На ЦТ абітурыенты дапускаюць памылкі нават у сваім прозвішчы

Источник материала:  
21.06.2012 10:17 — Новости Общества

На ЦТ абітурыенты дапускаюць памылкі нават у сваім прозвішчы

           


На ЦТ абітурыенты дапускаюць памылкі нават у сваім прозвішчы
"Як пішацца "некто" і "нечто" — разам ці асобна? А дзе трэба ставіць націск у словах "плесневеть" і "кухонный"? — такую гутарку давялося падслухаць у метро. Адна адну "кансультавалі" дзве маладыя дзяўчыны, якія, без сумнення, ехалі здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове і напаследак, перад экзаменам, гарталі свае канспекты. Але куды больш уразіла карціна каля газетнага кіёска побач са станцыяй метро "Каменная Горка", дзе выстраілася чарга з маладых людзей, якія цікавіліся ў прадаўца: "Скажыце, ці ёсць у вас чорныя гелевыя ручкі?" Як вядома, для запаўнення бланка адказаў на ЦТ без чорнай гелевай ручкі проста немагчыма абысціся. Да ЦТ заставалася ўсяго паўтары гадзіны, таму можна зразумець адчай маладых людзей, якія чулі ў адказ, што ручак няма. Асабіста для мяне так і засталося незразумелым, як гэты важны пункт падрыхтоўкі да ЦТ можна было адкласці на самы апошні момант.

Між іншым, арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання могуць прыгадаць шмат нестандартных і нават казусных сітуацый, звязаных з рэгістрацыяй і здачай ЦТ.

Так, даволі нечаканае практычнае прымяненне атрымала сістэма электроннай рэгістрацыі абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне. З яе дапамогай два гады таму ў вялікім горадзе ўдалося знайсці маладую дзяўчыну, якая прыехала ў Беларусь з Расіі, каб зарэгістравацца для здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Прыбыўшы ў Мінск, дзяўчына патэлефанавала бацькам, супакоіла іх, а затым... знікла амаль на тыдзень. Ці варта казаць, што бацькі месца сабе не знаходзілі, таму праз сваю знаёмую выйшлі на Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Яго спецыялісты тут жа "зазірнулі" ў агульнарэспубліканскі банк звестак удзельнікаў ЦТ і высветлілі, што "прапажа" наведала пункт рэгістрацыі ў Акадэміі кіравання,
Інфармацыя аб выніках ЦТ арыенціровачна будзе прадстаўлена:

- па беларускай мове — 27 чэрвеня 

- рускай мове — 27 чэрвеня

- біялогіі — 28 чэрвеня

- матэматыцы — 29 чэрвеня

- грамадазнаўстве — 29 чэрвеня

- хіміі — 1 ліпеня

- сусветнай гісторыі навейшага часу — 1 ліпеня

- фізіцы — 2 ліпеня

- гісторыі Беларусі — 2 ліпеня

- замежных мовах — 3 ліпеня

- геаграфіі — 4 ліпеня

- вынікі дапушчаных да здачы ЦТ у рэзервовы дзень — 7 ліпеня.
зарэгістравалася там на адзін тэст-экзамен, затым яна наведала ўжо пункт рэгістрацыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе аформіла яшчэ два пропускі на ЦТ. Арганізатарам тэсціравання былі вядомыя не толькі дзень, але і час афармлення пропускаў. Але самай каштоўнай аказалася інфармацыя, якую абітурыент пакідае арганізатарам тэсціравання для зваротнай сувязі. На шчасце, дзяўчына ўжо паспела на той момант арандаваць пакой у Мінску, таму паведаміла рэгістратару свой мінскі тэлефон. А далей усё было, як у сацыяльнай рэкламе: "Даражэнькая, калі ласка, патэлефануйце сваім бацькам..."

Цікава ведаць

На верыфікацыі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў задзейнічаны пераважна дзяўчаты-студэнткі. У інстытуце пераканаліся, што дзяўчаты больш падыходзяць для манатоннай работы. Справа ў тым, што сучаснае праграмнае забеспячэнне не гарантуе стапрацэнтнай якасці пераводу рукапіснага тэксту ў электронны фармат. Таму на верыфікатараў ускладзена адказная задача — прасачыць за правільнасцю распазнавання сімвалаў на бланках. Скажам, камп'ютар можа прыняць лічбу "3" за лічбу "8", калі яна напісана неакуратна. А чалавек гэта бачыць і папярэджвае памылку, якая можа абітурыенту вельмі дорага каштаваць. Ці, напрыклад, камп'ютар можа няправільна прачытаць прозвішча абітурыента, таму і сертыфікат будзе выпісаны затым з памылкай у прозвішчы ці ў пашпартных звестках. Верыфікацыя праводзіцца тры-чатыры разы рознымі людзьмі, і фактычна адзін кантралюе другога. У спрэчнай сітуацыі папяровы бланк заўсёды можна зверыць з электроннай выявай. Да прэтэндэнтаў у верыфікатары прад'яўляюцца два асноўныя патрабаванні. Яны не могуць удзельнічаць сёлета ў цэнтралізаваным тэсціраванні і не павінны курыць. Работа па верыфікацыі патрабуе максімальнай канцэнтрацыі ўвагі, таму рабочая змена доўжыцца толькі чатыры гадзіны. З 9 гадзін раніцы да 21 гадзіны за камп'ютарнай тэхнікай змяняюцца тры змены.

Амаль кожны год здараюцца выпадкі, калі за аднаго чалавека спрабуе прайсці на экзамен іншы. Так, у 2010 годзе ў філіяле БДЭУ на тэсціраванні па англійскай мове арганізатары высветлілі, што за абітурыентку здае экзамен... студэнтка другога курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Цікава, што адна з дзяўчат была бландзінкай, а ў другой былі цёмныя валасы. На што яны спадзяваліся? Быў выпадак, калі ў адным з рэгіянальных пунктаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання арганізацыйная камісія выявіла і не дапусціла да ўдзелу ў тэсціраванні цэлую сям'ю: на экзамен спрабавалі прайсці маці, бацька (абодва настаўнікі гісторыі) і іх дачка-абітурыентка.

У іншым пункце правядзення ЦТ пільныя члены арганізацыйнай камісіі разгледзелі "жывую энцыклапедыю", ролю якой выконвала абітурыентка, якая ўсе гістарычныя даты занатавала на сваім целе. Яшчэ адзін малады чалавек спрабаваў выкарыстаць шпаргалкі, зробленыя ў выглядзе наклееных на лісты старонак з падручніка. Але сапраўднай загадкай стаў для арганізатараў ЦТ малады чалавек, які прыхапіў з сабой калькулятар на тэсціраванне... па біялогіі.

Выяўленне мабільнага тэлефона ў экзаменацыйнай аўдыторыі заўсёды азначае толькі адно — адхіленне ад далейшага ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні і выдаленне з аўдыторыі. Прычым не мае значэння: званіў тэлефон ці не, карыстаўся абітурыент сваім мабільнікам падчас экзамену ці проста трымаў яго ў сваёй кішэні. Былі выпадкі, калі мабільны тэлефон званіў ужо пасля таго, як абітурыент здаў сваю тэставую работу, але не паспеў выйсці з аўдыторыі. У некаторых мабільнікі звіняць літаральна падчас экзамену. Усё адно — тэставая работа анулюецца без права пераздачы тэсціравання ў рэзервовы дзень. Арганізатары ЦТ прызнаюцца, што не могуць знайсці тлумачэння ўпартасці некаторых маладых людзей, якія спрабуюць праігнараваць устаноўленыя правілы.

— Справа ў тым, што ў нашай сітуацыі званок сябру цалкам выключаны, бо прадыктаваць умовы задачы і дачакацца правільнага адказу ніхто не дасць. Цэнтралізаванае тэсціраванне — не тэлевізійная перадача і не латарэя. Хацелася б, каб усе гэта зразумелі, — падкрэслівае дырэктар Рэспубліканскага інстытута ведаў Мікалай Фяськоў. — Між іншым, і ў гэтым годзе толькі на тэсціраванні па матэматыцы дзесяць чалавек былі адхілены ад удзелу з-за мабільных тэлефонаў, а адзін — з-за калькулятара, які быў адначасова і ўстройствам для перадачы інфармацыі.

Сёлета ўжо ў першы дзень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання адбыўся таксама выпадак, які ўвогуле знаходзіцца за рамкамі разумення, хоць і раней здараліся прыкрыя выпадкі, калі на экзамен спрабавалі прайсці абітурыенты нападпітку. Падчас тэсціравання ў Горацкай сельгасакадэміі малады чалавек вырашыў адлучыцца... на перакур. Прычым ён пакінуў не толькі аўдыторыю, але выйшаў з будынка. (Паводле правілаў, абітурыент можа выйсці з экзаменацыйнай аўдыторыі толькі ў прыбіральню, прычым у суправаджэнні аднаго з арганізатараў.) Натуральна, што для гэтага абітурыента прыёмная кампанія скончылася яшчэ на самым старце.

Вельмі крыўдны выпадак здарыўся з хлопцам, вынікі работы якога былі ануляваны пасля шматразовых патрабаванняў здаць экзаменацыйную работу. У адпаведнасці з Палажэннем аб правядзенні ЦТ, адказныя арганізатары, якія прысутнічаюць у аўдыторыі, павінны інфармаваць за 15 і 5 хвілін аб заканчэнні часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста, што яны і зрабілі. Але і пасля заканчэння 120 хвілін, якія даюцца на выкананне тэста па беларускай і рускай мовах, хлопец спрабаваў дапісаць сваю работу, не звяртаючы ўвагі на патрабаванні арганізатараў. Гэта з'яўляецца грубым парушэннем правілаў удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, таму ануляванне вынікаў тэставай работы абітурыента стала цалкам заканамерным і справядлівым пакараннем.

Гадоў пяць-шэсць таму ў прыёмнай камісіі ВНУ была выяўлена падробка сертыфіката ЦТ — дакладней, у ім былі падпраўлены балы. Работнікі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў тут жа "прабілі" звесткі па сваёй базе і ўстанавілі, колькі балаў на самой справе набраў абітурыент. Для яго прыёмная кампанія на гэтым завяршылася. Між іншым, амаль кожны год, як толькі абітурыенты атрымліваюць на рукі свае сертыфікаты, з лёсавызначальнай паперай пачынаюць здарацца містычныя сітуацыі: то зальюць яе зялёнкай, то сертыфікат становіцца "ахвярай" сабакі, а некаторыя і ўвогуле ўмудраюцца яго згубіць.

Не здзіўляюцца ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў ужо даўно і памылкам, якія абітурыенты ўмудраюцца дапускаць пры напісанні ўласнага прозвішча ці імені. Слова "Надежда" пішуць як "Надежа", у імені па бацьку "Віктаравіч" ці імені "Дзяніс" дапускаюць ажно тры памылкі. Ёсць абітурыенты, якія ўвогуле забываюць з-за хвалявання запоўніць у бланку вобласць рэгістрацыі. Пэўная колькасць абітурыентаў здаюць абсалютна чысты бланк адказаў, прычым і на "чарнавіку" не назіраецца "слядоў" інтэлектуальнай работы. Арганізатары заўважылі таксама, што прыкладна 20 працэнтаў маладых людзей пакідаюць экзаменацыйныя аўдыторыі на працягу першых 30 хвілін. І якія могуць быць у іх балы?

Але сапраўднай нечаканасцю для работнікаў Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў сталі ў 2008 годзе тэставыя работы абітурыентаў з Магілёўскай вобласці. Як высветлілася, аўтары "сюрпрызу" карысталіся на ЦТ па беларускай мове гелевымі ручкамі з серабрыстым адценнем. Праблема ў тым, што сканар добра бачыць толькі тэкст, які напісаны чорным чарнілам, а чорнае чарніла з серабрыстым адценнем ён "прачытаць" проста не змог. У гэтай сітуацыі для верыфікацыі тэставых работ спатрэбілася больш часу, чым звычайна, паколькі размова ішла пра сотні чалавек.
 

←ЦТ по всемирной истории новейшего времени будут сдавать почти 2 тысячи абитуриентов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика