Іспанская ЕЎРАстабільнасць. Колькі слоў пра чэмпіёнаў

Источник материала:  

Зборная Іспаніі перамагла Італію і заваявала залатыя медалі чэмпіянату Еўропы па футболе

Шкада, але сапраўднай інтрыгі ў фінале сёлетняга чэмпіянату не было. А дакладней, яна проста "памерла" напрыканцы першай паловы фінальнай сустрэчы. Шчыра кажучы, падобны вынік прадказвалі загадзя нават тыя, хто ад футбола далёкі. Зборная Іспаніі ўпэўнена, лёгка, на адным подыху прайшла турнірную дыстанцыю і ў фінале забіла ў вароты італьянцаў чатыры галы. І няхай кагосьці крыўдзяць дасягненні "чырвонай фурыі" — гэта цалкам заслужаная вікторыя, якая канчаткова пацвердзіла адно меркаванне: роўных іспанцам на кантыненце, як у клубным футболе, так і на ўзроўні зборных, напэўна, пакуль сапраўды няма.

Іх узыходжанне на футбольны алімп можна адлюстроўваць у дакументальнай стужцы. Вось 2008 год, мінулы чэмпіянат Еўропы. Камандай яшчэ кіруе сівы патрыярх Луіс Арагонэс. У фінале, які адбыўся на венскім "Эрнст Хапеле", пірэнейцы з мінімальным лікам перамаглі Германію — 1:0. А вось перамога над галандцамі на чэмпіянаце свету ў 2010-ым. І, вядома, жорсткая аплявуха італьянцам у сёлетнім фінале, — сляды ад яе застануцца надоўга. 4:0 — самы буйны лік у фінале чэмпіянату Еўропы.

Сённяшняя зборная Іспаніі — скарбніца фенаменальных футбалістаў. Толькі ўнікніце ў наступныя прозвішчы, і ўсё стане зразумела. У варотах бліскучы Ікер Касільяс, у цэнтры абароны два волаты Серхіа Рамас і Херард Піке, у паўабароне цудоўнае трыа Хабі Алонса, Серхіа Бускетса і Хаві, вышэй у тактычным малюнку — Сэск Фабрэгас, Андрэс Іньеста, лепшы футбаліст першынства, і Давід Сілва. Большасць гульцоў асноўнага складу — прадстаўнікі "Рэала" і "Барселоны". Вось і ўявіце, як можна супрацьстаяць суперніку, калі перад табой на полі амаль зборная свету.

— На каго ні зірнеш у гэтай камандзе, усе добра гуляюць, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Генадзь Блізнюк, нападаючы бабруйскай "Белшыны", былы гулец зборнай Беларусі. — Асабліва спадабаўся Рамас, супраць якога калісьці давялося гуляць. Ён надзейна дзейнічаў на сваёй пазіцыі. У прынцыпе, з думкай, што іспанцы зараз лепшыя на кантыненце, згадзіцца можна. Праўда, каманды Германіі, Італіі і Партугаліі на гэтым чэмпіянаце Еўропы выглядалі таксама вельмі добра. У групавым раўндзе Італія з Іспаніяй згуляла 1:1. І наогул, італьянцы мелі перавагу. Але ў фінале іспанцы прадэманстравалі фантастычны ўзровень.

Даволі трапна наконт фінальнага паядынка выказаўся і расійскі футбольны спецыяліст Яўген Лоўчаў. "Фінал атрымаўся з разраду "без варыянтаў". Іспанія цалкам магла перайграць суперніка ў пяць-шэсць мячоў. І гэта было б справядліва. (...) Фінал ёсць фінал, у ім усё можа змяніцца за некалькі хвілін. Аднак Іспанія, краіна карыды, проста не дала ніякага шанцу. Іспанскія футбалісты не сталі шкадаваць суперніка нават пры ліку 2:0, калі ў італьянцаў засталося на аднаго гульца менш. Іспанцы сталі дабіваць праціўніка, маглі перамагчы і з большым лікам".

Між іншым, беларусы ў гэтым фінале былі гледачамі зацікаўленымі. Ужо хутка наша нацыянальнай зборная прыме ўдзел у кваліфікацыі чэмпіянату свету-2014, які пройдзе ў Бразіліі. У адной групе беларусаў лёс звёў менавіта з хлопцамі дэль Боске. Большага падарунка для заўзятараў і не прыдумаеш. Цікава толькі, як наша зборная падрыхтуецца да прыёму "чырвонай фурыі". Першы матч зборных адбудзецца 12 кастрычніка. Упэўнены, час у чаканні праляціць вокамгненна.

Тарас ШЧЫРЫ.

←Праздничный концерт и салют, посвященные Дню Независимости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика