Купалле на возеры Янова

Источник материала:  

"Ішла Купалка сялом, сялом,

Закрыўшы вочкі пяром,

пяром.

Вітала хлопцаў чалом, чалом.

Паліла ночку агнём, агнём,

Пляла вяночкі шаўком,

шаўком.

Слыла Купалка цяплом,

дабром.

Славу Купалцы пяём, пяём"

Яшчэ здалёк, з-за Яноўскага возера, даносіліся да гары Таўкачоўкі ў купальскі надвячорак звонкія жаночыя галасы. Там на лузе ля вёскі Бікульнічы дзеўкі збіралі кветкі і спявалі. Хоць сонца яшчэ не зайшло, але на небе ўжо з'явіўся тонкі серпік маладзіка — можна пачынаць купальскую дзею. Выбраўшы Купалку, самую прыгожую, з доўгай касой, сталі плесці для яе самы вялікі вянок і доўгую-доўгую касу з кветак, каб аж валачылася па зямлі. Далей, ля вёскі Янова, што ва Ушацкім раёне, таксама ўжо сталі гучаць купальскія песні. Хлопцы, рыхтуючы вогнішча, дровы на якое ўсцягвалі на гару за некалькі дзён да свята, паглядалі на дзяўчат, якія тут жа, ля падножжа гары, збіралі кветкі. Вось ужо пабеглі ў бок вёскі і пастроіліся ў два рады. Спераду вядуць Купалку:

"Ляці, ляці, стрэлачка,

У зялёную дуброву

ці ў гнілую калоду.

Суха будзець — палячу,

Мокра будзець — пасяджу..."

Да гурта ад кожнай хаты далучаюцца спявачкі. І так, абышоўшы ўсё сяло, вяртаюцца на Таўкачоўку. Яна ўзносіцца над Яновым возерам высока ў неба. Старыя бабы кажуць: "Бы таўкач, выпірае з зямлі". Асабліва крутая яна з боку возера, таму спявачкі абыходзяць яе з тылу. Паволі мацнеючы і ўсё шырэй ахопліваючы маўклівую прастору, гукі песні нібы лунаюць над вадою, робяцца больш выразнымі і пазнавальнымі. Гэтак было спрадвеку — купальскія песні абуджалі ўсю навакольную прастору. Талкачоўка літаральна ажывала ў ноч на Івана Купалу, вабіла ўсіх да сябе. Яшчэ засветла да яе доўгімі ручаінкамі ішлі вяскоўцы адзначаць свята летняга сонцастаяння — асаблівы дзень у земляробчым календары продкаў. Сталыя жанчыны і мужчыны, старыя бабулькі і дзеці, валам валіла моладзь. Конусам на гары ўзвышаецца вогнішча, а на ім шост з мазніцай і цэлае яловае дрэўца. Спрадвеку быў звычай спальваць на Купалле цэлае дрэўца. Можа, таму і гара, якую раскапалі па той бок шашы, калі будавалася дарога на Полацк, называлася Лысая. Падняўшыся на гару, заспявалі "Цэркаўку":

"А на гарэ цэркаўка,

на цэркаўцы — крыжачок,

на крыжачку макоўка,

на макоўцы ластаўка.

Яна сядзіць высока,

яна відзіць далёка,

Што на свеце дзеецца:

7 мальчыкаў жэніцца,

7 дзевачак берацца..."

Моладзь з Туржаца звычайна спраўляе Купалле ў жыце на скрыжаванні дарог, але спачатку абыходзіць поле з запаленай мазніцай. У некаторых іншых вёсках на Полаччыне таксама быў такі звычай. Ідуць, спяваючы:

"Мар'я Йвана ў поле звала:

"Пойдзем, Іван,

жыта глядзець!

Чыё жыта луччэ ўсіх?

Іванава, Іванава жыта

луччэ ўсіх!

Яго сына жаніць будзем!"

Тэма кахання, жаніцьбы для хлопцаў і замужжа для дзяўчат, дабрабыту сям'і, які залежыць ад ураджаю ў полі, жыццё маладухі ў хаце свёкра і свекрыві, пра купальскія зёлкі і цуды чарадзейнай ночы, пра Купалку і дзявочыя варожбы — пра што толькі не спявалі на Купаллі! І песень было шмат. Спяваюць, бывала, усю ноч, і ніводная песня не паўтараецца. Былі ж яшчэ танцы перад Купаллем і ў ноч да раніцы, гульні, нават купальскі карнавал... Але самая вялікая адметнасць менавіта полацкага Купалля — спевы ўперахлёст, як называюць мясцовую манеру выканання песень самі захавальніцы традыцыі. Гэта антыфоныя спевы, калі гурт дзеліцца на некалькі груп, кожная з якіх перапявае кожны радок па чарзе, наслойваючы пачатак кожнага радка на канец таго, што яшчэ не дапела папярэдняя група. Пры гэтым спявачкі становяцца насупраць праз вогнішча. Атрымліваецца незвычайны, фантастычны гук, скіраваны ў вышыню, у неба, у касмічную далячынь.

Купалле на возеры Янова

вось на Таўкачоўку сабраліся ўсе жыхары вёскі Свяціца. Да прыходу спеўнага гурта танцуюць пад гармонік, падпяваючы. Кожная дзяўчына пакрывае галаву вянком з купальскіх кветак, а жанчыны ўскладаюць вянкі на хусткі. Хлопцы з паходнямі чакаюць, пакуль гурт абвядзе карагодам Купалку вакол вогнішча, пакуль здымуць з яе вянок з доўгай кветкавай касы і закінуць на елку. Тады яны хутка і спрытна запальваюць ладна складзеныя жэрдкі. Агонь на некалькі секундаў замірае ў сярэдзіне вогнішча, а затым бурна шугае ўгору. І вось ужо ад яловых галінак ляцяць яркія выскваркі — нібы сотні светлякоў разляцеліся вакол. Нават не верыцца, што гэткі малюнак можна было назіраць яшчэ ў зусім недалёкія 90-я гады толькі што адышоўшага стагоддзя. І такія фантастычныя гетэрафонныя спевы гучалі над возерам Яновым і ўсёй полацкай зямлёй:

"Перад Пятром, пятым днём

Разгуляўся Янаў конь,

разбіў камень капытом.

А ў тым камню ядра нет,

а ў мальчыкаў праўды нет.

Сколька ў рэшаце вады,

столька ў мальчыкаў

праўды..."

Купальскіх песень спявачкі з вёсак вакол возера Янова ведалі шмат — "Купаленька — ноч маленька", "Купала, Купала, дзе ты прабувала?", "Іван маладою, не стой над вадою, не махай рукою", "У цёмным лесе гаманіна", "Пушчу каня ў агарод", "Чырвоная ружа, не стой ля дарогі..." Але асабліва шмат іх ведае і перадае свайму фальклорнаму калектыву ў вёсцы Багатырскае Полацкага раёна Вера Іванаўна Пісюкова. На вялікую радасць апошнім жыхарам навакольных вёсак, якія паступова становяцца дачнымі пасёлкамі, летась на гары зноў запалала купальскае вогнішча і загучалі песні. Ладзіць свята галасістым пявунням з Багатырскага дапамагалі ўдзельнікі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Мінска. Разам яны спрабавалі вяртаць колішнія гульні, песні, звычаі. Адзін з такіх звычаяў — качацца з гары парамі ў разгар Купалля. Пра тое, што ён даўні, сведчыць купальская песня:

Іван ды Мар'я каціліся

з узвалля (узвалле,

па-мясцоваму, узгорак)

З высокай гарушкі

ў мяккія падушкі.

Іван Мар'ю пераймаў,

Рукі-ногі паламаў".

Ці дзіўна, што неўзабаве пасля Купалля многія маладыя пары бралі шлюб.

У незвычайным месцы знаходзіцца Таўкачоўка. Возера Янова — даўняя купальская сакральная мясціна. Сама яго назва звязана з днём Івана Купалы (Яна). Больш за тое, каля вёскі Бікульнічы да нашага часу захавалася старажытная абсерваторыя з ледавіковых валуноў. Цяпер яе нярэдка называюць "стоўнхендж". Калі стаць у цэнтры кампазіцыі, можна ўбачыць, як сонца садзіцца якраз за гару Таўкачоўку на супрацьлеглым беразе. А ўзыходзіць раніцай — з правага боку, але таксама за возерам і за даволі высокай гарой Гарадзец. Народная легенда сведчыць, што на гары стаяў манастыр з царквой, якія праваліліся ў возера. Дагэтуль можна назіраць узыход сонца з-за Гарадца, як гэта было тысячы, а мо і сотні тысяч гадоў таму. Ад падножжа гары сонечны дыск коціцца ўверх па левым схіле да самай яе вяршыні, потым на хвіліну нібы завісае там і пачынае "гуляць", разліваючыся рознакаляровымі коламі. Ад гары ў бок камянёў па воднай гладзі возера пралягае чырвоная паласа, нібы дарога да сонца. Назіраць, як узыходзіць сонца на Купалле, паўсюдны звычай на Беларусі. Старэйшыя людзі перакананы: калі ўбачыш, як сонца "гуляе", дык год будзе шчаслівы і багаты.

Некалі вяскоўцы ў купальскую ноч гулялі ля вогнішчаў, спявалі, частаваліся купальскімі стравамі, пераказвалі легенды пра цуды і заклятыя скарбы. Моладзь скакала праз агонь, старыя, пераступаючы праз купальскія кветкі, назапашвалі здароўя на ўвесь год. Лічылася, што зёлкі і карэнні, сабраныя перад Купаллем і на Яна, валодаюць лекавымі і гаючымі ўласцівасцямі. Пад раніцу ішлі да возера — пускаць вяночкі, купацца. І сустракаць сонца: ці зайграе на шчасце? Віталі яго, спяваючы:

"Як на Яна сонца грала,

А там дзеўка цвяты рвала.

Цвяты рвала, вянкі віла.

Старшыя дзеўкі замуж

пойдуць,

Младшыя дзеўкі гуляць

будуць...".

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

Ішацкі раён..

←Кусаются, гады

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика