Галоўны архітэктар Мінска: "Я наогул забараніў бы будаваць у Мінску панэльныя дамы"

Источник материала:  
20.06.2012 10:30 — Новости Общества

Галоўны архітэктар Мінска: "Я наогул забараніў бы будаваць у Мінску панэльныя дамы"

           


Галоўны архітэктар Мінска: "Я наогул забараніў бы будаваць у Мінску панэльныя дамы"
Фото: photo.bymedia.net
Калі меркаваць па суадносінах насельніцтва горада і яго плошчы, беларуская сталіца займае сярэдняе становішча паміж сталіцамі азіяцкіх дзяржаў і еўрапейскіх (усе азіяцкія сталіцы забудаваны больш шчыльна, еўрапейскія — маюць менш шчыльную забудову).

Галоўны архітэктар сталіцы: "Мінск — вельмі зручны горад"

— Напрыклад, насельніцтва Варшавы амаль такое ж, як у нас, — 2 млн 200 тысяч чалавек. А плошча Варшавы ў 2 разы большая за плошчу Мінска, — тлумачыць старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва, галоўны архітэктар г. Мінска Аляксандр Пятроў. — Насельніцтва Вільнюса складае каля 800 тысяч чалавек, між тым як яго плошча таксама ў 2 разы большая, чым Мінска.

Нашы спецыялісты свядома не параўноўваюць Мінск з Масквой. Масква — шчыльна забудаваны горад, але ён займае вельмі вялікую тэрыторыю. Калі ўключыць у разлікі ўсе лесапаркі, то атрымаецца, што шчыльнасць там не такая ўжо і гранічная.

І ўсё ж, нягледзячы на высокую шчыльнасць забудовы, Аляксандр Пятроў лічыць Мінск вельмі зручным горадам. "Кампактнасць — гэта зручнасць, — упэўнены ён. — У нас няма аўтамабільных калапсаў, як у Маскве або Санкт-Пецярбургу, таму што адлегласці карацейшыя. З аднаго канца Мінска ў іншы тэарэтычна можна праехаць за 20 хвілін. Гэта вельмі зручна. У Вільнюсе, напрыклад, складаней перамяшчацца па горадзе, таму што адлегласці вялікія. У нас рацыянальная даступнасць: нават з самай далёкай кропкі можна дабрацца грамадскім транспартам да цэнтра горада за 40 хвілін. Да таго ж у нашым горадзе вельмі добрая планіровачная структура. Многія еўрапейцы, прыязджаючы сюды, кажуць, што ў Мінску вельмі лёгка арыентавацца. Гэта і для мясцовых жыхароў вельмі зручна. Акрамя ўсяго іншага, дзякуючы рацыянальнай планіроўцы ў нас няма вялікай цеснаты".

Аляксандр Пятроў запэўнівае, што паказчык шчыльнасці забудовы як характарыстыка камфорту не мае вялікага значэння. Але гэты паказчык важны для эканамічнасці забудовы, для ацэнкі транспартнай даступнасці аб'ектаў. Чым кампактней і бліжэй адзін да аднаго размешчаны розныя аб'екты, тым ніжэй патрэбнасць у транспарце. Чым карацей інжынерныя камунікацыі, тым меншы іх кошт і тым таннейшыя яны ў эксплуатацыі. Чым менш зямлі мы рыхтуем пад забудову, тым танней будаўніцтва. І тым больш застаецца зеляніны вакол. Праўда, гэта не азначае, што можна ўшчыльняць забудову традыцыйнай тыпалогіі.

Віды на будучыню: "Я наогул забараніў бы будаваць у Мінску панэльныя дамы"


Галоўны архітэктар сталіцы распавёў "Звяздзе" аб планах па забудове Мінска.

— Мы будзем спрабаваць зніжаць шчыльнасць забудовы сталічнай тэрыторыі, — сцвярджае Аляксандр Пятроў. — У Мінску зараз забудоўваецца раён Каменнай Горкі. Больш свабодных тэрыторый унутры горада няма. Наступным раёнам забудовы вызначаліся раён Навінак і — на поўдні — Шчомысліца (размешчана па Брэсцкай шашы за кальцавой дарогай). Мы рыхтаваліся да іх асваення, але з'явілася забарона на выкарыстанне сельскагаспадарчых угоддзяў пад забудову. У выніку працэс спыніўся, бо там знаходзіцца ралля.

Горад збіраўся таксама распаўсюджвацца і ў Слуцкім кірунку — у раён Сеніцы. Але Сеніца забудоўвалася настолькі хаатычна і бессістэмна, што навесці там зараз парадак досыць складана. "Таму мы пакуль туды не пойдзем", — заявіў наш суразмоўца.

— Адзінае, што мы сёння рэальна можам асвоіць, — гэта ваенны палігон, які быў уключаны ў тэрыторыю горада пад працоўнай назвай "Зялёны Бор", — сказаў Аляксандр Пятроў. — Гэтае месца ўжо аддадзена пад катэджы. Стаіць задача — не ствараць там шчыльныя шэрагі панэлек, а будаваць жыллё паніжанай шчыльнасці. Гораду трэба будзе ствараць там інфраструктуру.

Можа быць, у перспектыве будзе пабудаваны жылы раён на Захадзе, у раёне Дзегцяроўкі. Таксама ў перспектыве — распаўсюджванне гарадскіх тэрыторый на Новы Двор, Трасцянец. Як толькі будзе атрыманы дазвол на засваенне сельскагаспадарчых зямель, будзем там будаваць. У склад горада плануецца ўключыць і пасёлак Калодзішчы. Праўда, там таксама хаатычная забудова, няма ніякай інфраструктуры — грошы на яе таксама павінен будзе даць гарадскі бюджэт.

— Усё, больш зямель не будзе, — разводзіць рукамі Аляксандр Пятроў. — Усё астатняе будаўніцтва — толькі за кошт ушчыльнення гарадской забудовы. Я наогул забараніў бы будаваць у Мінску панэльныя дамы: іх ужо занадта шмат для сталіцы. Яны недарагія і больш за ўсё спрыяюць павелічэнню насельніцтва: людзі з правінцыі купляюць кватэры ў іх, у выніку чаго працягваецца прырост сталічных жыхароў.

Як альтэрнатыву ўшчыльненню гарадской забудовы старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва сталіцы назваў далейшае развіццё гарадоў-спадарожнікаў.

Мінчане — на "парозе здаровага жылля"

У сярэднім адзін мінчанін мае 19-19,5 кв. м жылой плошчы. Ёсць такое паняцце — "парог здаровага жылля", — тлумачыць галоўны архітэктар "Мінскграда" Аляксандр Акенцьеў. — Здаровае жыллё — гэта калі выконваюцца ўсе санітарныя нормы (па кубатуры паветра ў начны час, па тым, што неабходна чалавеку для ціхага адпачынку і г.д.) Аптымальная велічыня жылой плошчы складае 19 кв. м на чалавека. Дацягнулі мы нормы здаровага жылля ў Мінску дзесьці 5 гадоў таму дзякуючы вялікім аб'ёмам жыллёвага будаўніцтва. Але да гэтага часу мы будавалі, у асноўным, сацыяльнае жыллё, прычым з дзяржаўнай падтрымкай. Калі імкнуцца да еўрапейскіх стандартаў, там у сярэднім 30-35 кв. метраў і больш на чалавека. Нам, мінчанам, трэба дасягаць гэтага самастойна за кошт уласных зберажэнняў. Акрамя таго, чалавек павінен быць у стане ўтрымліваць гэтае камфортнае жыллё, аплачваючы ўсе камунальныя паслугі ў поўным аб'ёме.

"У нас экалагічныя нарматывы вельмі багатай дзяржавы"

Экалагічная абстаноўка ў Мінску сёння лепшая, чым у абласных цэнтрах, запэўнівае галоўны архітэктар сталіцы Аляксандр Пятроў. Хоць у горадзе ёсць пару кропак, якія даюць дастаткова вялікія забруджванні, — гэта ўсім вядомыя радыятарны завод і ліцейны цэх трактарнага завода.

Галоўны архітэктар Мінска: "Я наогул забараніў бы будаваць у Мінску панэльныя дамы"

Што тычыцца зялёных насаджэнняў, то нарматывы па іх нават перавыкананы. "Мы, калі ў 2010 годзе рабілі карэктуру генеральнага плана развіцця Мінска, спецыяльна правяралі гэтыя паказчыкі, — кажа Аляксандр Пятроў. — Праўда, у горадзе ёсць перакосы. Самай абдзеленай часткай сталіцы з пункту гледжання азелянення сёння з'яўляецца Захад. Там зялёных тэрыторый вельмі мала. Што тычыцца Уручча і Зялёнага Луга, то гэта самыя зялёныя месцы ў горадзе. Яны больш чым забяспечаны зелянінай, тым больш што акружаны натуральнымі зялёнымі масівамі".

— Дарэчы, магчыма, у нас не зусім правільныя экалагічныя нарматывы, — удакладняе Аляксандр Мікалаевіч. — Але гэта мой суб'ектыўны пункт гледжання. У нас нарматывы вельмі багатай дзяржавы. Жыць у вялікім горадзе — не тое ж самае, што на прыродзе. Утрымліваць зялёныя насаджэнні дорага. Для эканомікі гэта цяжка. У нашых мікрараёнах шмат пустак, таму што мы іх праектавалі як зялёныя насаджэнні, а ўтрымоўваць іх няма каму. ЖЭСы не ў стане справіцца з гэтай нагрузкай, а жыхары перад пад'ездамі яшчэ могуць разбіць клумбы, але, калі адысці крыху ўбок — там усё запушчана.

У Мінску з'явяцца мікрараёны-кварталы

Галоўны архітэктар "Мінскграда" Аляксандр Акенцьеў распавёў "Звяздзе", што ў адпаведнасці са стратэгіяй развіцця беларускай сталіцы, устаноўленай генпланам, Мінску трэба пераходзіць ад мікрараённай структуры будаўніцтва жылых раёнаў да квартальнай.

Сёння сэнс "спальных" мікрараёнаў заключаецца ў забеспячэнні пражывання людзей шляхам будаўніцтва жылых дамоў і паўсядзённых аб'ектаў абслугоўвання (дзіцячыя садкі, школы, крамы і т. п.). Але на працу гараджане ў большасці сваёй павінны ехаць у іншыя месцы. Сёння, напрыклад, відавочная праблема Каменнай Горкі, дзе пражываюць дзясяткі тысяч людзей, вымушаных штодня дабірацца на працу ў іншыя раёны горада.

Сёння дзякуючы з'яўленню аб'ектаў прамысловасці новага пакалення, якія аказваюцца экалагічна бяспечнымі, не патрабуюць значных грузавых перавозак і вялікіх санітарна-ахоўных зон, можна будзе ствараць комплексныя раёны, дзе, акрамя жылля і аб'ектаў абслугоўвання, з'явяцца таксама працоўныя месцы. Мэта тут простая — скараціць штодзённую "міграцыю" людзей ад жылля да працы і за кошт гэтага дасягнуць большага камфорту.

Вядома, многія людзі будуць працаваць на абраных імі прадпрыемствах у іншых раёнах горада. Аднак частка насельніцтва скарыстаецца новымі магчымасцямі. Гэта, у першую чаргу, жанчыны, якія па сямейных абставінах не могуць адлучацца на працу далёка ад дома; людзі, якія ў сілу розных акалічнасцяў (хворыя бацькі, стан уласнага здароўя) павінны мінімізаваць час на перамяшчэнне да месца працы.

Акрамя ўсяго іншага, пераход да квартальнай структуры планіроўкі і забудовы жылых раёнаў — гэта адзіны шлях вырашэння праблем, звязаных з павелічэннем аўтамабілізацыі насельніцтва.

←В Минске задержан распространитель курительных смесей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика