Прывіды не прыйшлі?..
Заканчэнне. Пачатак у нумары за 14 чэрвеня г. г.
— Мой муж працаваў прарабам менавіта ў той час, калі распачыналі рамонт у кляштары, — кажа Вольга Валянцінаўна. — Памятаю, гаварыў, як знайшлі ў падзямеллі косці. Не ведаю, дзе тыя косці дзеліся, але не пахавалі іх як патрэбна. Праўда і тое, што ўсе трое — двое будаўнікоў і памочнік прараба, якія іх знайшлі — хутка пакінулі гэты свет, і года не прайшло. А пра здані ў манастыры людзі расказвалі.
Гальшанец Ігар Касцючэнка ведае пра сваё мястэчка ўсё. Кожную новую легенду занатоўвае, калі трэба, можа экскурсію правесці па месцах, дзе жывуць прывіды. Як толькі з’яўляецца новае сведчанне таго, што здань зноў гуляла па мястэчку, абавязкова сустракаецца з відавочцамі. Ён упэўнены: гальшанскія прывіды — не прыдумкі, яны існуюць на самай справе.
— Калі ў кляштары адкрылі філіял музея, — гаворыць Ганна Ласёнак, — я там дваццаць гадоў адпрацавала вартаўніком. Спачатку нічога было, не страшна. Але аднойчы апоўначы, калі я сядзела за сталом у галерэі і чытала кнігу, раптам адчула, як за плячыма спачатку нібы воблака нейкае згусцілася, а потым сталі ісці людзі, шмат людзей — і дарослыя, і дзеці. Мужчыны з бародамі, у шэрай вопратцы, быццам з іншага стагоддзя. Людзі выходзілі з адной сцяны і ішлі праз другую, і дзвярэй там не было. Сядзела, быццам прыціснутая, хацела падняцца і не магла. Потым адчула, што хтосьці ззаду паклаў мне руку на плячо і штурхае. Паднялася, стала ісці, а галава цяжкая, быццам у тумане. А людзі — быццам празрыстыя — у адным акне, у другім. Падышла да выхаду і нікога не ўбачыла, дзверы зачыненыя знутры.
Таццяна Лаўрыновіч вырасла ў завулку, які зараз завецца Кляштарным. Вокны бацькоўскага дома якраз выходзяць на пакой прывідаў.
— Сама я зданяў ніколі не бачыла, а вось з сынам аднойчы такая гісторыя адбылася. Забавіўся недзе з хлопцамі, час да поўначы блізіўся. Я ўжо хвалявацца пачала, а яго няма ды няма. Потым вярнуўся, спалатнелы ўвесь. Ехаў з горкі на веласіпедзе і раптам бачыць: ля пакоя прывідаў стаіць, не датыкаючыся да зямлі, маладая жанчына і рукой да сябе кліча. Сама быццам празрыстая ўся. Адзенне, расказваў, быццам вясельны ўбор. Зараз сыну 27 гадоў, а тады чатырнаццаць было. Цяпер, калі пытаюся, можа, здалося, адказвае, што так і было на самай справе.
Некалькі часу таму ў Гальшанах працавала экспедыцыя гомельскай арганізацыі «Парамір», якая займалася даследаваннем гальшанскіх прывідаў. Як дзяліўся адзін з членаў экспедыцыі, у кляштары, і келлях, і калідорах пастаянна спрацоўвалі датчыкі прыбораў, якія сведчылі аб руху буйных аб’ектаў і ўсплесках энергіі, засвечвалася плёнка з цікавымі кадрамі. Усе ўдзельнікі экспедыцыі, якія начавалі ў кляштары, бачылі цені і абрысы, вогненные плямы, чулі гукі хадзьбы, шоргат адзення, стогны, стукі ў акно.
Ноч сярод муроў
Вечар апускаўся на Гальшаны спакваля, паціху. Пакуль яшчэ не цёмна, я абышоў будынак кляштара з усіх бакоў, праверыў замкі на дзвярах, праз акно зазірнуў у вежу, дзе бачылі прывід Белай Панны. Пуста і ціха, уражвала толькі таўшчыня сцен і паўкруглы купал столі. Музей у ім зачынілі ўсё па той жа прычыне: калі распачыналі рамонт, па сцяне, як і чатырыста гадоў, пайшла трэшчына, яна шырылася, і з’явіліся апасенні, што сцяна рухне. Але яна стаіць.
Накіраваўшы фотааб’ектыў на сцены, за якімі прыхаваўся пакой прывідаў, чакаю. Гляджу на гадзіннік, але яго стрэлкі чамусьці спыніліся. Бяруся за мабільны тэлефон — яго экран не свеціцца. Адключыўся. Тое ж самае сталася і з другім мабільным іншага сотавага аператара. Гэта тым больш дзіўна, што акумулятары толькі што зараджаныя.
Час ішоў, а сцены кляштара заставаліся цёмнымі, ніякага руху пад імі я не бачыў. Не чуў і гукаў. Цёмна. На небе ні зорачкі, ні месяца.
Яшчэ праз колькі часу заводжу машыну і кіруюся яшчэ па адным адрасе, дзе павінен жыць прывід.
Гэта месца непадалёку ад кляштара — стары вадзяны млын. Па аповедах гальшанцаў, яму гадоў пад дзвесце. Зроблены з дрэва, ён быццам мумія — не разбураецца, не гніе. Менавіта тут, расказваюць, па начах чуваць скрып млынавага кола, галасы і гамана.
У цемры сам млын здаецца жудасным прывідам. Падбіраюся бліжэй і раптам спыняюся, як укапаны. Прымроілася? Не, усё ясней і ясней чую, як рыпяць колы вазка, усхрапвае конь, як перагаворваюцца паміж сабой ездакі.
Ці то астатняе мне прымроілася, але пасля таго, як паўз млын праехаў вазок, наваколле агарнула цішыня.
Наступны мой пункт — разбураныя муры Гальшанскага замка, дзе жывуць Чорны манах і яго спадарожніца. Да замка іду пехатою.
У цемры выкладзеныя з чырвонай цэглы парэшткі замкавых муроў выглядаюць чорнымі.
Зараз цяжка зразумець, у якім стылі пабудаваны замак. Але гісторыя сведчыць, што гэта быў адзін з самых раскошных замкаў свайго часу — багатая рэзідэнцыя магнатаў з мноствам залаў, шырокімі лесвіцамі, вялікімі вокнамі. І з падземнымі хадамі, па якіх быццам можна было дайсці да Вільні або да кляштара ў цэнтры Гальшан.
Зараз руіны палохаюць маўчаннем. З дзясятак хвілін чакаю, углядаючыся ў муры праз аб’ектыў сваёй камеры. Ціха і пуста.
Уключаю ліхтарык і рушу да муроў. Дзесьці ў супрацьлеглым баку замка нешта моцна грукнула: нібы хтосьці гэтак, як я, вандруючы па руінах, нечакана зрушыў цагліну. Так і ёсць, гэта ўпала цэгла. З вёскі чуецца крык пеўня, і мой ліхтарык нечакана патух. Толькі цяпер я заўважаю, што на ўсходзе праразаецца светлая палоска — пачынае днець.
Шпарка кіруюся да вёскі, на ускрайку якой прыпаркаваны мой аўтамабіль. Па інерцыі гляджу на гадзіннік. І дзіўна — ён паказвае правільны час. І мабільныя тэлефоны ўключыліся самі па сабе.
Не пашанцавала — прывідаў не сустрэў. Але ж гэта не значыць, што іх няма. Проста, напэўна, я выбраў не тую ноч.
Да сустрэчы, Гальшаны!
Мікалай ВАЛЫНЕЦ, «БН»
Фота аўтара