РУДАБЕЛКА — КРАЙ ПАРТЫЗАНСКІ
Так называецца экспазіцыя, размешчаная ў зале Акцябрскага цэнтра гісторыі і культуры. Гарадскі пасёлак Акцябрскі знаходзіцца на паўночным захадзе Гомельскай вобласці, блізка ад тых мясцін, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны базіраваўся Мінскі абкам КП(б) Беларусі, штабы Мінскага партызанскага злучэння, Мінскай і Палескай вобласці.
Асобнае месца ў музейных вітрынах займаюць дакументы пра дзейнасць падпольнай друкарні. Ва ўрочышчы Дзвесніца і на востраве Добры партызаны здолелі наладзіць выпуск газет "Звязда", "Бальшавік Палесся", "Народны мсцівец". Друк паведамляў пра дзейнасць лясных мсціўцаў, змяшчаў матэрыялы пра зверства акупантаў, інфармаваў аб ходзе вайны.
Цяпер на востраве Добры знаходзіцца музей адноўленых партызанскіх зямлянак. Пра гады гераічнай барацьбы з захопнікамі нагадваюць помнікі і абеліскі ў многіх вёсках раёна.
На здымках:навуковы супрацоўнік Акцябрскага цэнтра гісторыі і культурыМіхаіл Угрын знаёміць з экспанатамі — сведкамі гераічных падзей. Сярод іх — архіўны фотаздымак хаты ў вёсцы Рэпін, дзе друкавалася "Звязда"-партызанка. Вымпел — адзнака, якой у наш час Акцябрскі разам з двума дзясяткамі іншых населеных пунктаў Беларусі ўдастоены за мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Яўген Пясецкі, фота аўтара.