходзяць гутаркі аб яго творчым, жыццёвым шляху, — расказвае метадыст раённай бібліятэкі Алена Скурко.
Да юбілею песняра работнікі бібліятэкі выдалі даведнік літаратурных мясцін “Сцежкамі Купалы па Беларусі”.У цыкле “Любаншчына літаратурная” выходзіць чарговая кніжка твораў мясцовых паэтаў. Многія яе радкі прысвечаны менавіта росквіту роднага краю. Меў рацыю пясняр, калі пісаў:
Аб новым Палессі
Яснае зары
Складаць будуць песні
Складна песняры.