Як жыве першае беларускае экапаселішча "Росы"
22.06.2012 09:16
—
Новости Общества
Як жыве першае беларускае экапаселішча "Росы"
Яны будуюць радавыя маёнткі з саламяных блокаў ды вырошчваюць бульбу па метадзе Курдзюмава, чысцяць зубы палачкамі ядлоўцу ды нараджаюць дзяцей без дапамогі медыкаў... Жыхары першага беларускага экапаселішча "Росы" — у мінулым мінчане, якія прамянялі загазаванасць і мітусню на куванне зязюлі ля Налібоцкай пушчы. "Экалагічныя бежанцы" сцвярджаюць, што знайшлі рай на зямлі, і мараць, каб такіх паселішчаў стала больш. З гэтай мэтай і ладзяць гасцявыя дні...
"А каго з цароў у радзільні нарадзілі?"
"Росы" месцяцца непадалёку ад Мінска на тэрыторыі вёскі хутарскога тыпу Петрусоўшчына. Першыя "памешчыкі" (так сябе называюць росічы) прыехалі сюды гадоў 6 таму. Сёння тут жыве чалавек 50, прычым 10 двароў ужо зімуюць.
Экскурсія па паселішчы пачалася з нечаканай сустрэчы. Непадалёку ад дарогі на траве накрывалі імправізаваны стол дзве маладыя жанчыны з дзецьмі.
— Мяне завуць Юля, — вітае шчырай усмешкай адна з іх, тая, што цяжарная. — Як бачыце, пакуль жывём у паходных умовах. Вунь муж дом будуе. А мы тут яго чакаем, хутка палуднаваць будзем.
Слова за слова — гаворка зайшла пра "кветкі жыцця" — дзетак. Юлі хутка нараджаць, але, як высветлілася, яна не стаіць на ўліку ва ўрача.
— Мы з мужам — за хатнія роды, — тлумачыць жанчына. — І тут няма чаго баяцца.
— А каго з цароў у радзільні нарадзілі? — уступае ў размову наш праважаты, адзін з заснавальнікаў "Рос" Аляксандр Матруховіч. — За шэсць гадоў, што існуе паселішча, тут 9 дзетак нарадзілася. У тым ліку і мае сыны. Я двойчы роды прымаў у сваёй Каці.
Росічы недаверліва ставяцца не толькі да медыцыны, але і да традыцыйнай адукацыі. Дачцэ Юлі споўнілася 6 гадоў, тым не менш маці не збіраецца аддаваць яе ў школу, маўляў, там на малую акажуць негатыўны ўплыў.
— Ігар, што жыве непадалёку, ведаю, возіць дзіця ў школу за 15 кіламетраў, — кажа Юля. — Я ж паспрабую, пэўна, заняцца адукацыяй сваіх дзяцей сама.
— Ёсць думкі ў перспектыве пабудаваць у паселішчы сваю школу, — адзначае Аляксандр. — А пакуль, магчыма, і праўда арганізуем вучобу на даму, сярод пасяленцаў ёсць настаўнікі. Так, прынамсі, робяць нашы аднадумцы ў Расіі.
"Салома замяняе рыдлёўку і хімікаты"
Першае, што кідаецца ў вочы ў паселішчы, — гэта дамы. Будуюць "памешчыкі" радавыя маёнткі ўласнымі сіламі з экалагічна чыстых матэрыялаў: дрэва, саломы, гліны і пяску. Яшчэ адно адрозненне ад беларускіх вёсак: замест плота — жывая агароджа з розных дрэў. Яна, як мне патлумачылі, не толькі нясе станоўчую энергетыку, але і стварае неабходны мікраклімат, не дае зімой задзьмуць дом снегам.
У кожным двары — салома. Як высветлілася, яна там таксама не проста так.
— Стараемся апрацоўваць зямлю без прымянення складанай тэхнікі і ядахімікатаў, — падводзіць нас да свайго "саламянага" ўчастка Ірына Гарбачова. — Плуг і хімікаты нам замяняе салома. Пустазелле праз яе не прабіваецца, таму агарод не трэба ні палоць, ні паліваць. Ураджай пакуль не завоблачны, але нам хапае. Вось на гэтым невялічкім лапіку летась пасадзілі мех бульбы, а выкапалі цэлых 8.
Старажылы нахвальваюць метад Курдзюмава, а вось Таня, якая пераехала ў Росы тры гады таму, прызналася, што пачынае пакрыху ў ім расчароўвацца.
— Я таксама супраць хіміі. Але апошнім часам задумваюся над тым, каб паараць трошкі. Бо зямля дрэнная. Вільгаці шмат. Пустазелля гаць гаці. Экалагічная гаспадарка — гэта сур'ёзная рэч, а мы — першапраходцы. Напісана шмат, але каб дасягнуць нейкіх істотных вынікаў, трэба працаваць, і не адзін год...
Паводле слоў Аляксандра Матруховіча, атрымаць зямлю апошнім часам стала прасцей. 25 сотак можна набыць у прыватную ўласнасць, астатняе — узяць у доўгатэрміновую арэнду. Значна складаней вырасціць на ёй столькі гародніны, каб, як той казаў, і сабе, і іншым.
— У буйных экапаселішчах Расіі гандаль экалагічнай прадукцыяй ідзе ва ўсю, там нават ствараюць свае гандлёвыя знакі, — кажа Аляксандр. — Калі ў нас будуць дастатковыя аб'ёмы, мы таксама да гэтага прыйдзем.
"З захаплення гэтай літаратурай усё і пачалося"
У "Росах" жывуць людзі самых розных прафесій і перакананняў. І нейкіх дакладных правіл, якіх трэба няўхільна прытрымлівацца, тут няма.
— Так склалася, што большасць з нас не ядуць мяса, не смаляць і не п'юць, — распавядае Таццяна. — Але, зрэшты, гэта не жорсткае абмежаванне. Ёсць у пасяленні людзі, якія не адмаўляюцца ад мяса, а адзін мужчына злоўжывае алкаголем і тытунём. Але тым не менш ён аднадумца. Не лайдак.
— А як ставіцеся да таго, што за спінай вас называюць "сектантамі"? — цікаўлюся ў росічаў.
— Без ідэі народ, самі разумееце, на зямлю не пойдзе, — адказвае на правакацыйнае пытанне Аляксандр. — І мы не хаваем, што ў свой час усе прачыталі кнігі расійскага прадпрымальніка Уладзіміра Мегрэ пра сібірскую пустэльніцу Анастасію. З захаплення гэтай літаратурай усё і пачалося.
— Але, ведаеце, нас згуртавала ў першую чаргу ідэя радавога паселішча, беражлівага стаўлення да прыроды, а не разважанні аб прыходзе іншапланецян ці прынцыпах тэлепартацыі, — дадае Таццяна. — Я заўсёды хацела жыць на зямлі, у мяне нават была магчымасць у дзядулеў дом пераехаць. Але там няма аднадумцаў, а гэта значыць — душэўнасці. Дарэчы, прыйшла я ў "Росы" будавацца адна, і ўжо тут пазнаёмілася са сваім мужам.
У паселішчы разам адзначаюць усе святы, у тым ліку і ўласнае — Дзень Зямлі: збіраюцца на паляне, спяваюць, танчаць. У нечым яны вяртаюцца да вытокаў, але разам з тым не адмаўляюцца ад дабротаў цывілізацыі, спалучаюць экалагічны кірунак з найноўшымі дасягненнямі тэхнікі.
— Некаторыя думаюць, што мы ледзь не ў зямлянках жывём, — усміхаецца Каця Матруховіч. — Але калі прыязджаюць, пераконваюцца, што гэта не так. Што таіць, быў час, калі жылі пры свечках. Але мясцовыя ўлады пайшлі нам насустрач і бясплатна правялі электрычнасць. Карыстаемся аўтамабілямі, мабільнікамі, інтэрнэтам. Адзінае — "зомбі-скрыні" не глядзім. Тут і без тэлевізара спраў безліч.
— А адкуль вы грошы бераце на жыццё?
— Са свайго ўчастка спакойна можна пражыць, але для таго, каб развіцца, патрэбен час, — адказвае Каця. — Жанчыны тут, сапраўды, не ходзяць на працу, пераважна завіхаюцца на ўчастку і выхоўваюць дзяцей. Мужчыны ж нашы круцяцца, хто як можа. Нехта, як мой муж, займаецца прадпрымальніцтвам, сабак пародзістых разводзіць, нехта асвойвае народныя промыслы, многія арганізавалі брыгаду і дапамагаюць новым пасяленцам будавацца. У некаторых кватэры ў Мінску засталіся. Здаем і маем дадатковыя грошы.
"Дрэннага пра іх нічога не маю сказаць"
Ніхто тут не схапіў мяне за руку і не стаў прапаведаваць, што трэба кінуць усё і пераехаць у экапаселішча. Насцярожылі толькі босы з паўп'яным поглядам ды лысаваты, які настойліва прапаноўваў паўдзельнічаць у трэнінгу "Перараджэнне" ды ў свяце пошуку палавінкі: маўляў, перш чым будаваць маёнтак, трэба стварыць сям'ю... Я так дагэтуль і не зразумела, хто гэтыя людзі: жывуць яны ў Росах альбо выпадкова зайшлі на агеньчык.
На зваротным шляху ўбачыла ля аднаго са звычайных вясковых дамкоў жанчыну, якая даіла карову, і не ўтрымалася, падышла.
— Як вам вашы новыя суседзі? — пытаюся.
— Дрэннага пра іх нічога не маю сказаць, — ахвотна ўступае ў размову 66-гадовая ўраджэнка Петрусоўшчыны Уладзіслава Іосіфаўна Абражэй. — Людзі як людзі. Маладыя, энергічныя. Прыходзяць да мяне па тваражок, малако. Самі заўсёды ўсім падзеляцца. Мая дачка ў бальніцы ляжала, дык падвозілі мяне на машыне. Едуць куды, дык заўсёды запытаюцца, мо прывезці чаго. Сваіх жа, мясцовых, тут засталося ўсяго нічога — тры двары... А яны прыехалі, будуюцца, дык і не так сумна. Людзі ж усялякае плявузгаюць. На першых парах хадзілі чуткі, што нейкія сектанты прыехалі. Не ведаю, як сектанты, але адно не такія, як мы. Усё ў іх чыста экалагічна. Салома паўсюль на агародзе. А Наташка вунь якая худая, сыраедзіць, есць адзін часнок ды буракі. Босыя ходзяць. Я кажу, каб абуліся, а то ж раптам змяя якая. А яны смяюцца і кажуць: "Нас не кусаюць". Яны хацелі вёску перайменаваць у Росы. Прыходзілі дазволу прасіць. Дык мы ім сказалі: "Не крыўдуйце, але ж мы хочам дажыць свой век у Петрусоўшчыне". Навошта ж нам тыя Росы?!
Пасяленцы вераць, што шлях, які яны выбралі, адзіна магчымы. Гарадская цывілізацыя не апраўдала сябе і ў чалавецтва няма іншага шанцу на выжыванне перад тварам крызісу, акрамя як вярнуцца да вытокаў.
— Мы хочам, каб нашы дзеці жылі на прыродзе, бегалі па расе, елі натуральныя прадукты. А калі вырастуць, каб не разляцеліся па свеце, як гэта часта бывае, а засталіся і нарадзілі ўнукаў тут, у радавым гняздзе.
Узнікае пытанне: у чыім радавым маёнтку — бацькоў мужа ці жонкі — будуць жыць маладыя? А мо яны захочуць пабудаваць нешта новае на новай зямлі? Ці наогул аддадуць перавагу гораду? Пытанняў больш, чым адказаў... Бо адказы на многія з іх змогуць даць толькі самі басаногія і загарэлыя малыя, калі вырастуць. Час пакажа, што будзе далей. Мо запал патухне і радавыя маёнткі ўвойдуць у гісторыю. А можа, хто ведае, росічы дакажуць, што і праўда, рай на зямлі — справа нашых рук?
Думкі на тэму
Галіна Пупко, старшыня Пральніцкага сельскага Савета: "Як да жыхароў, да іх ніякіх прэтэнзій няма"
— Усе атрымалі ўчасткі па законе — хто стаяў у чарзе, хто праз аўкцыён. У тым, што яны свядома падбіралі сабе суседзяў, я не бачу нічога благога. Як да жыхароў, да іх таксама ніякіх прэтэнзій няма. Жывуць сабе, робяць. Калі нейкія заўвагі ёсць, выконваюць. Акрамя таго, яны вельмі творчыя і актыўныя, удзельнічаюць у самадзейнасці.
Уладзімір Навумовіч, старшыня Валожынскага райвыканкама: "Я не бачу нічога дрэннага ў адраджэнні вёсак"
— Я не бачу ніякіх праблем. Маладыя людзі пабралі не надта добрыя землі, уводзяць іх у абарот, вырошчваюць экалагічна чыстую гародніну, адраджаюць вёску, нараджаюць дзетак. Будоўля ідзе. І мясцовыя кажуць, што ім весялей стала жыць. Вось нядаўна дарогу папрасілі дапамагчы пракласці. І не бясплатна. Кажуць: "а давайце гуртам — мясцовыя ўлады рубель і мы па рублі". Нешта будзем вырашаць, пакуль праблем вострых няма.
Уладзімір Марціновіч, кіраўнік інфармацыйна-кансультацыйнага цэнтра пры Беларускай праваслаўнай царкве, спецыяліст у сферы сектазнаўства: "У Беларусі пакуль не было буйных канфліктаў вакол гэтага сектанцкага руху"
— За сектанцкім "рухам Анастасіі" ў Беларусі праваслаўная царква назірае яшчэ з 1997 года. Спачатку ён складаўся з розных клубаў чытачоў кніг Мегрэ. З выхадам у свет кожнай наступнай кнігі аўтар актыўна развівае ідэю стварэння радавых паселішчаў. Апошнія ўяўляліся ўніверсальным сродкам як для духоўнага развіцця чалавека, так і для вывядзення краіны з палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага крызісу. "рух Анастасіі" супярэчыць вучэнню не толькі праваслаўнай царквы, але і хрысціянству ў цэлым. У краінах СНД ужо ёсць людзі, якія пацярпелі і спрабуюць расказаць грамадству аб небяспецы, звязанай з прыняццем яго ідэй. У Беларусі ж пакуль яшчэ не было ніякіх буйных канфліктаў... Але першыя назіранні паказваюць, што гэты рух падтрымлівае некаторы ўзровень напружанасці з навакольным светам.
Кацярына Агеенкава, кандыдат псіхалагічных навук, член экспертнай рады пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі: "Не трэба распаўсюджваць утапічную ідэю на ўсіх"
— Сектанцкі "рух Анастасіі" нясе ў сабе шмат небяспек. Адна з іх — разбурэнне сем'яў. Я асабіста працавала з дзвюма такімі. У адным выпадку студэнт захапіўся гэтай ідэяй і кінуў вучобу. У другім — жонку і дзяцей прамяняў на аднадумцаў паспяховы прадпрымальнік. Але зразумейце, прыгожая ўтопія, як мне бачыцца, можа прывесці да сумных наступстваў. І ў першую чаргу будуць пакутаваць дзеці "экалагічных бежанцаў". Ім пасля будзе вельмі цяжка некуды паступіць. Бо каб пракарміць сябе, трэба шмат часу аддаваць гаспадарцы. Якая тут можа быць вучоба? Анастасіеўцы прапаноўваюць альтэрнатыўную і, на мой погляд, утапічную мадэль грамадства. Пры гэтым лічаць, што ўсе людзі рана ці позна стануць паслядоўнікамі ідэй міфічнай Анастасіі. Калі ласка, няхай эксперыментуюць. Але не трэба распаўсюджваюць гэта на ўсіх!