Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
Зборная Беларусі прабілася на чэмпіянат свету па гандболе ўпершыню за 17 гадоў
Гэты "валідольны" дзень мы набліжалі як маглі. Айчынныя прыхільнікі ручнога мяча здавён шчыра марылі ўбачыць нашых хлопцаў на галоўным форуме планеты. І вось, верылі, спадзяваліся і дачакаліся. Пры відавочным трэнерскім геніі Юрыя Шаўцова і моцнай характарам камандзе. Аднак пачатак драматычнай мінскай сустрэчы не абяцаў беларусам выніковага поспеху...
Тыдзень таму ў Кошыцэ наша зборная перамагла славакаў з розніцай у два мячы. Удалы вынік. Але ўжо на пачатку матча на "Мінск-Арэне" перавага ў гасцях цалкам знікла. Балельшчыкі з барабанамі, дудкамі, хлапушкамі, стандартнымі шалікамі аддана падтрымлівалі зборную, але мячы траплялі не ў тыя вароты: каманда саступала ў 6 галоў! У іх вачах чыталася разгубленасць, але ў душы жыла надзея. На шчасце, хлопцы не разгубіліся і бліжэй да першай паловы амаль выраўнялі лік. А напрыканцы наогул не дазволілі падапечным Петэра Давіда прад'явіць свае прэтэнзіі на агульную перамогу. У выніку Даніэл Вала і Ка хоць перамагалі (25:24), засталіся без "свету". Славакам толькі і заставалася сумна пазіраць на ўсеагульную бурную радасць стадыёна, залаты феерверк і радасць Сяргея Рутэнкі, які індывідуальнымі вынікамі надламаў суперніка. Мяркуйце самі: на рахунку нашага легіянера "Барселоны" 8 трапных кідкоў, добрая гульня ў подыгрышы і фенаменальная зараджанасць на барацьбу.
— Хочацца павіншаваць беларусаў з перамогай. Мы вельмі добра падрыхтаваліся да гульні, — ужо пасля паядынку адзначаў Петэр Давід, трэнер зборнай Славакіі. — Вывучылі і выканалі тактычныя моманты і вялі ў матчы з лікам 9:3. А пасля пачалі памыляцца, гуляць наіўна. Пры гэтым добра дзейнічаў беларускі варатар, а ў другой палове гульня ішла "мяч у мяч" — добра згуляў Рутэнка.Той самы варатар — Казімір Катлінскі, вартавы польскай "Варміі" з Ольштына. Пад прымусам атак апанентаў ён не зламаўся, за мяч "зачапіўся", правёў даволі добры, упэўнены паядынак. А пасля гульні павіншаваў партнёраў і сціпла сеў на камандную лаўку.
— Пачалі дрэнна ў атацы. У другім тайме было лепш, — рэзюмуе вынік стомлены варатар. — Мы вытрымалі напругу. Славакі ўвесь час хацелі пераламаць нас, а мы трымаліся. Гэта і быў ключ да перамогі ў двух матчах. Самае галоўнае, што мы прайшлі далей, а людзі прыйшлі, падтрымалі нас. Яны вераць у беларускі гандбол, які мы павінны ўздымаць на высокі ўзровень.
Пасля гульні Юрый Шаўцоў, трэнер беларускай зборнай, знешне выглядаў супакоена, але, упэўнены, радасць бушавала ў ім унутры. На Захадзе ён вядомы, як цудоўны клубны трэнер. А цяпер у Юрыя Анатольевіча новы віток кар'еры — выхад з роднай зборнай на чэмпінят свету, які ў наступным годзе прыме Іспанія.
— Тое, што сёння зрабіла мая каманда, — свята для беларускага гандбола, — кажа пасля гульні Шаўцоў. — І першым трэба павіншаваць беларускіх балельшчыкаў: за іх цярпенне, за тое, што верылі ў каманду, за падтрымку. Размаўляць пра памылкі мне зусім не хочацца. Казаць хацелася б пра тое, як зборная змагалася, — гэта бачылі ўсе. Жаданне трапіць на чэмпіянат свету, жаданне змагацца за нашага балельшчыка, за тых людзей, якія захацелі ўзняць узровень развіцця гандбола ў краіне, было відаць ад першай і да апошняй хвіліны. Нават тады, калі ў нас не атрымлівася, мы не зламаліся.
Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара і Уладзіміра ЗДАНОВІЧА.