Шаную цябе, Беларусь!

Источник материала:  

У Брэсце, дзе зусім нядаўна прайшлі вялікія мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на 3 ліпеня запланавалі мінімум афіцыйных імпрэз. Але ўшанаваць памяць пакалення пераможцаў, тых, хто адстаяў незалежнасць — гэта непарушная традыцыя. Таму зранку кіраўнікі абласнога і гарадскога выканкамаў, адміністрацый Ленінскага і Маскоўскага раёнаў, прадстаўнікі ветэранскіх і моладзевых арганізацый, дыпламаты консульстваў, акрэдытаваных у Брэсце, прыйшлі на плошчу Свабоды, каб ускласці вянкі да помніка воінам-вызваліцелям. Потым дэлегацыя накіравалася ў Брэсцкую крэпасць, на плошчу Цырыманіялаў да Вечнага агню.

Кароткае слова прамовы, кветкі, хвіліна маўчання...

— У гэты дзень мы адчуваем смутак і радасць адначасова, — заўважыў губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар. — Смуткуем аб тых, хто цаной жыцця заваяваў для нас перамогу, радуемся таму, што жывём у спакойнай і мірнай краіне. Дзень Незалежнасці — гэта яшчэ і дзень нашага адзінства, які нагадвае нам, што толькі разам мы можам мацаваць краіну, паляпшаць яе дабрабыт.

Шаную цябе, Беларусь!

Асноўныя святкаванні разгарнуліся ў парках, на вуліцах горада. Да 12 гадзін стала шматлюдна ў цэнтральным парку культуры і адпачынку. У асноўным сюды ішлі сем'ямі. У парку шмат атракцыёнаў на радасць дзятве. А на пляцоўцы летняга тэатра выступалі маладыя выканаўцы абласнога цэнтра з праграмай "Я люблю Беларусь". Непадалёку разгарнулася выстава "Здаровая нацыя", дзе можна было азнаёміцца з магчымасцямі фізкультурна-спартыўных аб'ектаў вобласці.

У парку воінаў-інтэрнацыяналістаў адбылося свята Маскоўскага раёна пад умоўнай назвай "Шаную цябе, Беларусь". Канцэрты, конкурсы, забаўлянкі, ды і чыстае паветра прывабілі шмат людзей.

Другі раён горада — Ленінскі — наладзіў асноўныя святкаванні ў аддаленым мікрараёне "Бярозаўка". Тут не часта адбываюцца масавыя мерапрыемствы, хоць жыве шмат працавітых, заслужаных людзей. Ушанавалі ветэранаў вайны, шматдзетныя сем'і, лепшых працаўнікоў.

Ну а вечарам на плошчы Леніна прайшоў вялікі святочны канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасці, які завяршыўся акцыяй "Спяем гімн разам", дзе нашы галасы далучыліся да хору ўсёй краіны. У крэпасці па традыцыі прагрымеў салют, які было відаць аж на вяслярным канале.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←Праздничный концерт и салют, посвященные Дню Независимости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика