Жанчына ў белым на фоне сельскага пейзажу
Зінаіда Кавалёва з аграгарадка Еўдакімавічы Шклоўскага раёна лічыць, што вышыванне крыжыкам вельмі карысным і сучасным хобі.
— У старадаўнія часіны ўсе жанчыны вышывалі, і цяпер вышыванне нездарма адраджаецца паўсюды, — гаворыць майстрыца. — Гэта не вельмі проста, бо патрабуе ўвагі і цярплівасці, але навучыцеся і вы, калі ёсць жаданне.
У пакоі, па-вясковаму традыцыйным — са шпалерамі ў кветкі, з "горкамі" падушак на ложках і карункавымі накідкамі на іх, майстрыца паказвае свае работы, аформленыя, як сапраўдныя карціны, — у рамках. Сімпатычны анёл з птушкай, пастушка ў народным строі, вытанчаная жанчына ў белым з касачамі, казачныя лебедзі на сажалцы. А вось ружы — гэта якраз кавалак старой вышыванкі, які застаўся Кавалёвай у спадчыну.
— Мне заўсёды падабаліся такія рэчы: з дзяцінства ўсе памятаюць, як вышыванымі карцінамі ўпрыгожвалі хаты нашы маці і бабулі, — расказвае жанчына. — Вось і я гэтак раблю, працягваю традыцыі.
У іншым хатнім пакоі — цэлы вышываны іканастас. Тры праваслаўныя абразы, зробленыя рукамі гаспадыні, захоўваюць спакой і мір у доме і сям'і.
У 53-гадовай Зінаіды Мікалаеўны — звычайная сельская біяграфія, якая ўключае шчаслівы шлюб, трывалую сям'ю і дастатак на падворку. Яна шмат гадоў працуе памочніцай выхавальніцы ў мясцовым дзіцячым садку, мае вялікую падсобную гаспадарку — карова, свінні, куры, каты-сабакі... Муж усё жыццё працуе механізатарам, тры дарослыя сыны таксама не адрываюцца ад зямлі. І пасярод усяго гэтага мужчынскага царства — яна, сціплая гаспадыня, якая ў вольны час бярэ ў рукі пяльцы і вышывае.
— Калі шчыра, то мне з гэтым жыць весялей, — прызнаецца жанчына, якая прызвычаілася да новага занятку некалькі гадоў таму, а сёння ўжо можа даваць майстар-класы навічкам.
Найбольш "вышываецца" ўзімку, калі цёмнымі доўгімі вечарамі сядзіць перад уключаным тэлевізарам, дзе нешта звыклае балбочуць героі мыльных опер. Але і цяпер, калі трэба разбірацца з жывёлай і корпацца на агародзе дацямна, Зінаіда Мікалаеўна хаця б некалькі дзясяткаў хвілін павінна павышываць.
— Вой, калі можна было б, дык сядзела б з пяльцамі цэлы дзень, — усміхаецца яна. — Вышыванне ставіць нервы на месца, забываешся на ўсе праблемы.
Пра такія лекавыя ўласцівасці вышывання крыжыкам ужо ведаюць не толькі вясковыя пенсіянеркі, але і жыхаркі вялікіх гарадоў. Бізнэс-лэдзі пасля працяглага і нервовага працоўнага дня мяняюць аўтамабілі і камп'ютары на вышыванне і маюць ад гэтага двайную карысць: дораць калегам і сваякам выдатныя карціны для ўпрыгожвання інтэр'ераў і эфектыўна змагаюцца са стрэсамі. Таму і становіцца ўсё больш модным звычайнае вышыванне крыжыкам.
Ілона Іванова.
Фота аўтара.
Шклоўскі раён